Традиционную дюжину вопросов от «РВ» задала бывшему председателю совхоза «Докшицкий» Александру Варгану Татьяна Барздыко

img_20200902_085023

Чалавек зямлі, чалавек працы – Аляксандр Варган.

Самы вялікі скарб вёскі – гэта людзі. Гэтага чалавека добра ведаюць і памятаюць у раёне, а жыхары аграгарадка Барсукі да сённяшняга паважаюць за дзелавітасць і добразычлівасць, сумленнасць і жыццярадаснасць, вучацца ў яго мудрасці і гаспадарлівасці. Тузін пытанняў – былому галоўнаму аграному калгаса імя Заслонава, намесніку старшыні калгаса ‘‘Камсамолец’’, дырэктару саўгаса ‘‘Докшыцкі’’ Аляксандру Варгану.

1. Аляксандр Ігнатавіч, ці можаце назваць падзею, якая вызначыла Ваш далейшы лёс?
– Усё вельмі проста. Нарадзіўся ў вёсцы Варганы. З маленства бачыў жыццё баць­коў, аднавяскоўцаў. Ужо з шостага класа мы, вясковыя хлапчукі, бегалі на розныя сельскагаспадарчыя работы. Я вельмі любіў жніво, самую гарачую пару. Незабыўная карціна, калі адначасова на палеткі ішлі аж чатыры звяны камбайнаў, а гэта дваццаць машын! Тыя шчасце і радасць не забываюцца. Таму пасля заканчэння Парплішчанскай сярэдняй школы не было сумненняў, куды паступаць: Лужаснянскі сельгастэхнікум на агранома. Гэта было ў далёкім 1970 годзе. Потым служыў у арміі. Пазней закончыў Вялікалукскую сельскагаспадарчую акадэмію. Пачынаў брыга­дзірам і прайшоў усе прыступкі службовай лесвіцы. Некаторы час быў нават начальнікам аддзела забеспячэння ПМК-52.

 2. Работа для Вас – кар’ера ці справа?
– Вядома, справа. Работа – гэта не кар’ера. Гэта твая прафесія, кваліфікацыя. Мой працоўны стаж у сельскай гаспадарцы 42 гады, займаў розныя пасады і на ўсіх думаў, у першую чаргу, пра справу, якую даверылі, і пра людзей, за якіх нясеш адказнасць, а ўсё астатняе…Гэта ўжо як само складзецца.

3. У якой яшчэ прафесіі маглі б сябе рэалізаваць?
– Адчуваў у сабе здольнасці да многага, таму ўяўляю сябе і механікам, і будаўніком, і музыкантам, і ваенным.

 4. Што перанялі ад сваіх бацькоў, дзядоў?
– Любоў да працы, да зямлі. Старан­насць і ­акуратнасць, каб не было сорамна за справу, якую ты выканаў.

 5. Прадоўжыце выказванне: мая сям’я – гэта …
– мая крэпасць. У першую чаргу – мая жонка, з якой мы крочым разам па жыцці з 1978 года. Яна мой дарадца і сябар. Мае дзеці Саша і Таня, якія жывуць у Віцебску, і, канечне, любімыя і дарагія ўнукі. Самы старэйшы Дзіма – будучы афіцэр, увасобіў у жыццё дзедаву мару, а яшчэ Ягорка з Аляксандрай і, як ужо казаў, Захар і Валерыя, усяго іх пяцёра, маіх сонейкаў.

 6. Які сэнс укладваеце ў паняцці Радзіма, патрыятызм?
– Адкажу словамі паэта Івана Калесніка:
Тут шляху пачатак
І сілы крыніца.
Бацькоўская хата,
Радзімы зямліца…
У мяне, як у той прыказцы: “ Дзе нарадзіўся, там і прыга­дзіўся”. Менавіта на сваёй малой радзіме я навучыўся любіць родную зямлю, паважаць людзей і адначасова вучыцца ў іх. Тут стаў чалавекам, спраўдзіў надзеі сваіх бацькоў.

 7. Ці згодны з меркаваннем, што чалавек без сяброў нібы печ без дроў?
– Згодзен. Куды б жыццё не кідала мяне – усюды знаходзіў новых сяброў, і старых ніколі не забываю.

 8. Які ён, свет Вашых захапленняў?
– Багаты. Люблю корпацца з тэхнікай, асабліва перарабляць яе, прыдумляць новыя прыстасаванні. Заўсёды сябраваў са спортам. Доўгі час займаўся лыжамі, лёгкай атлетыкай, шахматамі. Зараз гуляем з унукам Ягорам. Ёсць поспехі. Мяне гэта радуе. Некалі хадзіў на паляванне, хаця апошнім часам больш захапляюся рыбалкай. Люблю пасеку, пчол-працаўнікоў. Душой адпачываю ў садзе, налюбавацца не магу яго прыгажосцю. Асаблівае задавальненне адчуваю ад падарожжаў. Пабываў у Германіі, ва Украіне, Бішкеку, Казахстане, Ташкенце, Прыбалтыцы. Не кладуся спаць, калі што-небудзь не пачытаю. Дарэчы, раённую газету выпісваю ўжо больш за сорак гадоў. А яшчэ адна мая слабасць – музыка. Сам някепска іграю на баяне і вельмі рады, што гэты ж інструмент выбраў унук Захар, а ўнучка Валерыя іграе на гітары.

 9. Ці бачыце герояў у рэальным жыцці?
– Вядома, і ўсе яны адыгралі вялікую ролю ў маім жыцці. Калі вучыўся ў школе, вялікім аўтарытэтам быў дырэктар Міканор Андрэевіч Сясіцкі, які прывіў любоў да вучобы і спорту. Працаваць з людзьмі вучыўся ў дырэктара племзавода “Порплішча” Мікалая Міхайлавіча Чарнова. Сямнаццаць гадоў адпрацаваў у калгасе “Камсамолец”, кіраўніком якога быў заслужаны работнік сельскай гаспадаркі, ардэнаносец Фёдар Іванавіч Маскалёнак. Гэта чалавек, які бачыў перспектыву, не баяўся ўкараняць у сельскагаспадарчую вытворчасць усё новае і перадавое. З захапленнем успамінаю такога кіраўніка з вялікай літары, як Канстанцін Канстанцінавіч Раслевіч. Гэта быў, а нядаўна з задавальненнем даведаўся, што і ёсць, прыклад вялікай адказнасці, разумнага падыходу да справы, а яшчэ чалавечнасці і сяброўства. Ён у бядзе лю­дзей не кідаў.

 10. Якімі якасцямі, на Ваш погляд, павінна валодаць жанчына? Што ў ёй катэгарычна не прымаеце?
– Найбольш цаню спагадлівасць, розум, прыга­жосць, акуратнасць, пачуццё гумару. Не прымаю неахайнасці, гультайства, абыякавасці ў падыходзе да справы.

 11. Ці можа быць шчаслівым чалавек, які не зведаў кахання?
– Ні ў якім разе. Каханне для чалавека вельмі важна. Без гэтага пачуцця не можа быць шчаслівай сям’і. Каханне надзяляе чалавека ўзнёсласцю, акрыленасцю. Калі кахаеш, то хочацца горы звярнуць, з радасцю вяртацца дадому, любавацца сваімі дзецьмі, унукамі. Хочацца прымаць гасцей.

 12. Любімы колер, страва, літаратурны твор, музыка, від спорту, пара года.
– чырвоны;
– простыя беларускія стравы. Смачна рыхтавала іх мая мама, а зараз рыхтуе жонка;
– творы дакументальныя пра вядомых людзей;
– любая добрая класічная і эстрадная музыка. Любімая песня ”Я люблю тебя, жизнь”, уражвае марш “Прощание славянки”;
– валейбол;
– усе. Зіму – у снегапады, вясну – у квецені, лета – за спеў птушак, за руплівую працу пчол, а восень – за багаты ўраджай.

Таццяна Барздыка.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *