Чисто там, где не мусорят: поразмышляем?
Гарадская лесапаркавая зона адпачынку, якая размешчана ва ўрочышчы Чыстаполле, з’яўляецца адным з самых прыгожых куточкаў у наваколлі райцэнтра. Прайсціся па сцяжынцы, падыхаць паветрам, напоўненым пахам хвойнага лесу, многія адпраўляюцца менавіта ў згаданае месца. Часта, нават зімой, там прагульваюцца маладыя мамы са сваімі немаўляткамі ў вазочках. Малым, сцвярджаюць дарослыя, выдатна спіцца падчас такіх прагулак.
На жаль, сярод адпачывальнікаў ёсць і тыя, хто зусім не цэніць хараство прыроды, маецца на ўвазе, што выкінуць смецце ў лесе для іх – гэта нармальная з’ява. Падчас адной з такіх прагулак асабіста давялося ў тым пераканацца. На кожным кроку трапляліся ўпакоўкі ад чыпсаў, марозіва, іншых прысмакаў, пабітае шкло, а таксама бутэлькі, у асноўным ад спіртных напояў. Пры ўваходзе ў саму зону адпачынку, акурат пад шыльдай, хтосьці пакінуў іх паўнюткі пакет. Хаця праз дарогу, непадалёк ад трохпавярховіка, стаяць еўракантэйнеры, якраз для раздзельнага збору другаснай сыравіны.
– Смецце ў лесапаркавай зоне, якая знаходзіцца на балансе Докшыцкага лясніцтва, – наша даўняя праблема, – гаворыць галоўны ляснічы Бягомльскага лясгаса Павел Аўласевіч. – Леснікі кожны месяц чысцяць лес ад вялікай колькасці адкідаў. Штогод праводзіцца акцыя “Чысты лес”, у час якой школьнікі таксама дапамагаюць збіраць смецце. У тых месцах, дзе яно было выкінута, мы нават спрабавалі ставіць фотапасткі, аднак пакуль што не ўдалося “злавіць за руку” парушальнікаў. Сёлета нашы работнікі выявілі, што невядомыя асобы самавольна змайстравалі лаўкі і столікі там, дзе праходзіць раённая лыжня. Напэўна, для ўласнага адпачынку. Пасля баўлення часу пакінулі там пасля сябе смецце. Нам жа прыйшлося ўсё гэта прыбіраць, а таксама дэманціраваць незаконныя збудаванні.
У мінулым годзе ва ўрочышчы Чыстаполле праходзілі “Чыстыя гульні”, арганізатарам якіх стала моладзь і прафсаюз. Тады работнікі хлебазавода, райста, ПМК-52, бібліятэкі, а таксама школьнікі назбіралі ў лесе дзясяткі кілаграмаў смецця. Вельмі радуе, што знахозіцца шмат актывістаў, якія спяшаюцца ачысціць нашу прыроду ад хламу. А вось за тых, хто ідзе ў лес альбо ў парк, каб нашкодзіць ёй, наадварот, крыўдна. Давайце не будзем забывацца, што наша планета – наш агульны дом, і за парадак у ім адказваем усе мы.
Таццяна ПАДБЯРЭЗКАЯ.
Фота аўтара.