Лучшие пионеры Докшиччины награждались на празднике в честь 30-летия пионерской организации
Беларуская рэспубліканская піянерская арганізацыя адзначыла сваё 30-годдзе. Піянеры нашага раёна з гэтай нагоды правялі свята на беразе гарадскога возера.
Кожная піянерская дружына з усіх школ раёна арганізавала свой гульнявы куток. У танцавальным флэшмобе запрашалі паўдзельнічаць піянеры СШ №2. Побач з імі і іх лідар – Ірына Дзяхканава, якая разам з дзяўчынкамі і хлопчыкамі заўзята скакала пад сучасныя моладзевыя хіты. Сітцаўскія вучні гулялі ў “салодкія” шахматы: замест звычайных фігур яны ўзялі маленькія слоікі, у якія паклалі цукеркі. Хто выйграваў, той забіраў ласунак. Тут жа барсукоўскія піянеры дэманстравалі пластыку і спартыўныя здольнасці ў твістары. Шматлюдна было і на тэматычнай пляцоўцы выратавальнікаў. За ўдзел у розных цікавых выпрабаваннях тут можна было атрымаць спецыяльны сертыфікат ад МНС, які сведчыў, што яго ўладальнік гатовы да навучальнага года.
Са святам піянераў і іх важатых павіншавала начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама Аксана Гушчык і пажадала ўсім бадзёрасці, весялосці і мэтанакіраванасці.
– Сучасная піянерыя – гэта суполка самых крэатыўных, добрых і яркіх дзяўчынак і хлопчыкаў, а таксама творчых і працавітых педагогаў, – сказала ўдзельнікам мерапрыемства старшыня раённага Савета ГА “БРПА” Алена Харытонава. – А яшчэ гэта добрыя традыцыі, цімураўскі рух, патрыятызм, вясёлыя гульні, шматлікія творчыя конкурсы. Сёння мы якраз падвядзём вынікі некаторых з іх і ўзнагародзім пераможцаў. А дапаможа нам у гэтым сімвал арганізацыі – Вогнік.
На свяце ў гэтага ляснога звярка пераўвасобілася Насця Навумчык. Яна і дапамагала падчас узнагароджвання лепшых піянераў, акцябрат і педагогаў. Апрача гэтага, забаўляла ўсіх рознымі конкурсамі і гульнямі.
Па выніках раённага этапу інтэлектуальна-творчай гульні “Пароль – “Акцябронак: хочам усё ведаць” дыпломам за першае месца ўзнагароджана каманда “Вясёлка” СШ № 2. На другім – акцябраты з СШ № 1 і Парплішчанскай СШ, на трэцім – каманды Тумілавіцкай ДС-БШ і Крулеўшчынскай СШ.
Пераможцам рэспубліканскай акцыі “Зробім свет чысцейшым!” стала піянерская дружына Параф’янаўскай СШ. Былі адзначаны і самыя актыўныя лідары БРПА: Рыта Норавіч, Валерыя Шупенька, Ульяна Палячонак, Люба Савулава, Аляксей Камзакоў, Віялета Сіўцэвіч, Насця Галінская, Паліна Мажэй, Яфім Каляда, Юля Дарануца, Ліана Юрэвіч. Лепшымі дружынамі года сёлета прызнаныя калектывы СШ № 2, Парплішчанскай СШ і СШ № 1.
На свяце былі падведзены вынікі дыстанцыйнага агляду-конкурсу дзіцячай творчасці “Зорачкі малой радзімы”, пераможцаў якога ўзнагародзіла начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Вольга Сушко.
Добры настрой удзельнікаў свята падтрымлівалі юныя артысты раённага Цэнтра дзяцей і моладзі, а таксама пераможцы агляду-конкурсу “Зорачкі малой радзімы”.
Яўгенія МАЛЕВІЧ.
Фота аўтара.