В Крипульской библиотеке Докшицкого района знают, чем привлечь читателей
Прафесія бібліятэкара – адна з самых старажытных у свеце. На гэту пасаду заўсёды прызначаліся выбітныя асобы свайго часу, бо бібліятэкарам мог быць чалавек адукаваны, “знаёмы з усёй мудрасцю чалавецтва”. А яшчэ, канечне, творчы і добразычлівы.
Усё гэта ўласціва Алене Бабровіч – бібліятэкару Крыпульскай сельскай бібліятэкі, якая працуе на гэтай пасадзе толькі год, але, як гаворыць сама, быццам усё жыццё.
Дваццаць гадоў таму з адзнакай скончыла Віцебскае дзяржаўнае мастацкае вучылішча па спецыяльнасці рэжысёр народных святаў, – гаворыць Алена Віктараўна. – Пачынала працаваць пад кіраўніцтвам Міхаіла Ігнацкага ў Бярозаўскім клубе. Я родам з гэтай вёскі. Дзесяць гадоў разам з Міхаілам Пятровічам рабілі жыццё нашай вёскі весялейшым, выязджалі з канцэртамі ў іншыя клубы. Так здарылася, што прыйшлося змяніць прафесію, і каля дзесяці гадоў працавала ў Бярозаўскім дзіцячым садку. Але і там з задавальненнем спрабавала развіваць творчы пачатак малечы. Атрымліваецца, што я ўсё ж такі культработнік. Таму, калі спатрэбіўся бібліятэкар у Крыпулі, без ваганняў пайшла.
Заступіўшы на новую пасаду, Алена Віктараўна адразу ўключылася ў актыўную дзейнасць. Сабрала мясцовых дзяцей, арганізавала з імі розныя цікавыя мерапрыемствы і цяпер напоўніцу рэалізоўвае свае творчыя планы. Для сустрэч з юнымі памочнікамі абуладкавала асобны пакой у бібліятэцы, у якім раней было кнігасховішча. Упрыгожыла сцены пакояў вырабамі мясцовых майстрых. Нават арганізавала выставу “Майстэрства рук і сэрца”. Цяпер цудоўнымі работамі Зоі Асаёнак, Зоі Жук, Ліліі Лініч і Святланы Малаш любуюцца ўсе, хто наведвае кніжную скарбніцу. А дзеці вельмі зацікавіліся разнастайнымі фігурамі з папяровых трубачак, і таму ў планах бібліятэкара арганізаваць майстар-клас з іх аўтарам Зояй Асаёнак.
– Зараз у кожнай бібліятэкі раёна ёсць свая якая-небудзь адметнасць, – гаворыць Алена Бабровіч. – Напрыклад, у Вітуніцкай сабралі калекцыю гадзіннікаў, у Гняздзілаўскай стварылі музей кніг. Цікавінкай маёй сталі вырабы народных самабытных майстроў.
У зоне абслугоўвання бібліятэкі шэсць вёсак: Ветахмо, Дзегцяры, Калягі, Крыпулі, Куты, Мацееўцы. У іх чытачамі з’яўляюцца паўсотні дзяцей і каля 130 дарослых. Сярод самых актыўных – Вікторыя і Валерый Сухарэвічы, Алена і Алег Жукі, Ганна і Генадзь Махані, Алена і Уладзімір Чуро, Аліна і Віктар Макатуны, Наталля Козіч. Вялікай папулярнасцю карыстаецца абслугоўванне чытачоў на даму. Кожны месяц, а то і часцей, да Алены звяртаюцца Галіна Нарэйка і Зоя Антух, а таксама Тэрэза і Канстанцін Юхновічы з Бубнаў, каб прывезлі новай літаратуры.
На пытанне, як зацікавіць падрастаючае пакаленне кнігай, Алена Віктараўна адказала, што пачынаць гэту работу трэба, безумоўна, з сям’і. Кнігі ў хатняй бібліятэцы не павінны быць часткай інтэр’еру. Дзіцяці трэба бачыць, што бацька і маці таксама чытаюць. Тады і паход у выхадны дзень у бібліятэку абавязкова стане адной з сямейных традыцый, як, напрыклад, у сям’і Калягаў з вёскі Калягі.
Яўгенія МАЛЕВІЧ.
Фота аўтара.