Кубок вновь у команды РУП ЖКХ Докшицы-коммунальник
У мінулую суботу прадстаўнікі працоўных калектываў і зборныя сельсаветаў Докшыччыны сабраліся на гарадскім стадыёне, каб пазмагацца ў летніх відах спорту.
На пачатку мерапрыемства вынікі круглагадовай спартакіяды за 2019 год падвёў старшыня раённага выканаўчага камітэта Алег Кавалёнак.
– Тое, што спартакіяда карыстаецца папулярнасцю у мясцовых жыхароў даказвае вялікая колькасць прысутных на стадыёне і сёння, – сказаў Алег Анатольевіч. – Канечне, не ўсе будуць першымі, але зарад станоўчых эмоцый, бадзёрасці і добрага настрою атрымае кожны, бо, у першую чаргу, спартыўныя спаборніцтвы – гэта выдатны адпачынак.
Па выніках мінулага года чэмпіёнамі сталі пастаянныя лідары – каманды РУП ЖКГ “Докшыцы-камунальнік” і Крулеўшчынскага сельсавета. На другім месцы – зборныя аддзела па адукацыі райвыканкама і Сітцаўскага сельсавета, на трэцім – спартсмены Докшыцкага РГЗ і Бягомльскага сельсавета. Пераможцам старшыня райвыканкама ўручыў Дыпломы раённага выканаўчага камітэта і раённага Савета дэпутатаў.
Стартам спартакіяды стала легкаатлетычная эстафета. Кожнаму бегуну трэба было выкласціся напоўніцу, бо ад персанальнага выніку залежала перамога каманды. Крыўдна было і тым, хто ўпаў на трасе, а такіх сёлета было нямала. Магчыма, ім перашкодзіў туман, які зрабіў слізкай дарожку. Але ніводзін спартсмен пры гэтым не сышоў з дыстанцыі і дабег да таварыша, каб перадаць эстафету. Не менш відовішчнымі былі гульні ў валейбол і міні-футбол. Пакідаць гранату з задавальненнем спрабавалі і дзеці, якія заўзелі на спартакіядзе за сваіх бацькоў. Заўсёды шмат гледачоў і ля пляцоўкі, дзе, як пушынку, кідалі гіру асілкі. Кіраўнікі арганізацый і прадпрыемстваў мелі магчымасць паспаборнічаць у меткасці. Напэўна, самым вясёлым быў конкурс па перацягванні каната, бо, нават нягледзячы на падрапаныя далоні і падзенні ў час яго, смех звычайна не змаўкаў.
Той, хто прыйшоў падтрымаць сваю каманду, мог пазабавіцца на пляцоўцы з рознымі гульнямі, якія прапаноўвалі актывісты БРСМ, або праверыць сваё самаадчуванне на “Пляцоўцы здароўя” ад ЦРБ. Вельмі да месца быў гандаль гарачай гарбатай і іншымі прысмакамі.
Вынікі раённай спартакіяды па летніх відах спорту
Кіданне гранаты: 1 месца – Таццяна Собаль і Аляксандр Касмачоў, 2 месца – Кацярына Ерамейка і Іван Грыгор’еў, 3 месца – Вольга Гадулевіч і Іван Жызнеўскі.
Гіравы спорт: звыш 90 кілаграмаў – Віктар Яцук (1 месца), Сяргей Януковіч (2 месца), Аляксандр Сташэвіч (3 месца); да 90 кг – Сяргей Бранзевіч (1 месца), Яўген Бушуеў (2 месца), Яўген Касцюковіч (3 месца); да 75 кг – Артур Пялінак (1 месца), Уладзіслаў Буглак (2 месца), Аляксандр Чарвінскі (3 месца).
Дартс: Вольга Гадулевіч (1 месца), Аляксандр Іваньковіч (2 месца), Ірына Карэпанава (3 месца).
Эстафета: Сітцаўскі сельсавет (1 месца), РУП ЖКГ “Докшыцы-камунальнік” (2 месца), СШ № 2 г. Докшыцы (3 месца).
Міні-футбол: СШ № 2 (1 месца), Бягомльскі сельсавет (2 месца), РУП ЖКГ “Докшыцы-камунальнік”
(3 месца).
Валейбол: РУП ЖКГ “Докшыцы-камунальнік” (1 месца), Крулеўшчынскі сельсавет (2 месца), Сітцаўскі сельсавет (3 месца).
Перацягванне каната: РУП ЖКГ “Докшыцы-камунальнік” (1 месца), аддзел па адукацыі (2 месца),
СШ № 2 (3 месца).
У агульным заліку кубак спартакіяды заваявала каманда РУП ЖКГ “Докшыцы-камунальнік”, у тройцы лідараў таксама спартсмены Крулеўшчынскага сельсавета і аддзела па адукацыі.
Яўгенія МАЛЕВІЧ.
Фота аўтара.