Бывший бригадир передовой МТФ из Докшицкого района Виктор Сивцевич отметил 70-летний юбилей

Па жыцці разам.

Па жыцці разам.

Некалі знакаміты брыгадзір Грабучанскай малочна-таварнай фермы племзавода “Порплішча” Віктар Сіўцэвіч днямі адзначыў 70-гадовы юбілей. 

Паўнюткая гасцямі хата цешылася ўспамінамі. А ўспомніць ёй было што: пад яе дахам, няхай крыху і змененым, дабудаваным, але ўсё тым жа, пражыло тры пакаленні. Сцены ўзводзіў яшчэ дзед Віктара Іосіфавіча, а яго ўнук ганарыцца тым, што, як і прынята ў сям’і, ён дагледзеў сваіх бацькоў, не наймаў ім, як сам кажа, чужых нянек. Упэўнены, што і з ім так будзе. Сыны, хоць і не жывуць у Грабучым, але знаходзяцца ў раёне і, выхаваныя ў любові да працы, строгасці і павазе да старэйшых, выраслі прыстойнымі людзьмі. Пра аднаго з іх – інжынера-энергетыка Докшыцкага хлебазавода – зусім нядаўна пісала наша газета.
Сам Віктар Іосіфавіч – чалавек старой загартоўкі, калі мужчыны ўмелі ­рабіць калі не ўсё, то многае. Вось і ён, хоць вучыўся ў свой час толькі “на шафёра”, тым не менш з поспехам рэалізаваў сябе і як кіраўнік. У савецкі час племзавод “Порплішча” быў моцнай гаспадаркай з вядучай жывёлагадоўчай галіной, дзе цяклі сапраўдныя малочныя “рэкі”. На каняферме гадавалася 70 жарабцоў, якіх прадавалі нават у Францыю, а сярэднесутачны надой на карову ў 15 літраў лічыўся радавым. СССР не стала, але гаспадарка свае рубяжы не здавала. Яе тагачасны кіраўнік Вальдэмар Падляшчук запрасіў Віктара Сіўцэвіча пайсці ў Грабучае брыгадзірам і не прагадаў. Наваспечаны кіраўнік з гонарам прадоўжыў справу і працаваў да апошняга дня, пакуль не была ліквідавана ферма.

– Не ў крыўду сённяшнім скажу, што людзі таго часу былі асаблівыя, – дзеліцца ўспамінамі Віктар Іосіфавіч. – Не дзялілі на сваё і дзяржаўнае, працавалі, як на ўласным падворку, затое і вынікі былі. Такіх працаўніц, як даяркі Яніна Анашкевіч, Моніка Шылько, Магдалена Шылько, цялятніцы Люда Баброўская, Тамара Пяцько, Лена Гапанёнак, набяруся смеласці сказаць, зараз ужо няма. Кармы, канечне, таксама былі высакаякасныя – гэта ўжо клапаціліся дырэктары. Вікенцій Міхайлавіч Сваток, Вальдэмар Антонавіч Падляшчук, Ігар Францавіч Вайцяховіч сапраўдныя, я вам скажу, былі гаспадары!

Да размовы мужа з карэспандэнтам далучылася сужэнка Віктара Іосіфавіча Галіна Міхайлаўна, якая 30 гадоў адкрывала вяскоўцам свет кніг. Родам з недалёкіх Валодзькаў, яна закончыла Магілёўскі бібліятэчны тэхнікум і працавала ў вёсцы Вешняе. Там і пазнаёмілася са сваім будучым мужам, якому заўсёды была надзейным тылам і моцнай падтрымкай. Без перабольшання, у тых шматлікіх узнагародах, якія меў за высокапрадукцыйную дзейнасць МТФ яе брыгадзір, ёсць і вялікая доля ўкладу Галіны Міхайлаўны. Так і павінна быць у сям’і, дзе ўсе любяць і цэняць адзін аднаго.

Тамара АЛЬШЭЎСКАЯ.
Фота Вячаслава Чарвінскага.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *