Золотую свадьбу отметили в кругу любящей семьи Янина и Олег Конаны из Докшицкого района

У акружэнні сям’і.

У акружэнні сям’і.

“Век пражыць не мех сшыць”, – так пачынае аповед пра пяцьдзясят гадоў сумеснага жыцця Яніна Конан з Бярозаўкі. І адразу адзначае, што ёй няма на што наракаць: паўвека разам з мужам Алегам Андрэевічам яны будавалі сваю крэпасць пад назвай “сям’я” з любоўю і цярпеннем, павагай і ўзаемаразуменнем. Зараз гэты сімвалічны будынак вытрымае любыя буры і землятрусы – настолькі моцна “сцэментаваны” паміж сабой тры сямейныя пакаленні.

Яніна Баляславаўна і Алег Андрэевіч малую радзіму сваю на іншыя мясціны не мянялі. У галавы сям’і механізатарскага стажу ў калгасе сорак гадоў, амаль столькі ж у яго вернай паловы – аператара машыннага даення. Ёсць узнагароды за добрасумленную працу. Вырасцілі дваіх дзяцей, радуюцца тром унукам. Дачка Таццяна жыве ў Віцебску, але больш чым двухсоткіламетровая адлегласць для яе сям’і не перашкода прыязджаць у бацькоўскі дом як найчасцей. Сын Уладзімір увогуле з яго не выязджаў – жыве з жонкай і дзецьмі разам з бацькамі. Усе разам трымаюць немалую гаспадарку. Бабуля з дзядулем клапоцяцца пра ўнукаў-школьнікаў, пакуль бацькі на рабоце. Яніна Баляславаўна любіць прыгатаваць штосьці смачненькае для сям’і, выдатна пячэ і заўжды знаходзіць для гэтага час. Пагадзіцеся, рэдка сустрэнеш зараз такую патрыярхальную сям’ю. Што патрэбна, каб у ёй панавалі мір і лад? – цікавімся.

– Любіць адно аднаго і паважаць, – адказвае проста Яніна Баляславаўна і дадае: – Не ведаю, чаму зараз усе так імкнуцца жыць асобна. Калі родныя побач – гэта ж вялікае шчасце. Тут і падтрымка, і парада. Праблемы, па­дзеленыя на ўсіх, – дробязі, а радасць, памножаная на ўсіх, – вось табе і свята. Нам сапраўды добра разам: дом прасторны, усім месца хапае ў асобных пакоях. А сабрацца разам за сталом увечары, ці каля тэлевізара, ці ў альтанцы з шашлыком на выхадныя, калі Таня з Сярожам прыедуць, – што можа быць лепей для нашых бацькоўскіх сэрцаў? Толькі б здароўе дазволіла парадавацца гэтаму даўжэй, праўнукаў дачакацца, каб сям’я яшчэ пабольшала.
Да размовы далучаецца дачка:

– Нас з братам тата і мама з маленства вучылі, што ў сям’і ўсе адзін пра аднаго клапоцяцца, не крыўдзяць родных, не прыносяць ім боль дрэннымі ўчынкамі. Была дысцыпліна. Не жорсткая, заснаваная не на страху, а на разуменні. Паабяцаў вярнуцца з клуба не пазней апоўначы – так і павінна быць. Ідзеш куды-небудзь – паведамі, праз колькі часу плануеш вярнуцца. Даручана табе работа – выканай. Усе за ўсіх павінны быць спакойныя – гэта вельмі важна. А яшчэ трымаемся адно за аднаго, як тыя дубчыкі ў веніку, – не пераламаць. Тое, што выхавана ў нас, паспяхова прывіваем і сваім дзецям. Яны вельмі любяць бабулю з дзядулем. Такая еднасць – заслуга маміна і татава, якія, хоць універсітэтаў не заканчвалі і псіхалогію не вучылі, аднак з любоўю і жыццёвай мудрасцю заклалі ў нас, лічу, самае галоўнае.

Алена НЕСЦЯРОНАК.

Фота з асабістага архіва.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *