Опытный директор работает в Порплищенской школе Докшицкого района
А вучні, як зярняты з тваёй пожні –
Усё спеюць, выспяваюць у каласкі…
Л. Супрун.
Традыцыйна ў кастрычніку ва ўсім свеце адзначаецца Дзень настаўніка. У гэта свята самыя шчырыя віншаванні і пажаданні гучаць у адрас педагогаў, якія прыкладаюць шмат намаганняў дзеля адукацыі падрастаючага пакалення, а значыць, і дзеля будучыні.
Дваццаць пяць гадоў на настаўніцкай ніве рупіцца дырэктар Парплішчанскай СШ Генадзь Шульга. З іх амаль палову ён з’яўляецца кіраўніком розных устаноў адукацыі раёна.
А пачалося настаўніцтва Генадзя Міхайлавіча з таго дня, калі ён, выпускнік невялічкай вясковай школы ў Шаркаўшчынскім раёне, паступіў у Віцебскі дзяржаўны педагагічны інстытут імя Кірава.
– Яшчэ вучнем вельмі палюбіў біялогію, – адзначае суразмоўца. – Спачатку вагаўся – выбраць будучай прафесіяй медыцыну ці педагогіку. Але перамагла апошняя. Можа, гэта быў лёс, бо на пятым курсе інстытута пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай. Наталля аказалася родам з Крыпуль, а таму работу маладымі спецыялістамі шукалі менавіта ў Докшыцкім раёне. Так трапілі ў Бярозкаўскую СШ. Атрымалі дом, і пачалі будаваць сваё сямейнае шчасце. А заадно і набірацца настаўніцкага вопыту. Хоць наш калектыў у большасці складаўся з пачынаючых педагогаў, за добрай парадай таксама было да каго звярнуцца. І сёння ўдзячны Надзеі Іосіфаўне Грыгор’евай, дырэктару Леаніду Кузьмічу Галубкову. Гэта дзякуючы ім вясковую школу ў Бярозках і сёння называюць “кузняй кадраў”, бо з яе сцен выйшлі многія вядомыя ў раёне, і не толькі, педагогі – Лілія Плуч, Віктар Гаўрыловіч, Юрый Шылавіч, Васіль Кавалёнак і іншыя.
Адпрацаваўшы 14 гадоў настаўнікам, Генадзь Шульга атрымаў прапанову ўзначаліць Бярозкаўскую СШ. Рызыкнуў. Менавіта ў той час школа для яго стала не проста работай, а ладам жыцця. Перспектыўнага, ініцыятыўнага, гаспадарлівага кіраўніка заўважылі і ў раёне. У розныя гады ён узначальваў СШ № 1
г. Докшыцы, Барсукоўскую БШ.
– Паказчык работы любой школы, у першую чаргу, у паспяховасці вучняў, – разважае Генадзь Міхайлавіч. – Сёлета ў нас атрымалася стапрацэнтнае паступленне. Дарэчы, у гэтым заслуга не толькі настаўнікаў, але і вучняў, якія апошнім часам сталі больш мэтанакіраваныя. Ужо ў старэйшых класах многія з іх ведаюць, дзе будуць працягваць адукацыю. А таму ў школе арганізоўваюцца спецыяльныя факультатывы, па некаторых прадметах праводзіцца навучанне на павышаным узроўні. Лічу, што і настаўнікі, і вучні ў школе, а яшчэ, канечне, бацькі – гэта адна каманда. Галоўным правілам работы кіраўніка ў любым калектыве павінна быць узаемаразуменне, кампраміс. Кожны педагог – індывідуальнасць. І гэта трэба ўлічваць пры пастаноўцы задач і планаў. Канечне, запланаваць можна вельмі многа. Але які ў гэтым сэнс, калі планы застануцца толькі на паперы. Акрамя гэтага, абавязкова павінна быць цікавасць да работы. Калі кожны выконвае справу па душы, і вынік станоўчы будзе. За ўсе словы гавораць справы.
Летась дзейнасць Парплішчанскай школы ў экалагічным накірунку адзначана Дыпломам першай ступені на рэспубліканскім этапе праекта “Зялёныя школы”. Сярод лепшых у вобласці стала работа настаўнікаў і вучняў у конкурсе даследчых работ “Эўрыка”. Генадзь Міхайлавіч адзначае, што ён працягвае справу сваіх папярэднікаў-дырэктараў, а гэту пасаду ў Парплішчанскай школе заўсёды займалі дастойныя кіраўнікі. Сёння ўстанова, акрамя вучэбнага працэсу, займаецца вырошчваннем сельгаспрадукцыі, расады кветак, шыццём бялізны, у планах – адкрыццё вытворчасці сталярнай майстэрні. Каб добра арганізаваць справу, трэба самому быць дасведчаным у многіх пытаннях. Генадзь Шульга асабіста захапляецца вырабамі з дрэва, ручной коўкай па метале. Узорны парадак і на ўласным панадворку. Што ні кажы, а сапраўдны гаспадар такім з’яўляецца і дома і на рабоце.
Тэкст і фота Яўгеніі МАЛЕВІЧ.