Легенда социальной службы Докшицкого района Мария Курдеко в проекте «Дюжина вопросов» от «РВ»
Яе імя залатымі літарамі ўпісана ў гісторыю сацыяльнай службы рэспублікі. За высокае прафесійнае майстэрства яна занесена ў Вялікую міжнародную энцыклапедыю “Лепшыя людзі”. Чарговы тузін пытанняў – былому дырэктару ТЦСАН, уладальніцы званняў “Выдатнік сацыяльнай абароны” і “Чалавек года Віцебшчыны”, лаўрэату рэспубліканскага конкурсу “Лепшы па прафесіі” Марыі КУРДЗЕКА.
1. Марыя Аляксееўна, ці была ў Вашым жыцці падзея, якая вызначыла далейшы лёс?
– Была. Да справы свайго жыцця давялося ісці доўгія гады, працаваць у розных месцах. Па адукацыі я аграном, але давялося пабыць на пасадзе эканаміста ў планавым аддзеле райвыканкама, затым у архітэктурным бюро. У гэтай установе прадугледжвалася скарачэнне. Не стала яго чакаць, напісала заяву на звальненне. Пры гэтым не адчувала, што страчваю нешта значнае, дарагое мне. Хтосьці з мудрацоў сказаў, што, каб адчыніць наступныя дзверы, часта трэба абавязкова зачыніць папярэднія. Так здарылася і са мной. Каб не тое скарачэнне ў 1991-ым годзе, я, магчыма, ніколі б не расчыніла дзверы, за якімі мяне чакала маё сапраўднае прызванне: праз месяц загадчыца райсабеса Кацярына Пятроўна Скараходава прапанавала ўзначаліць аддзяленне сацыяльнай дапамогі на даму. З першых дзён зразумела: вось яно, маё! І за чвэрць стагоддзя, аддадзеных сацыяльнай рабоце, ні разу не ўсумнілася, а толькі раз за разам упэўнівалася ў правільнасці свайго тагачаснага кроку. Мая работа, без перабольшвання, была маім шчасцем.
2. Работа для Вас – кар’ера ці справа?
– Упэўнена: у сацыяльнай службе кар’ерыстам няма чаго рабіць. Тут патрабуецца вялікая самаахвярнасць і поўнасцю выключаюцца кар’ерныя амбіцыі. Памятаю, як пачыналі: у літаральным сэнсе выносілі на руках з халодных хат знясіленых, галодных, хворых людзей, выклікалі “хуткую дапамогу”, размяркоўвалі па дамах-інтэрнатах. Абдыме цябе, бывала, якая-небудзь бабулька, плача, дзякуе за дапамогу, а то і выратаванне, і ты разам з ёй плачаш, толькі ўжо ад радасці, што атрымалася зрабіць хаця б камфортнай яе нялёгкую адзінокую старасць. Прызнанне тваіх заслуг – гэта прыемна, патрэбна, дае сілы для далейшых здзяйсненняў, але званні і ўзнагароды ніколі не стануць на адну прыступку з удзячнасцю тых, каму ты дапамог, і з такім вось адчуваннем бязмежнай радасці і задавальнення ад зробленага.
3. Як лічыце, у якой яшчэ прафесіі маглі б сябе рэалізаваць?
– Складанае пытанне для чалавека, які, паўтаруся, знайшоў сваё месца ў жыцці. Мусіць, у нечым падобным, звязаным з дапамогай людзям. Гэта магла б быць медыцына, работа ў дзіцячым доме…
4. Прадоўжыце, калі ласка, выказванне: мая сям’я – гэта …
– … мой свет, сэнс жыцця, мая самая вялікая любоў, гонар – маё шчасце. Мой верны спадарожнік Іван Уладзіміравіч, нашы дзеці Уладзімір і Алена, якімі вельмі ганаруся. Валодзя зараз жыве і працуе ў Польшчы, мае ўласную справу – займаецца вытворчасцю мэблі. У яго залатыя рукі: тут, на радзіме, сам пабудаваў двухпавярховы дом, многае зрабіў для нас, бацькоў. У Алёнкі чатыры вышэйшыя адукацыі, цікавая работа. У нас з дзецьмі вельмі блізкія, пяшчотныя адносіны. І, вядома, я бабуля – маю трох унучак, унука, дзвюх праўнучак.
5. Што перанялі ад сваіх бацькоў, дзядоў?
– Найбольш ад мамы Лізаветы Іванаўны – імкненне жыць са ўсімі ў згодзе, знаходзіць паразуменне, пазбягаць канфліктаў, несці ў свет толькі дабрыню і шчырасць. Гэта ні ў якім разе не “пушыстасць”, не жаданне паказаць сябе ў лепшым свеце, а маё перакананне. Адносіцца да людзей трэба так, як ты хочаш, каб яны адносіліся да цябе. Простая ісціна, біблейская. Наколькі ў мяне гэта атрымліваецца, меркаваць тым, хто побач, хто мяне ведае. Паклаўшы руку на сэрца, клянуся, што не жадала ніколі дрэннага сваім крыўдзіцелям – жыць без каменя за пазухай светла і лёгка. Разам з тым спадзяюся на дараванне ад тых, каго, магчыма, – ні ў якім разе не наўмысна! – пакрыўдзіла сама.
6. Які сэнс Вы ўкладваеце ў паняцці Радзіма, патрыятызм?
– Паспрабую сфармуляваць думку коратка, без высокіх слоў і глыбокай філасофіі: калі чалавек адчувае сябе добра толькі на радзіме, ён патрыёт. Люблю падарожнічаць, атрымліваць новыя ўражанні. Магу і пазахапляцца чымсьці, убачаным за мяжой, але з абавязковай думкай: вось бы і ў нас так! Хачу бачыць нашу краіну прыгожай, чыстай, багатай, а людзей – упэўненымі ў сваёй будучыні, вольнымі і шчаслівымі. Гэта галоўнае.
7. Які ён, свет Вашых захапленняў?
– Самы што ні ёсць цудоўны – унукі. Не перадаць словамі той радасці, таго захаплення, якое атрымліваю ад зносін з імі, частымі гасцямі ў нашым доме. Быць бабуляй – гэта цудоўна: пражываеш жыццё нанава. А яшчэ ў нас, акрамя кватэры, два дамы: сынаў і ў Малых Сітцах, мужавых бацькоў. Вядзём гаспадаркі, як належыць, і з задавальненнем.
8. Ці бачыце герояў у рэальным жыцці?
– Не тое што герояў, а людзей, здольных змяняць свет да лепшага, надзеленых шчодра якімісьці выдатнымі якасцямі – тых, на каго хочацца быць падобным. Для мяне гэта мае калегі Кацярына Скараходава ў Докшыцах, Святлана Галубкова і Зоя Крот у Віцебску, міністр сацыяльнага забеспячэння Беларусі Антаніна Морава.
9. Ці згодны з меркаваннем, што чалавек без сяброў нібы печ без дроў?
– Скажу нават больш: няма сяброў – няма чалавека. У мяне іх вельмі шмат, не магу кагосьці вылучыць, бо ўсе любімыя аднолькава. Сябруем і сем’ямі, з многімі не адзін дзясятак гадоў, ездзім адно да аднаго ў госці. Тэлефон мой спачыну не ведае, асабліва ў выхадныя і святы. Вось некаторыя ў сяброўства не вераць і жывуць замкнёна. Маюць права, але такі лад жыцця дакладна не для мяне.
10. Якімі якасцямі, на Ваш погляд, павінен валодаць сапраўдны мужчына? Што ў ім не прымаеце?
– Мужчына павінен быць мужчынам, а гэта значыць, быць надзейным. Можна закрываць вочы на нейкія дробязныя недахопы або асаблівасці характару, звычкі, калі ведаеш, што ў любы час і хвіліну можаш разлічваць на яго падтрымку, абарону, клопат, разуменне. Мой Іван Уладзіміравіч не мае шырокіх багатырскіх плячэй у літаральным сэнсе, але я заўжды за ім, за мужам, за яго спінай. Сёлета мы адзначылі наша залатое вяселле, і я бязмежна ўдзячна дарагому чалавеку за падараванае мне жаночае шчасце.
11. Ці можа быць шчаслівым чалавек, які не зведаў кахання?
– Мне здаецца, не. А які можа быць шлюб без кахання? Не магу ўявіць, што можна пражыць столькі часу з чалавекам, якога не любіш усім сэрцам. Як прымусіць сябе прытварацца, крывіць душой? Думаю, тым, хто так зрабіў, або тым, у каго ў сілу нейкіх абставін не склалася, можна толькі паспачуваць.
12. Вашы любімыя музыка, літаратурны твор, страва, колер, пара года?
– музыку люблю ўсякую – як інакш, калі за музыкантам замужам?
– “Ганна Карэніна” Льва Талстога;
– клёцкі;
– пунсовы;
– вясна, асабліва калі ўсё расцвітае.
Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота аўтара.