Лесной комбайн Владимира Шипко

Ад трактарыста да кіроўцы фарвардара.

Ад трактарыста да кіроўцы фарвардара.

Уладзімір Шыпко працуе машыністам на вывазцы лесу ў Бягомльскім лясгасе сёмы год. Ён практычна адразу заваяваў прызнанне сярод калег сваёй працавітасцю, сур’ёзным стаўленнем да выканання прафесійных абавязкаў.

Тое, што будучая прафесія будзе звязана з тэхнікай, Уладзімір быў упэўнены з дзяцінства. Бо ўжо тады, як кажуць, цягнула да руля.

– Бацька працаваў трактарыстам у калгасе, – гаворыць Уладзімір. – Калі атрымлівалася, у асноўным, канечне, летам, браў мяне з сабой. У кабіне, пакуль ехалі, расказваў пра тэхнічныя характарыстыкі трактара, вучыў, як правільна кіраваць ім. Усё гэта мне вельмі падабалася, таму пасля школы пайшоў вучыцца на трактарыста. Працаваў спачатку ў калгасе “Ленінскі шлях” у Замасточчы, затым у роднай “АграБераснёўцы”, бо сам з Пруднікаў. З лёгкасцю перасаджваўся на любую тэхніку. Затым, калі не стала сельгаспрадпрыемства, вымушаны быў шукаць іншае месца работы. Быў вальшчыкам лесу ў Прудніцкім лясніцтве, а пасля перайшоў у Бягомльскі лясгас. Але, каб умець працаваць на спецыялізаваных машынах, трэба было закончыць вучылішча ў Бешанковічах.

Зараз Уладзімір Шыпко з’яўляецца высакакласным спецыялістам, з лёгкасцю кіруе і фарвардарам, і харвестарам. Без праблем таксама садзіцца за рубільны комплекс па вытворчасці шчапы.

Машыніст працуе пазменна. У лесапункце на фарвардары дасарціроўвае, збірае і грузіць раней апрацаваныя харвестарам лесаматэрыялы. Яны ў далейшым транспартуюцца ляснымі дарогамі да месца іх складзіравання. За дзень перавозіць больш за сто кубаметраў драўніны, якую потым у цэх дастаўляюць МАЗы.

Сёлета праца Уладзіміра Шыпко была адзначана на рэспубліканскім узроўні. Ён узнагароджаны Падзякай міністра лясной гаспадаркі Рэспублікі Беларусь.

Таццяна ПАДБЯРЭЗКАЯ.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *