Спадарыня Алена з Докшыц размаўляе па-беларуску

У Алены Гаранінай любімы пісьменнік –  Іван Шамякін.

У Алены Гаранінай любімы пісьменнік – Іван Шамякін.

Яна магла б быць цудоўнай настаўніцай беларускай мовы і літаратуры – голас гучыць мякка і напеўна, аповед вядзе – заслухаешся, а ў блакітных вачах, светлых ільняных валасах, заўсёднай лёгкай усмешцы, танклявай постаці столькі роднай беларускасці, што адразу пры знаёмстве падумалася: калі б здымаўся ролік, дзе нашу краіну сімвалізуюць маленькая дзяўчынка, дзяўчына і жанчына сталага, элегантнага ўзросту, яна б ідэальна падышла на ролю апошняй.

Аднак Алена Гараніна, ураджэнка Сітцаў, у свой час выбрала прафесію, так склаліся жыццёвыя абставіны, прыземленую – працавала рэвізорам у райфа. Пасля заканчэння Маладзечанскага ўлікова-планавага тэхнікума заняла пасаду інспектара па кадрах, а затым галоўнага спецыяліста па кадрах упраўлення райсельгасхарчу. Шмат гадоў аддала гэтай рабоце і з цеплынёй успамінае ўсіх сваіх калег.

– На розных пасяджэннях і нарадах даводзілася выступаць з дакладамі, падрыхтаванымі на рускай мове. Так было зручней, бо, як вядома, уся дакументацыя вялася па-руску. Але калі задаваліся пытанні або штосьці закранала за жывое, выклікала эмацыянальны ўсплеск, я тут жа незаўважна для сябе пераходзіла на беларускую мову – менавіта на ёй магла больш выразна і даходліва выказаць свае думкі і меркаванні.

У жыцці Алена Станіславаўна размаўляе толькі па-беларуску, не падстройваючыся ні пад абставіны, ні пад пэўных людзей. У крайнім выпадку, смяецца, можа перайсці на “трасянку”. Яна шмат чытае беларускамоўнай літаратуры. Як часта бывае ў людзей творчых і высокадухоўных, вядзе дзённікі, куды занатоўвае ўсё, што цікавіць і хвалюе. Прывіла любоў да ўсяго беларускага сыну і дачцэ, а для ўнука самая першая памочніца ў выкананні дамашніх заданняў па беларускай мове, напісанні водгукаў і сачыненняў.

Ва ўсім свеце чалавек, размаўляючы на роднай мове, проста размаўляе. У нас зусім інакш. Кожны раз, калі на людзях мы прамаўляем па-беларуску, дык не проста гаворым, а як бы ладзім грамадзянскую акцыю ці мастацкі перформанс, паколькі ўвага ўсіх, хто выпадкова апынуўся побач, адразу засяроджваецца на нечаканым дзіве.                                                                                                            Валянцін Акудовіч.

Гэта ўсвядомленая і пранікнёная беларускасць у жанчыне – ад бацькоў, якія, адправіўшыся на заробкі, не адзін год жылі ў Францыі і мелі магчымасць застацца там назаўсёды, але вярнуліся, перасяліліся з камфортнага, прыгожага дома ў халупку на станцыі Параф’янава. І былі шчаслівыя: няхай у беднаце і цеснаце, ды на ра­дзіме. Гісторыю іх жыцця Алена Станіславаўна распавядае вельмі вобразна і кранальна.

Мая суразмоўца адшукала ў Францыі свайго брата ад першага татавага шлюбу, яго дзяцей, падтрымлівае з імі сувязь, бо вельмі цэніць сяброўства, сваяцтва, цёплыя чалавечыя ўзаемаадносіны. Прычым, брата шукала некалькі дзесяцігоддзяў – знайшлася ўжо толькі яго магіла ў Каліфорніі. На прэзентацыі кнігі “Дзеці Францыі. Гісторыя сем’яў, якія паверылі Сталіну” журналіста радыё “Свабода” Валерыя Каліноўскага ў Мінску пазнаёмілася і пасябравала з адным з такіх дзяцей, які жыве зараз у Маладзечне. Паказвае яго пісьмы, дзе на канвертах каліграфічным почыркам выведзена: “Спадарыні Алене Станіславаўне Гаранінай”. Прыгожа гучыць, праўда? А галоўнае – адпавядае.

Алена НЕСЦЯРОНАК.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *