в Докшицах, на берегу двух рек, завершил свою работу Фестиваль дружбы и творчества
Докшыцы адзначылі свой 614-ы дзень нараджэння грандыёзным святам, якое атрымалася яркім і запамінальным.
На некалькі гадзін цэнтральная вуліца горада ператварылася ў сапраўдную выставу-кірмаш са шматлікімі забаўляльна-гульнявымі пляцоўкамі. Свае культурныя брэнды прэзентавалі сельскія Саветы. Бягомльшчына запрашала акунуцца ў гісторыю і пазнаёміцца з партызанскім краем, а Крулеўшчына – праехацца на цягніку. Парплішчане дзяліліся багатым ураджаем яблык, бярэзінцы – журавінамі і чарніцамі, а на бярозкаўскім падворку частавалі прахаладжальным бярозавым сокам.
Цікавай атрымалася выстава парасонаў “Пад купалам добрага настрою”. Аўтары стварылі іх у выглядзе жар-птушкі, сэрца, дзіцячых цацак – палёт фантазіі ўмельцаў быў бязмежным.
Арганізацыі раёна па-майстэрску аформілі фотазоны. Напрыклад, работнікі Бягомльскага лясгаса запрашалі сфатаграфавацца з Бабай-Ягой-рокершай, камунгасаўцы – сесці ў імправізаваны смеццявоз, а работнікі завода “Ветразь” – зрабіць фотаздымак на фоне робата з кветкамі.
Вячэрняя канцэртная праграма “З днём нараджэння, любімы горад!” была не менш насычанай. Дакшычане віталі шаноўных гасцей, сярод якіх прысутнічалі начальнік упраўлення культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Ірына Карповіч, старшыня Бешанковіцкага райвыканкама Галіна Унуковіч, намеснік старшыні Ушацкага райвыканкама Алена Пашковіч, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Ушацкага райвыканкама Пётр Алексяёнак, старшыня Мядзельскага райсавета Алег Бароўка і галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Мядзельскага райвыканкама Ганна Падгол, выконваючая абавязкі начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Барысаўскага райвыканкама Наталля Кузняцова.
Пад апладысменты сустракалі знакамітых землякоў: генерал-маёра, начальніка генеральнага штаба Узброеных Сіл, першага намесніка Міністра абароны Рэспублікі Беларусь Віктара Гулевіча, кампазітара, лаўрэата прэміі Ленінскага камсамола Мар’яна Зелянкевіча і генерал-маёра, дацэнта кафедры дзяржаўнага і ваеннага ўпраўлення факультэта генеральнага штаба Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь Мікалая Мінаева.
– З кожным годам Докшыцы харашэюць, – адзначыў у сваім выступленні старшыня райвыканкама Алег Кавалёнак. – Горад развіваецца, на належным узроўні працуюць прадпрыемствы. Сёлета, нягледзячы на засуху і недабор ураджаю, сельгаспрадпрыемствы плюсуюць у вытворчасці валавой прадукцыі і займае лідзіруючыя пазіцыі ў вобласці. Мы ганарымся нашымі выпускнікамі, большасць з якіх у гэтым годзе паступіла ў вышэйшыя навучальныя ўстановы. Спадзяёмся, што моладзь стане дастойнай зменай старэйшым пакаленням і сваёй працай будзе праслаўляць наш слаўны горад.
Кіраўнік раёна падзякаваў усім гасцям, якія завіталі ў Докшыцы, а таксама творчым калектывам з суседніх раёнаў, што прыехалі на Фестываль дзвюх рэк, павіншаваў са святам і пажадаў моцнага здароўя, дабрабыту і ажыццяўлення мар.
Начальнік упраўлення культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Ірына Карповіч упэўнена, што культура – гэта тая сфера, якая аб’ядноўвае людзей незалежна ад узросту, нацыянальнасці і веравызнання.
– У вас выдатныя людзі і традыцыі, – сказала Ірына Уладзіміраўна. – Таму жадаю дакшычанам захоўваць і кожны дзень памнажаць тое, што некалі было дасягнута мінулымі пакаленнямі.
Сябры з Расіі і Латвіі, з якімі завязалася шчырыя адносіны, але якім па пэўных прычынах не ўдалося прыехаць на свята, даслалі відэавіншаванні з гарадоў-пабрацімаў Дзмітрыева і Балві.
Свята – выдатная нагода ўзгадаць людзей, якія зрабілі ўнёсак у развіццё горада. На сцэне віталі старэйшых дакшычан Леаніду Махонь і Міхаіла Скулака, узрост якіх набліжаецца да 90-гадовага.
Па традыцыі на свяце горада ўшаноўвалі і самых маленькіх яго жыхароў. Шчаслівыя бацькі прыкацілі ў вазках Яну Аксновіч, Веру Стадольнік, Цімура Курылёнка, Улю Яцкоўскую, Дзіяну Купрэвіч, Еву Стралкоўскую, двайнятак Улю і Аліну Варган і іншых немаўлят. Самая маленькая дакшычанка на сёння – гэта Валерыя, якая нарадзілася трэцяга жніўня ў сям’і Сяргея і Кацярыны Гайковічаў.
Дзяцей зашмат не бывае – так лічаць бацькі Кулінковічы з Бягомля. Іх старэйшы сын Уладзіслаў служыць у арміі, Станіслаў працуе на чыгунцы, а паўтара года таму ў сям’і нарадзілася тройня – Максім, Аліса і Ева. Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Вераніка Анатольеўна Кулінковіч ўзнагароджана Ордэнам маці. Узнагароду на свяце ўручыў старшыня райвыканкама Алег Кавалёнак.
Шматдзетная сям’я Дзмітрыя і Аксаны Вайткевічаў з Докшыц можа пахваліцца шасцю сынамі. Дарэчы, у гэтым годзе шчаслівыя бацькі яшчэ і займелі статус дзядулі і бабулі.
На ўрачыстасці прысутнічалі таксама шлюбныя пары, якія 50 гадоў таму звязалі свой лёс у адзіны. Дакшычане Аляксандр і Марыя Рудакі на свяце з’явіліся даволі эфектна: да самай сцэны пад’ехалі на рэтрааўтамабілі “Победа” і гэтым самым выклікалі ў гледачоў шквал апладысментаў.
Віншаванні, і традыцыйнае “горка!” гучалі і ў адрас Паўла і Веры Спічонкаў.
Узорныя сядзібы
Адзін з хвалюючых момантаў свята – падвядзенне вынікаў агляду-конкурсу па добраўпарадкаванні. Старшыня раённага Савета дэпутатаў Валянціна Рандарэвіч павіншавала ўсіх са святам і ўручыла заслужаныя ўзнагароды. У намінацыі на лепшае добраўпарадкаванне дваровых тэрыторый шматкватэрных жылых дамоў першае месца прысуджана дому № 16 па вуліцы Школьнай, другое – дому № 11, трэцяе – дому № 8, што знаходзяцца на гэтай жа вуліцы. Жыхары атрымалі дыпломы і грашовыя сертыфікаты.
Дыплом і падарунак за навядзенне ўзорнага парадку каля трэцяга пад’езда дома № 10 па вуліцы Школьнай і за лепшае абуладкаванне дзіцячай гульнявой пляцоўкі каля дома № 24 на вуліцы Школьнай атрымалі Лілія Мейерс і Дзмітрый Мадзяла.
У намінацыі “Добраўпарадкаванне прыватных дамоў” перамаглі гаспадары Генадзь і Марына Маліноўскія, Георгій і Вікторыя Патрушавы, Уладзімір і Тамара Ходалі.
Пераможцамі раённага агляд-конкурсу “Ветэранскі панадворак” у розных намінацыях сталі Таццяна Гапанёнак з аграгарадка Порплішча, Вера Каросцік з Сітцаў, Генадзь і Алена Насеннікі з Бярозак, Юрый і Валянціна Крупскія з Крулеўшчыны. За творчы падыход і арыгінальнасць абуладкавання сядзібы падзяка аб’яўлена Таісіі і Казіміру Клімко з Докшыц.
Дыпломамі былі адзначаны таксама калектывы арганізацый і прадпрыемстваў раёна, якія стварылі прыгажосць каля сваіх адміністрацыйных будынкаў. Гэта раённы Цэнтр дзяцей і моладзі, Сітцаўская і Бягомльская СШ, ДРБУ-180, раён газазабеспячэння, філіял ВУ “Віцебскторф”, МТК “Варганы” ААТ “Барсучанка”.
Наш край багаты не толькі на працавітых людзей – сярод іх шмат творчых і таленавітых. У гэтым гледачы змаглі пераканацца, паглядзеўшы святочны канцэрт, які падрыхтавалі лепшыя вакалісты і калектывы раёна. Дождж перашкодзіў давесці яго да канца. Але фінальны трохярусны торт на сцэне ў гонар горада-імянінніка ўсё ж пабачылі ўсе гледачы, якія не спужаліся халодных кропель.
У нядзелю працягам Дня горада стаў юбілейны V рэспубліканскі Фестываль дзвюх рэк.
Як Бярэзіна і Вілія нясуць свае воды па бязмежных абшарах нашай радзімы да берагоў Балтыйскага і Чорнага мораў, так і традыцыйнае фестывальнае шэсце, з якога звычайна распачынаецца святкаванне Фестывалю дзвюх рэк, вірлівым патокам прайшлося па галоўных вуліцах Докшыц. Канечне ж, галоўным атрыбутам параду стала сімвал Фестывалю дзвюх рэк – лебедзь. Яе велічную выяву, якую неслі юныя артысты на руках, сёлета вырабіла самадзейны майстар з Бягомля Таццяна Свірко. Упрыгожаннем шэсця стала дэфіле з парасонамі, прадстаўленымі напярэдадні на выставе-конкурсе “Пад купалам добрага настрою”. Яркімі колерамі расквецілі ўрачыстасць творчыя калектывы з розных гарадоў краіны. Пад рытмічныя гукі барабанаў ансамбля “Step-Beat” Докшыцкай ДШМ працэсія рушыла на бераг гарадскога возера.
Ля сімвалічнай лебядзінай аркі кахання ды ладу пажадалі маладажонам Блізневічам. Віншаванні гучалі таксама ў адрас Алены і Мікалая Круцько, якія былі ўдзельнікамі абраду “Лебядзіная вернасць” у 2017 годзе.
А бераг возера гучаў на розныя галасы. Забаў было на любы густ! Дзіцячыя атракцыёны, вулічныя кавярні, рамесныя рады… У парку “Заазёрны” цікаўнасць выклікала выстава гербаў райцэнтра і лагатыпаў фестывалю, якія з рознага матэрыялу вырабілі майстры арганізацый і прадпрыемстваў горада. Тут жа аматараў паэзіі запрашаў “Чытай-сквер”, на якім бібліятэкары прапаноўвалі прадэкламаваць любы верш пра Докшыцы.
З ветрыкам па воднай гладзі возера каталі на лодцы ўсіх ахвотных супрацоўнікі РАНС, а яшчэ давалі прымераць сваю форму.
Ва ўсіх фарбах і эмоцыях фестываль малявалі ўдзельнікі адкрытага пленэру мастакоў.
Святочную праграму на сцэне летняга амфітэатра адкрыў гімнфестывалю ў выкананні арт-групы “Карат”. Сярод ганаровых гасцей былі начальнік упраўлення культуры аблвыканкама Пётр Падгурскі, старшыня Глыбоцкага раённага Савета дэпутатаў Вера Цяліца, кіраўнікі Бешанковіцкага і Ушацкага раёнаў Галіна Унуковіч і Уладзімір Аўдошка, намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Вілейскага раёна Анастасія Чарняўская. Начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі аблвыканкама Марына Навіцкая пажадала прысутным пазітыву і творчага палёту.
Духмяны каравай на спецыяльна вышываным да фестывалю ручніку атрымалі ўсе творчыя калектывы, што прыехалі на свята.
Пакуль артысты спявалі, ля сцэны поўным ходам ішла падрыхтоўка да спартыўнай часткі мерапрыемства: гіравога марафону “Кубак дзвюх рэк”. Яго праводзіў легенда гіравога спорту, рэкардсмен кнігі рэкордаў Гінеса Вячаслаў Харанека.
Праходзілі таксама спаборніцтвы па вела-квесце і пляжным валейболе.
Шматлікім на выканаўцаў стаў сёлета конкурс вакалістаў “Бярэзінскія напевы”, у якім прынялі ўдзел 35 канкурсантаў. Журы пад кіраўніцтвам кампазітара Мар’яна Зелянкевіча ацэньвала іх вакальнае майстэрства ў дзвюх намінацыях: саліст-вакаліст і вакальны ансамбль, а таксама ў дзвюх узроставых катэгорыях: ад 16 да 31 года і ад 32 гадоў і старэйшыя.
Як прызнаў Мар’ян Зелянкевіч, прафесійная планка ўсіх удзельнікаў была на дзіва высокай, і журы прыйшлося нямала паспрачацца, каб вызначыць пераможцаў. На гала-канцэрце Мар’ян Казіміравіч уручыў узнагароды за трэцяе месца вакальнаму ансамблю “Соловушка” з Чэрвеня і групе “МарынаД” з Уздзенскага раёна. На другім месцы апынуліся калектывы “Поворот” з Цэнтра культуры “Полацк” і народны ансамбль “Велея казачья” з Вілейкі. Ганаровае першае месца журы прысудзіла народнаму ансамблю песні “Фертинка” з Полацкага раёна і дуэту народнай студыі “Тандэм” Полацкага РЦК.
Узнагароджанне салістаў-вакалістаў пачалося з прыемнага моманту, бо для ўручэння дыплома за трэцяе месца на сцэну была запрошана салістка народнай вакальнай студыі “Калейдаскоп” Докшыцкага ГЦК Вікторыя Плаўсюк. Уладзімір Высоцкі з Вілейкі заняў другое месца, а першае журы прысудзіла Нэлі Казяран з палаца культуры “Руба”. Сярод старэйшых салістаў цікавасць выклікаў настаяцель храма з аграгарадка Мазалава Уладзімір Баярын. Ён разам з Уладзімірам Танкалем з г.п. Руба падзяліў трэцяе месца. Вятлана Гарбачова з народнай эстраднай студыі “Калейдаскоп” ГЦК заняла другое месца, а Юлія Ракала з Альгоўскага СДК Віцебскага раёна – першае.
Пераможцы пасля ўзнагароджання прынялі ўдзел у гала-канцэрце.
Вячэрняя праграма пачалася з ушанавання ўдзельнікаў фестывальных конкурсаў.
Святочны канцэрт працягнуў Георгій Калдун.
Вядомыя сусветныя хіты з перакладам на беларускую мову, народныя песні ахвотна падхоплівалі гледачы разам з поп-фолк групай “Лялькі карпарэйшн”.
Фаер-шоу стала завяршальным акордам свята, якое кожнаму яго ўдзельніку запомнілася па-свойму.
Андрэй Дударчык, удзельнік народнага вакальнага калектыву “Велея казачья”:
– Упершыню на фестываль прыехалі пазалетась у якасці канкурсантаў “Бярэзінскіх напеваў” і ўдзельнікаў конкурсу сямейнай творчасці. Яшчэ тады адчулі, што мясцовым жыхарам вельмі да сэрца казацкія напевы. А таму з нецярпеннем чакалі новай сустрэчы. Вельмі парадаваў канцэрт у Бягомлі, які мы паказвалі мясцовым жыхарам. Задаволены другім месцам, якім сёлета адзначаны творчы калектыў і асабіста наш вакаліст Уладзімір Высоцкі.
Вераніка Раманенкава, дацэнт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, кандыдат мастацтвазнаўства:
– Свята горада ў гэтым годзе ўразіла сваім маштабам і арганізацыяй. Здзівіў непаўторны конкурс парасонаў, іх эмблемы, сімвалы, малюнкі. А панадворкі якія маляўнічыя! Асобна адзначу вакальны конкурс, у якім прымала ўдзел у якасці члена журы. Усе ўдзельнікі парадавалі выканаўчым майстэрствам. Дзякуй за працу гукарэжысёру: усё было дакладна, хутка, з вострым вухам, што вельмі важна для такога мерапрыемства. Вельмі прыемна было сустрэць на свяце гасцей з Мінска і іншых гарадоў Беларусі. Гэта сведчыць пра тое, што фестываль ведаюць у рэспубліцы. А яшчэ мне падалося вельмі важным, што ў горадзе захоўваецца традыцыя гарадскога шэсця. З сярэдзіны ХVІІ і да канца ХVІІІ стагоддзя гэта была вельмі папулярная з’ява для нашай краіны. З цягам часу яна таксама трапіць на старонкі даследчыкаў-культуролагаў, як і колішняя вядомая батлейка Патупчыка.
Праект падрыхтавалі Таццяна ПАДБЯРЭЗКАЯ, Яўгенія МАЛЕВІЧ, Тамара АЛЬШЭЎСКАЯ, Аляксандр ВАРАНКОВІЧ (фота).