На традиционную дюжину вопросов от «РВ» отвечает Владимир Петрушенко

Уладзімір Петрушэнка: што пагляд, што думкі, што справы.

Уладзімір Петрушэнка: што пагляд, што думкі, што справы.

Сённяшні герой нашай рубрыкі – чалавек, які аддаў працы ў сельскай гаспадарцы больш за тры дзясяткі гадоў, высокакваліфікаваны спецыяліст, мудры і таленавіты кіраўнік, чалавек, у якім цвёрдасць прынцыпаў і мэтанакіраванасць сумяшчаюцца з інтэлігентнасцю, тактоўнасцю і сціпласцю. Тузін пытанняў ад “РВ” – начальніку аддзела вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Уладзіміру Петрушэнку.

 – Уладзімір Уладзіміравіч, ці можаце назваць падзею, якая вызначыла Ваш далейшы лёс?

– Бадай што, не магу. Усе павароты ў маім жыцці з’яўляюцца наступствамі прынятых мной жа рашэнняў. Зразумела, дзесьці праглядваецца ўплыў пэўных абставін, магчыма, нават эмоцый. Аднак у чалавека заўжды ёсць выбар, і трапіць у катэгорыю тых, хто рухаецца па жыцці, вобразна кажучы, па напрамку ветру, лічу для мужчыны недастойным.

Шлях у прафесію пачаўся з паступлення ў Лужаснянскі сельгастэхнікум. Выбар не быў выпадковым. Хлопец жа я вясковы, нарадзіўся ў невялікай вёсачцы Скураты. Хоць і вучыўся ў гарадскіх школах, амаль на кожныя канікулы прыязджаў да бабулі з дзядулем у Пруднікі. Жыццё вяскоўцаў было для мяне цікавым, а праца на зямлі захапляла. Пасля заканчэння з адзнакай навучальнай установы паўгода адпрацаваў памочнікам брыгадзіра на племзаводзе “Порплішча” і паступіў у Горацкую сельгасакадэмію. Вярнуўся адтуль у дарагія майму сэрцу Пруднікі, у калгас “Іскра”, стаў працаваць аграномам-аграхімікам, а ў хуткім часе стаў і галоўным аграномам. Ох, і наварочаў я там на першым часе! Нізкі паклон калгаснікам, якія трывалі ўсе мае эксперыменты. Кансерватарам-то я ніколі не быў і ўжо, мусіць, не стану, аднак паступова паявілася пэўная асцярога, разуменне таго, што рызыка абавязкова павінна быць разумнай, апраўданай. Ды і набыты вопыт, сапраўды “сын ошибок трудных”, урэшце стаў працаваць на карысць. Наша каманда спецыялістаў актыўна займалася культур-тэхнічнымі работамі, плённа працавала над павышэннем урадлівасці палёў, павелічэннем кармавой базы. У выніку на працягу некалькіх гадоў мы мелі самую высокую ўраджайнасць ў раёне. У тым, што “Іскра” ў хуткім часе была ўдастоена звання “Сельгаспрадпрыемства высокай культуры земляробства”, ёсць і вялікая частка той нашай працы.

Увогуле давялося паспрабаваць сябе на розных пасадах. Працаваў ва ўпраўленні па працы, занятасці і сацыяльнай абароне, інспекцыі па насенняводстве, каранціне і ахове раслін. З цеплынёй згадваю сем гадоў у аддзеле землеўпарадкавання, тых людзей, асабліва пажылых, у аддаленых маланаселеных вёсачках, каму дапамог у зямельных пытаннях. А самыя яркія ўспаміны з тае пары, калі кіраваў ДП “АграСітцы”, – усё ж такі работа, скажам так, палявым камандзірам мае шэраг пераваг над штабной, ды і каманда спецыялістаў там была моцнай, а гэта адзін з найважнейшых фактараў. На той час гаспадарка пачала ўжо паціху страчваць свае ранейшыя пазіцыі. Вельмі хацелася спыніць гэтае падзенне. Была прадумана праграма па вывядзенні прадпрыемства з крызісу. І яна пачала ўжо дзейнічаць, аднак па аб’ектыўных прычынах давесці справу да канца не атрымалася: вымушаны быў пайсці з пасады. З немалога жыццёвага вопыту вылучыў для сябе некалькі перакананняў. Ад уласных прынцыпаў нельга адступаць ні пры якіх абставінах. Усё ў жыцці чалавека залежыць ад таго, што ў яго галаве: хлеў там – ён і створыць вакол сябе хлеў, палац – пабудуе палац.

– Работа для Вас – кар’ера ці справа?

– Ніколі не імкнуўся туды, дзе больш плацяць, не прагнуў вышэйшых пасадаў, не рваўся да ўзнагарод – толькі шукаў справу па душы. Стараюся адносіцца да калег, падначаленых, усіх, з кім зводзіць лёс, з разуменнем і павагай. Не згодны і з тым, што мэта апраўдвае сродкі. Так, калі ты кіраўнік, то нельга дзесьці абысціся без ушчуванняў, пакаранняў рублём, аднак рабіць гэта трэба не прыніжаючы годнасць чалавека, каб ён не азлобіўся і твае дзеянні ў выніку не займелі адваротнага эфекту. Жыць жа трэба, каб пакінуць добры след – і сваёй справай, і сваёй чалавечнасцю. Калі ты кар’ерыст, гэта немагчыма.

– У якой яшчэ прафесіі маглі б сябе рэалізаваць?

– З дзяцінства вельмі люблю прыроду і маю цягу да вандровак. Памятаю, як вывучаў наваколле, бываючы ў бабулі з дзядулем. Асабліва вабіла рэчка Поня. Усё хацелася пабачыць: а што там, за наступным паваротам? Аднойчы  сустрэўся з лесніком у даволі глухіх мясцінах. Той дужа здзівіўся, як мяне туды занесла, ды яшчэ аднаго, патлумачыў, што навакол водзіцца шмат ваўкоў. А я не напужаўся, толькі яшчэ цікавей стала.

Таму прызнаюся: у маладосці хацеў памяняць прафесію. Пасля заканчэння тэхнікума намерыўся было паступаць у расійскі інстытут у Кіраве: толькі там рыхтавалі паляўніцтвазнаўцаў. Аднак мае намеры перапыніў бацька кароткім: “Коней на пераправе не мяняюць”. Тату я вельмі паважаў і не мог не прыслухацца да яго думкі, таму і рэалізаваў сябе менавіта ў сельскай гаспадарцы.

– Прадоўжыце выказванне: мая сям’я – гэта…

– … палова майго сэрца. Другая палова належыць рабоце, а ўсё астатняе, нават сяброўства, адступае на другі план. Шчаслівы ў шлюбе з маёй дарагой Алай Яўгенаўнай,  якая працуе вядучым аграномам у інспекцыі па насенняводстве. Разам мы больш за 30 гадоў. Гэта так важна, калі ў сужэнцаў існуе поўнае “пагружэнне” адно ў аднаго, калі дзеці вырастаюць годнымі людзьмі, калі бачыш свой працяг ужо ў іх дзецях. Дакараю сябе, што з-за вялікай занятасці не ўдзяляў столькі ўвагі сыну і дачцэ, колькі хацелася б. А з іншага боку, яны зараз згадваюць нашы сумесныя паездкі, вылазкі на прыроду, дамашнія святы як яркія моманты свайго дзяцінства. Бязмерна люблю свайго пакуль адзінага ўнучака Ромку, не магу нацешыцца ім. А што датычыцца выхавання, то, мяркую, яно асноўваецца найперш на тваім уласным прыкладзе. Павучаннямі не даб’ешся выніку, калі сам дзейнічаеш з імі ў разрэз.

– Што перанялі ад сваіх бацькоў, дзядоў?

– Любоў да парадку, адказнасць, дысцыплінаванасць – ад бабулі па мамінай лініі Анастасіі Сямёнаўны Модаль, ураджэнкі вёскі Мількунь, якая зведала, што такое вайна, не па кнігах ды фільмах, вырасціла пяцярых дзяцей і была для ўсёй нашай вялікай сям’і прыкладам жанчыны і маці. Апантанасць у рабоце – ад таты Уладзіміра Пятровіча. Ён у мяне заслужаны дарожнік Рэспублікі Беларусь, рацыяналізатар, сваёй справе служыў доўгія гады, ужо і на пенсіі. Увогуле ганаруся сваімі блізкімі і люблю іх.

–    Які сэнс укладваеце ў паняцці Радзіма, патрыятызм?

– Не прымаю тут ніякага пафасу, заклікаў і лозунгаў, дэманстрацый і акцый. Гэтым любоў да радзімы і вернасць ёй не выхаваць. Найвышэйшае праяўленне патрыятызму, у маім разуменні, – імкненне штодзённа рабіць свой унёсак на карысць бацькаўшчыны. Люблю наш раён, лічу яго жыхароў самымі шчырымі, добрасумленнымі, працавітымі, здольнымі. Пабываў у кожным населеным пункце, ведаю іх адметнасці. Цікаўлюся культурай і гісторыяй Беларусі, нашай Докшыччыны ў прыватнасці: кніга “Памяць. Докшыцкі раён”, можна сказаць, у мяне настольная. Падабаецца падарожнічаць і пазнаваць новае, але жыць хачу толькі на радзіме.

–    Які ён, свет Вашых захапленняў?

– Паляванне і рыбалка. Праўда, з-за занятасці вырвацца ў лес ці на вадаём выпадае вельмі рэдка, але  затое атрымліваю столькі станоўчых эмоцый, што надоўга хапае. А яшчэ я гадоў з пятнаццаці займаюся пчалаводствам. Справа не толькі карысная, але і вельмі займальная, бо ў гэтых надзіва разумных і арганізаваных крылатых насякомых нават нам, людзям, ёсць чаму павучыцца. З дзяцінства захапляюся і стральбой. Прыгадалася смешнае, як я, пяцікласнік, пасля ўрокаў штодзень заглядваў у цір – вучыўся тады ў Полацку. Грошай на кулі не меў, але ўжо з самага ранку мяне там, як анёла нябеснага, чакалі мясцовыя аматары спіртных напояў. Справа ў тым, што прызам за трапныя стрэлы была бутэлька віна, а дзе ім дрыготкімі рукамі патрапіць у цэль. Таму агульнымі намаганнямі “наскрабалі” мне капеек на кулі, а я “настрэльваў” ім некалькі бутэлек. Трэніраваўся так, а ўжо ў старэйшых класах нядрэнна выступаў на рэспубліканскіх спаборніцтвах.

– Ці бачыце герояў у рэальным жыцці?

– Так. Яны вакол. Звычайныя працаўнікі, сціплыя,  някідкія. Але ёсць трапны выраз: такія людзі трымаюць неба. Ім усё сказана.

Калі гаварыць пра тых, хто ў жыцці для мяне прыклад, то гэта найперш мой бацька. Яшчэ захапляўся мудрасцю, справядлівасцю, адданасцю справе дзядзькі Эдуарда Станіслававіча Модаля, які працаваў сувязістам. Нейкі чын не падпісаў хадайніцтва аб узнагароджанні яго ордэнам Леніна толькі з-за нібыта нямецкага прозвішча – такія былі часы. Эталон кіраўніка для мяне – Уладзімір Мяфодзьевіч Новікаў, Фёдар Іванавіч Маскалёнак.

– Ці згодны з меркаваннем, што чалавек без сяброў нібы печ без дроў?

– Абсалютна. Са сваімі найлепшымі сябрамі не маю магчымасці сустракацца часта, але сяброўства для мяне не ў сумесным баўленні часу, а ў еднасці душ нават пры розных поглядах на некаторыя рэчы.

– Якімі якасцямі, на Ваш погляд, павінна валодаць жанчына? Што ў ёй катэгарычна не прымаеце?

– Вернасць і ўменне дараваць – у шлюбе гэта, мусіць, галоўнае. Прычым, вернасць не ў вузкім паняцці “не здраджваць з іншым”, а ў куды больш шырокім разуменні гэтага слова. Не прымаю залішнюю, скажам так, крыклівую яркасць, якая даходзіць да вульгарнасці, як у знешнім выглядзе, так і ў паводзінах.

–    Ці можа быць шчаслівым чалавек, які не зведаў кахання?

– Не можа. Любоў – гэта аснова, соль жыцця. Каханне можа быць неўзаемным, пакутлівым,горкім, але нават такое пачуццё праз гады згадваецца светла, прыгожа, з флёрам лёгкага суму. Чалавек створаны для таго, каб яго любілі, каб ён любіў сам. Але гэта, безумоўна, маё асабістае меркаванне, і іншыя таксама маюць права быць.

– Любімыя колер, страва, літаратурны твор, музыка, від спорту, пара года.

– зялёны;

– гатую з задавальненнем сваю фірмовую страву – бефстроганаў;

– творы Джэка Лондана, іранічнага Марка Твэна, Уладзіміра Караткевіча, Янкі Маўра;

– класіка, найбольш Фрэдэрык Шапэн, бардаўская песня – Юрый Візбар;

– футбол, хакей, тэніс, біятлон;

– лета.

Алена НЕСЦЯРОНАК

Фота аўтара

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *