На вопросы «РВ» ответил директор Бегомльской вспомогательной школы-интерната Валерий Михайловский
Чарговы герой нашай рубрыкі – чалавек, адметнасць прафесійнай дзейнасці якога бясспрэчная і адзначана шматлікімі ўзнагародамі, у тым ліку Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь. Тузін пытанняў ад “РВ” – дырэктару Бягомльскай дапаможнай школы-інтэрната Валерыю Міхайлоўскаму.
– Валерый Пятровіч, ці можаце назваць падзею, якая вызначыла Ваш далейшы лёс?
– Чагосьці асаблівага, што паслужыла б штуршком да пэўных дзеянняў ці стала значным пераваротам у маім жыцці, не было. Родам я з суседняга Глыбоцкага раёна, заканчваў там Залесскую сярэднюю школу. Вучыўся з задавальненнем, меў схільнасць да прадметаў гуманітарнага цыклу, шмат чытаў. Да ўсяго, вельмі падабалася школьнае жыццё, у якім прымаў самы актыўны ўдзел: быў старастам класа, піянерскім і камсамольскім важаком. У школьнай атмасферы адчуваў сябе настолькі камфортна, што асаблівых ваганняў пры выбары прафесіі не ўзнікла: вырашыў стаць настаўнікам, каб праз колькі гадоў вярнуцца ў мілае для маёй душы асяроддзе. Падтрымала мяне і класны кіраўнік Марыя Уладзіміраўна Кажан. З першага разу інстытут імя Горкага не пакарыўся: тады ў педагагічных ВНУ былі даволі высокія конкурсы. Адслужыў у арміі і ўжо тады паступіў на жаданую спецыяльнасць «Гісторыя і грамадазнаўства”. Пасля заканчэння педінстытута пачаў працоўную дзейнасць на радзіме, выкладаў у старшакласнікаў пачатковую ваенную падрыхтоўку.
На Докшыччыну патрапіў у 1986 годзе, і тут сыграла ролю накіраванне на работу пасля заканчэння БДУ ў Бягомльскую сярэднюю школу маёй жонкі. У гэтай школе я настаўнічаў дзясятак гадоў. А ў 1996-ым тагачасны начальнік раённага аддзела адукацыі Анатоль Сцяпанавіч Ванюшын прапанаваў узначаліць дапаможную. Згадзіўся, мабыць, не ўяўляючы ў поўнай меры аб’ём работы, калі трэба клапаціцца пра дзяцей так, як клапоцяцца іх бацькі: харчаванне, лячэнне, адзенне і абутак, вольны час і так далей. Бо школа наша, калі так можна выказацца, маленечкая аўтаномная дзяржава. Такім вось чынам на доўгія гады вызначыўся мой лёс у прафесіі. Лічу яго шчаслівым, бо займаюся тым, да чаго ляжыць сэрца.
– Работа для Вас – кар’ера ці справа?
– Адназначна справа. Чатыры гады папрацаваў у кіруючай сферы, і, напэўна, паставіўшы перад сабой такую мэту, мог бы здзейсніць пад’ём па кар’ернай лесвіцы. Скажу коратка: зразумеў, што там не маё. Мне падабаецца працаваць з дзецьмі, я даражу сваім калектывам, удзячны ўсім – ад сваіх намеснікаў да тэхнічнага персаналу – за прафесіяналізм, адданасць справе, за тое, што мы – каманда. Радуе, што з году ў год дасягаем пастаўленых мэт: удасканальваемся, паляпшаем сваё матэрыяльнае становішча. Школа наша асаблівая, таму гаварыць, скажам, пра перамогі ў алімпіядах, інтэлектуальных конкурсах не выпадае. Аднак маем вялікую колькасць спартыўных узнагарод, з’яўляемся неаднаразовымі пераможцамі і дыпламантамі фестывалю “Зазяркалле”, рознага роду творчых конкурсаў, штогод прымаем удзел у фестывалі “Сонечны круг”.
Асноўная ж задача педкалектыву – падрыхтаваць выхаванцаў да самастойнага жыцця, даць азы пэўных прафесій. Нашы выпускнікі пасля паступаюць у Полацкае, Аршанскае прафтэхвучылішчы. Прыемна і адтуль атрымліваць добрыя водгукі. Ганарымся таксама, што нашымі намаганнямі па-сучаснаму абсталяваны слясарная, сталярная, швейная майстэрні. Хтосьці можа запярэчыць: дык у вас жа столькі спонсараў! Так, спонсарскую дапамогу мы прымаем, але ж спонсары не падаюць на нас з неба – наладжванне сувязяў з імі таксама важная частка работы, якая, паверце, патрабуе нямала сіл і часу. Ды і самі, як кажуць, не лыкам шытыя. Напрыклад, у тых жа цяпліцах, на рэканструкцыю якіх атрымалі сродкі з Еўрасаюза, працуем бесперапынна і кожны год вырошчваем каля дзвюх тон агародніны. Дзеці ахвотна даглядаюць бычкоў, свіней, трусоў – у мінулым годзе рэалізавалі сем тон мяса. Нядаўна вазілі свае вырабы з дрэва і швейную прадукцыю на ярмарку-выставу ў Хацежына, пад Мінск, а гэта значыць, займелі яшчэ дадатковыя грашовыя сродкі.
– У якой яшчэ прафесіі маглі б сябе рэалізаваць?
– Неяк не прыходзілася задумвацца пра гэта, але мяркую, што прафесіі тыя таксама былі б звязаны з людзьмі, у прыватнасці, з дзецьмі. Я ні ў якім разе не “папяровы” офісны клерк, мусіць, не змог бы займацца манатоннай працай, скажам, на станку. А вось развівацца ў прадпрымальніцкай дзейнасці, падаецца, можна было б паспрабаваць. А яшчэ магу ўявіць сябе музейным работнікам.
– Прадоўжыце выказванне: мая сям’я – гэта…
– … шчасце. З жонкай Тамарай мы разам ужо тры з паловай дзесяцігоддзі, а калі ўлічыць, што каханне зарадзілася яшчэ ў школьныя гады, то і ўсе чатыры нашы лёсы звязаны. Тамара Серафімаўна выкладае геаграфію ў Бягомльскай сярэдняй школе, такая ж апантаная ў рабоце, што, безумоўна, дае вынікі і адзначаецца ўзнагародамі рознага ўзроўню, ёсць нават Падзяка ад Прэзідэнта. У жыцці нас яднаюць агульныя інтарэсы, душэўная блізасць, каханне і павага адно да аднаго і, канечне, наша прадаўжэнне – дочкі Насця і Аксана. Яны наша радасць, наш гонар. Абедзве закончылі Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт, жывуць у Мінску, працуюць у прыватных кампаніях. Чакаем цяпер унукаў.
– Што перанялі ад сваіх бацькоў, дзядоў?
– Хочацца думаць, што дабрыню – ад любімай усімі намі, унукамі, бабулі Лены, Леначкі, як яе ўсе звалі. Гэта татава маці. Цяпло і ласку, якія ад яе зыходзілі, мы адчувалі, здаецца, тактыльна. Для ўсіх у яе былі добрыя словы, для кожнага з унукаў – рубельчык з пенсіі на прысмакі. Памятаю, як атрымаў двойку, дык бабуля Леначка перажывала з-за яе больш, чым я сам. Бацькі мае, Антаніна Лявонцьеўна і Пётр Сцяпанавіч, былі сяляне, з пачатковай адукацыяй, але вельмі мудрыя і гаспадарлівыя людзі. Тата – сталяр, цясляр. Ад яго пераняў ахвоту працаваць з дрэвам і навучыўся многаму, што павінен умець рабіць рукамі мужчына. Едзем з ім, бывала, па вёсцы на кані, а ён паказвае: вось у гэтай хаце я дзверы ўстаўляў, тут столь рабіў, там – зруб. Такую вось добрую памяць пра сябе пакінуў. Ад мамы мы з сёстрамі засвоілі цвёрда, што трэба трымацца разам, што нельга страчваць сваяцкія сувязі. Гэтаму вучым дзяцей. Збіраемся ў сястры ў Залессі ці яшчэ ў кагосьці з нас вялікай раднёй, разам са стрыечнымі братамі-сёстрамі і пляменнікамі, – шчырасць і сардэчнасць такіх зносін не заменяць ніякія сацсеткі і скайпы.
– Які сэнс укладваеце ў паняцці Радзіма, патрыятызм?
– Самы звычайны, без гучных заклікаў, лозунгаў, усялякага роду акцый і таму падобнага штучнага, чаго было і ёсць з лішкам і што ніякіх адносін да патрыятызму не мае. Пагадзіцеся, чалавек заўжды вырашае сам, што і каго яму любіць, а ўжо здольнасць любіць дзесьці даецца з генамі, у многім закладваецца ў сям’і, на прыкладзе старэйшых пакаленняў і, безумоўна, выхоўваецца на добрай літаратуры, веданні гісторыі сваёй Радзімы. Сцвярджэнне, што быць патрыётам – гэта ганарыцца Радзімай, лічу вузкім. Быць патрыётам – гэта менавіта любіць Радзіму, як маці любіць сваё дзіця незалежна ад таго, можна ім ганарыцца ці не. Любіць усім сэрцам і рабіць усё магчымае, каб пакінуць пасля сябе добры след.
– Які ён, свет Вашых захапленняў?
– Чытанне – класіка, гістарычная, ваенная літаратура. Не грэбую і добрымі дэтэктывамі. Спорт. Доўгі час у нашай школе была вельмі моцная валейбольная каманда. Увогуле ўдзельнічаем у рознага роду спартыўных раённых спаборніцтвах, турзлётах. Хварэю за біятланістаў-беларусаў. Вялікі аматар рыбалкі. Тэатральныя пастаноўкі і добрыя фільмы таксама маё. Нават на абед еду дадому, хоць мог бы харчавацца ў школе, дзеля таго, каб пераключыцца і паглядзець па тэлевізары штосьці пазнавальнае або для душы. Люблю гатаваць. Кажуць, нядрэнна атрымліваецца. У мяне ж, дарэчы, ёсць яшчэ адна прафесія – кухар. Закончыў 141-ую ваенную школу кухараў, служыў у Германіі ў такой якасці. Ну і сямейнае захапленне – падарожжы. Дзе толькі ні пабывалі з Тамарай! Самыя яркія ўражанні засталіся ад Італіі, Грэцыі, Турцыі, Іспаніі, Канарскіх астравоў. Дачушкі таксама шмат падарожнічаюць. Зараз вось пакутуем ад таго, што пандэмія перакрэслівае нашы планы, чакаем лепшых часоў.
– Ці бачыце герояў у рэальным жыцці?
– Працоўны гераізм – ён існуе ва ўсе часы. Для мяне яркім прыкладам з’яўляецца ветэран Вялікай Айчыннай вайны, чалавек, які быў усёй душой адданы сваёй радзіме і свята верыў у тое, што назначэнне кожнага – рабіць свет лепшым і быць карысным людзям, мой папярэднік Валянцін Іванавіч Якушэўскі. Схіляю галаву перад ім, яго памяццю. Шчаслівы ад таго, што ён пахвальна ацэньваў маю дзейнасць на пасадзе дырэктара школы.
– Ці згодны з меркаваннем, што чалавек без сяброў нібы печ без дроў?
– Згодны. Кажуць, шчырае сяброўства – падарунак нябёсаў. У такім разе для мяне ён аказаўся шчодрым. Сяброў маю, можа, не зашмат, але надзейных, правераных часам. Тут, у Бягомлі, гэта Пётр Гігель, Аляксандр Падцяроб, Міхаіл Вальковіч. Падтрымліваем адзін аднаго, сумесна вырашаем пытанні, разам адпачываем. Хай даруюць тыя, каго не назваў, – даражу ўсімі і заўжды рады сустрэчам.
– Якімі якасцямі, на Ваш погляд, павінна валодаць жанчына? Што ў ёй катэгарычна не прымаеце?
– Вельмі цаню дабрыню і мудрасць. Калі жанчына ўмее ісці на кампрамісы, згладжваць вострыя вуглы, гэта дарагога каштуе.
Дужа адпрэчвае дэманстрацыя сваёй перавагі, ганарлівасць і катэгарычнасць: маўляў, ёсць два меркаванні – маё і няправільнае. Гэтыя рысы непрывабныя і ў мужчынах, а ў жанчынах, дальбог, набываюць якуюсьці гратэскную форму.
– Ці можа быць шчаслівым чалавек, які не зведаў кахання?
– Складана адказаць на гэта пытанне, паколькі сам кахаў і кахаю, лічу, што чалавек нараджаецца на гэты свет, каб любіць. Адназначна сам без любові быў бы няшчасным, а вось сцвярджаць пра гэта ўвогуле не бяруся.
– Любімыя колер, страва, літаратурны твор, музыка, від спорту, пара года.
– Той, які ў пэўны час стварае добры настрой або здзіўляе незвычайным адценнем;
– стравы з мяса;
– раман Уладзіміра Багамолава “У жніўні сорак чацвёртага”, творчасць расійскага аўтара Аляксандра Тамонікава;
– эстрада 70-80-ых;
– валейбол, біятлон;
– лета.
Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота Аляксандра ВАРАНКОВІЧА.