В Глинской школе возобновили белорусскую обрядовую игру «Женитьба Терешки»

 

У Глінным “Цярэшку жэняць”.

У Глінным “Цярэшку жэняць”.

Старшакласнікі Глінскай школы ўзнавілі старажытны беларускі абрад “Жаніцьба Цярэшкі”, які ў 2009 годзе быў унесены ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі. Яго сутнасць заключаецца ў сватаўстве і “жаніцьбе” юнакоў і дзяўчат – з жартамі, песнямі і танцамі. Характэрны ён для зямель Падзвіння і не мае аналагаў не толькі за межамі Беларусі, але і рэгіёна – Лепельшчыны, Ушаччыны, Глыбоччыны, Докшыччыны. Зараз, канечне, гэты калядны абрад праводзіцца калі толькі пастановачна: у аграсядзібах, установах культуры і адукацыі.

Арганізацыяй абраду ў Глінным займалася кіраўнік школьнага этнаграфічнага музея “Спадчына” Аксана Самсановіч. Галоўныя ролі Маці і Бацькі выконвалі адзінаццацікласнікі Крысціна Ралавец і Юрый Падцяроб – іх можна назваць вядучымі, якія “падштурхоўвалі” ўдзельнікаў да выбару пары, “бласлаўлялі” іх на стварэнне сям’і, разбаўлялі атмасферу прыпеўкамі і смяшынкамі. Пары гулялі ў “Ручаёк” і на пацалунак, прабіраліся пад саматканым поясам, які з кожным разам апускаўся ўсё ніжэй і ніжэй, як быццам для іспыту на ўменне пераадольваць цяжкасці. Закончылася дзейства “вясельным” застоллем.

“Жаніцьба Цярэшкі” ў Глінскай школе была прадстаўлена ў праграме спектакля “Калядныя вечары”, падчас якога быў паказаны і абрад калядавання.

Кірунак нацыянальнага адраджэння з’яўляецца прыярытэтным у сістэме выхаваўчай работы гэтай установы адукацыі, і значную ролю ў яго адлюстраванні іграе этнаграфічны музей “Спадчына”. Яго падмурак заклалі ў 1991 годзе таленавітыя настаўніцы беларускай мовы і літаратуры Лідзія Маркавец і Ніна Васілевіч разам з тагачасным дырэктарам школы Вячаславам Малько.

Музей пастаянна папаўняецца новымі экспанатамі, на яго базе дзейнічае аб’яднанне па інтарэсах “Спадчына” ад раённага Цэнтра дзяцей і моладзі.

Навучэнцы школы паспяхова ўдзельнічаюць у шматлікіх акцыях. Летась у конкурсе этнаграфічных музеяў (экспазіцый), які праводзіўся ў рамках акцыі “Я гэты край Радзімаю заву”, глінскі музей заняў другое месца на ўзроўні рэспублікі.

Колькі гадоў запар ва ўстанове працаваў гурток дэкаратыўнай саломкі пад кіраўніцтвам Таццяны Дранковіч, і арыгінальныя карціны ўпрыгожвалі школьныя сцены. У рамках фестывалю-конкурсу “Нашчадкі традыцый” даследаваліся асаблівасці мясцовай вышыўкі, ладзіліся сустрэчы з майстрыхамі, быў створаны альбом пра іх рамяство.

– Мы імкнёмся не толькі вывучаць матэрыяльную і духоўную культуру продкаў, – гаворыць Аксана Самсановіч. – Хочацца, каб іх набыткі занялі сваё месца ў сучасным жыцці. Так, у мінулым годзе быў адноўлены адзін з відаў ткацтва паясоў – на бердзечку. Цяпер у час этнаграфічных мерапрыемстваў нашы артысты могуць прыгожа падперазацца. А такія святы, як “Каляды”, “Масленіца”, “Багач”, “Вялікдзень”, распавядаюць дзецям пра традыцыі і звычаі беларусаў. Гучыць народная музыка, ліецца чароўная беларуская мова – і ўскалыхваюцца патаемныя куточкі душы. Калі займаешся гэтай даўніной, яна падаецца жывой і цікавай. Блізкай. Цікава ткаць, весела польку танчыць. У гэтай сувязі ўспамінаюцца барадулінскія радкі:

Непадуладная нікому,

З захмарнай вераю на ўзноў,

Душа вяртаецца дадому

Да першавоч,

Да першасноў.

Ніна КРУКОВІЧ.

Фота з архіва Глінскай ДС–СШ.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *