Как молодогвардейцы из Бегомля сражались с фашистскими оккупантами

1cfdf2a0aee4e7665f4d469d67d3aa65Трымаю ў руках пажоўклы, з там-сям абарванымі краямі невялікі аркуш паперы, які разам з іншымі экспанатамі прыязна прадставіла галоўны захавальнік фонду Бягомльскага музея Ірына Вішняк. Яму 85 гадоў, равеснік 1937 года. Гэта “Пераводнае пасведчанне”, якое выдавалася тагачасным вучням пасля заканчэння навучальнага года. Яго ўладальнік “Ганчар Владзімір Юркаў”, які “…навучаўся ў шостым “б” класе Бягомльскай беларускай сярэдняй школы імя Кірава, мястэчка Бягомль, Бягомльскага раёна, Лепельскай акругі, Беларускай ССР і пераведзены у сёмы клас…”, праз чатыры гады разам з іншымі маладымі патрыётамі Бягомля стане адным з першых, хто пачне барацьбу з нямецка-фашысцкімі акупантамі.

Некалькі пасляваенных пакаленняў выхоўвалася на прыкладзе подзвігу маладагвардзейцаў – камсамольцаў з украінскага горада Краснадон, якія ў гады вайны стварылі падпольную арганізацыю. Юнакі і дзяўчаты шкодзілі, як маглі, акупантам, а потым, выдадзеныя правакатарам, пасля нечалавечых пакут былі расстраляны і кінуты ў шахту. Подзвіг Алега Кашавога, Ульяны Громавай, Любы Шаўцовай і іншых зрабіў бессмяротным пісьменнік Аляксей Фадзееў у рамане “Маладая гвардыя”, а пазней кінарэжысёр Сяргей Герасімаў у аднайменнай кінастужцы. Але не будзе вялікім перабольшваннем сцвярджаць, што свае маладагвардзейцы меліся практычна ў кожным больш-менш буйным населеным пункце. Час быў такі, калі героем марыў стаць кожны, і ў многіх гэта атрымлівалася.

1

У Бягомлі немцы з’явіліся 3 ліпеня 1941 года. Гэта былі рэгулярныя часці, а праз некалькі дзён у мястэчку ўсталяваўся нямецкі гарнізон. І амаль з першых жа дзён акупацыі пачало дзейнічаць супраціўленне. Яго першымі арганізатарамі сталі групы ваеннаслужачых, што трапілі ў акружэнне і хаваліся па лясах. З такой жа групы арганізаваўся атрад “Рамана”, на аснове якога восенню 1942 года была створана вядомая партызанская брыгада “Жалязняк”, дзе камісарам стаў былы першы сакратар Бягомльскага райкама КП(б)Б Сцяпан Манковіч. Менавіта Манковіч, пакінуты партыяй у тыле для арганізацыі падпольнай барацьбы, стаў ініцыятарам стварэння ў Бягомлі  баявой падпольнай арганізацыі.

За справу ўзяўся былы інструктар райкама партыі Якаў Шаўцоў. Яму неверагодна пашанцавала ўладкавацца на работу ва ўправу. Праз камсамольца Валодзю Таракана, з якім разам вярталіся дадому пасля няўдалай спробы перайсці лінію фронту, ён пачаў арганізацыю агентурнай сеткі. Па парадзе Шаўцова Валодзя ўладкаваўся настаўнікам у школу, якую да гэтага часу адкрылі немцы. І ўжо праз некаторы час разам з ім жадалі змагацца з акупантамі Улас Печань, Уладзімір і Мікалай Ганчары. Хлопцы збіралі зброю, боепрыпасы, даставалі медыкаменты, аўсвайсы і перадавалі іх у лес. Ім дапамагалі Генадзь Юхнавец, Іван Міхайлаў.

У падпольшчыкаў быў радыёпрыёмнік, і хутка бягомльцам сталі даступныя зводкі с фронту, што было вельмі важна. Немцы крычалі пра падзенне Масквы, а інфармацыя, якую распаўсюджвала моладзь, падтрымлівала маральны дух савецкіх людзей. Пётр Юхнавец арганізаваў падпольную групу, у якую ўваходзілі камсамольцы вёсак Караліно, Ліпск, Улессе.

podpolshhiki

Актыўны ўдзел у арганізацыі падполля прымаў таксама Кастусь Патапейка, які ў 1935 годзе закончыў Полацкі лесатэхнічны тэхнікум. Пра гэта сведчыць яго “Пасьведчаньне”, што таксама беражліва захоўваецца ў Бягомльскім музеі. Немцы прызначалі яго на пасаду дырэктара лясгаса, якую ён і займаў да вайны. Кастусь быў вельмі каштоўнай знаходкай для падполля. Ён часта ездзіў у Мінск па службовай патрэбе і мог, не выклікаючы падазрэння, быць сувязным з мінскім падполлем. Што і рабіў даволі паспяхова.

Гандлёвае забеспячэнне ў немцаў узначаліў Фёдар Буланда, узнагароджаны за ўдзел у вайне з белафінамі ордэнам Чырвонага Сцяга. Такі чалавек, канечне, не мог застацца ў баку ад таго, што адбывалася ў мястэчку. Буланда разам з Хацкевічам і Уладзімірам Мятліцкім перапраўлялі партызанам у лес харчы, крадучы іх у немцаў.

Вясной 1942 года, калі  партызаны прыступілі да больш актыўных дзеянняў, ім спатрэбіліся разведдадзеныя. У гэтай справе дапамагчы маглі падпольшчыкі. На сувязь з імі адправілі Ніну Бычынскую з вёскі Бедзіна. Перад вайной яна жыла ў Мсціжы, адна з першых уключылася ў барацьбу з акупантамі. Ужо восенню 41-га Ніна разам з сяброўкай Таццянай насіла партызанам харчы, сілкаванне для радыёпрыёмніка. Неаднаразова наведвалася па іх заданні ў Бягомль. Удваіх дзяўчаты пайшлі і на гэты раз, які стаў для іх ракавым.

Маладыя, гарачыя, нявопытныя, падпольшчыкі абсалютна былі не знаёмыя з правіламі сакрэтнай работы. Строгая канспірацыя, неаднаразовая праверка кожнага, нават самага, здавалася б, надзейнага чалавека, ім былі невядомы. Вось і Ніна амаль адразу адкрылася Золатцаву, і толькі таму, што ён быў камуністам, а гэта, на думку дзяўчыны, было галоўным доказам яго вернасці і адданасці. Каб яна толькі ведала, як моцна памылялася. Золатцаў да гэтага часу ўжо значыўся агентам гестапа.

2

– Калі я зайшла да Золатцава, ён адразу запытаўся, з кім прыйшла, – успамінала пасля вайны Таццяна Муштарэвіч. – Пачуўшы, што з Нінай, тут жа стаў збірацца быццам бы па нейкіх справах. Хутка ў хаце з’явіліся паліцэйскія. Мяне забралі і павялі ў паліцыю. Там кінулі ў камеру. А ў ёй на падлозе вельмі збітая, акрываўленая, ляжала Ніна. Яна папрасіла вады, і калі я нахілілася да яе, падаючы кружку, прашаптала: “Нічога не кажы на допыце, а Золатцаў – здраднік!”

У камеры з намі сядзела яшчэ адна дзяўчына, на выгляд гадоў 16-ці. Пра яе Ніна сказала, што яна правакатарка. Як толькі Бычынская пачала знішчаць спіскі, тая кінулася да дзвярэй, стала стукаць і клікаць паліцэйскіх. Такім чынам частка папер трапіла да немцаў. Мяне яшчэ два разы выклікалі на допыт, але я цвёрда стаяла на сваім: маўляў, нічога пра Ніну не ведаю, сустрэлася з ёй выпадкова, калі ішла па соль. Гэта мяне ўратавала.

Бычынскую ўзялі першай, потым арышты пасыпаліся адзін за другім. У хуткім часе ў засценкі гестапа трапілі Патапейка, Буланда, Хацкевіч, браты Печані, Ганчар. Апошнім арыштавалі Уладзіміра Таракана. Па яго прыйшлі проста ў школу. Валодзя выскачыў насустрач з пісталетам у руце. Але асечка, выстрала не адбылося. Гэтым скарысталіся паліцаі: збілі настаўніка з ног, потым акрываўленага пацягнулі па вуліцы.

Арыштаваных моцна катавалі. Білі да страты прытомнасці, адлівалі вадой і зноў білі. Маглі рабіць гэта проста ў двары камендатуры для застрашвання жыхароў. Аднойчы нечалавечыя пакуты мужа ўбачыла жонка Патапейкі. У маладой жанчыны не вытрымала сэрца, і яна памерла тут жа, пакінуўшы дваіх дзетак, аднаму з якіх не было і годзіка.

Дзевяць дзён глуміліся каты з патрыётаў. Потым расстралялі на ўскрайку мястэчка, прыкладна там, дзе зараз знаходзіцца завод “Ветразь”. Целы забітых родным не аддалі. Толькі пасля вызвалення Бягомля тыя змаглі перазахаваць на могілках дарагіх ім людзей. Прах Ніны Бычынскай у 1967 годзе перанесены ў брацкую магілу.

Пра подзвіг бягомльскіх падпольшчыкаў нагадвае нашчадкам памятная дошка, размешчаная на будынку сярэдняй школы. Слава і гонар тым, хто ахвяраваў жыццямі дзеля сваёй Радзімы і нас, сённяшніх.

У лістападзе 1942 года падпольшчыкі, якім удалося пазбегнуць арышту, узарвалі прамкамбінат, чым нанеслі адчувальную шкоду немцам. А ў снежні фашысты былі выбіты з мястэчка партызанамі брыгады “Жалязняк”. Партызанскай зонай, вольнай ад акупацыі, Бягомль быў да прыходу савецкіх войскаў у ліпені 1944 года.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *