В Тумиловичской школе в основе воспитания лежит национальная культура и история

Па параду ў выбары вершаванага твора – да любімай Валянціны Паўлаўны.

Па параду ў выбары вершаванага твора – да любімай Валянціны Паўлаўны.

Сёлета адна з ужо нямногіх у нашым раёне, ды і ў краіне таксама, школ, дзе навучанне вядзецца на беларускай мове, – Тумілавіцкая ДС-БШ адзначыць урачыстую дату – сваё 170-годдзе. Ажно ў далёкім 1852 годзе ў Тумілавічах расчыніла  дзверы першае на тэрыторыі сучаснага Докшыцкага раёна народнае вучылішча, а ў 1918 годзе дзейнічаў адзіны на Докшыччыне беларускі культурна-асветніцкі гурток. І ў сённяшняй школе на працягу многіх дзесяцігоддзяў асноўны кірунак выхаваўчай работы грунтуецца на аснове нацыянальнай культуры, гісторыі, беларускасці ў самым высокім значэнні гэтага слова.

– Нашым калектывам вельмі шмат зроблена па фарміраванні ў вучняў патрыятызму, любові да роднай мовы, літаратуры, цікавасці да ўсяго нацыянальнага, самабытнага, усяго таго, што можна акрэсліць выразам “Я беларус, і гэтым ганаруся”, – гаворыць дырэктар школы Вольга Ковель. – Дзейнічае этнаграфічны куток у выглядзе беларускай хаты, складзены зборнікі легендаў і паданняў нашай мясцовасці, слоўнік геаграфічных назваў, сабрана вялізная колькасць іншай, несумненна каштоўнай інфармацыі для будучых пакаленняў.

Больш за трыццаць гадоў у школе існуе аб’яднанне па інтарэсах “Спадчына”, якім ужо два дзесяцігоддзі кіруе настаўніца беларускай мовы і літаратуры Валянціна Малюжанец. Вучні разам са сваім няўрымслівым кіраўніком адрадзілі многія мясцовыя абрады, у тым ліку і “Жаніцьбу Цярэшкі”, пастаянна рыхтуюць тэатралізаваныя пастаноўкі па творах беларускіх аўтараў. Самыя яркія – “Прымакі”, “Мікітаў лапаць”, “Кошык весялосці”, “Залаты медаль”. Нават на бацькоўскіх сходах паказваюць спектаклі-мініяцюры. На апошняй раённай алімпіядзе па беларускай мове вучаніца Валянціны Паўлаўны Алеся Шах стала прызёрам. І такімі перамогамі, адзначае намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Таццяна Найдзяновіч, школа ганарыцца практычна кожны год, як і высокімі вынікамі тэсціравання па роднай мове пры паступленні ў ВНУ. Дарэчы, у большасці – без рэпетытараў.

Тыдзень беларускай мовы і літаратуры ў школе праводзіцца штогод і кожны раз насычаны цікавымі як па форме, так і па змесце мерапрыемствамі. Сёлета завяршальным акордам і апагеем тэматычнага тыдня стала імпрэза да 140-годдзя з дня нараджэння Янкі Купалы і Якуба Коласа, дзе вучні чыталі вершы беларускіх паэтаў. А карыснымі парадамі па выразным дэкламаванні з імі падзяліўся прызнаны майстар – настаўнік Генадзь Кулак.

Алена НЕСЦЯРОНАК.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *