У Докшыцах прайшла літаратурная вечарына, прысвечаная Эдуарду Зубрыцкаму
“Да вытокаў вяртаецца сваіх”… Пад такой назвай днямі ў раённай бібліятэцы прайшла літаратурная вечарына, прысвечаная 80-годдзю з дня нараджэння нашага земляка – ураджэнца вёскі Шклянцы, вядомага паэта, журналіста Эдуарда Зубрыцкага.
Эдуард Зубрыцкі пакінуў багатую паэтычную спадчыну – дванаццаць зборнікаў вершаў, напісаных ім у сталыя гады. У асноўным гэта філасофская лірыка. Аўтар задумваецца над адвечнымі пытаннямі, якія ва ўсе часы хвалююць чалавека, разважае пра маральна-этычныя ісціны, выказвае сваю любоў да радзімы, народа, бацькоў. Яго вершы напоўнены святлом і мудрасцю, прасякнуты настальгічнымі ноткамі, часам вельмі шчымлівыя і кранальныя. Такой жа светла-настальгічнай атрымалася і вечарына памяці мастака слова.
Адпаведны настрой у прысутных адразу ж стварылі абаяльныя вядучыя Анастасія Іоська і Наталія Варашэнь, апранутыя ў прыгожыя нацыянальныя строі. Гучала шмат вершаў у цудоўным выкананні Алены Сарокінай, Алены Чаркасавай, Ганны Суднік, аўдыторыя дружна падтрымлівала апладысментамі спявачак Святлану Гмыза і Вікторыю Плаўсюк. Аповед пра паэта суправаджаўся яркай фотапрэзентацыяй. Не абышлося і без падарункаў – для брата нашага знакамітага земляка Леаніда Зубрыцкага ўдзельніца клуба народных майстроў “Докша” Алена Івановіч напісала карціну.
Мяркую, не будзе памылковым меркаванне, што мерапрыемства, дзякуючы шчырай працы яго арганізатараў, атрымалася і пакінула цёплы след у душах усіх прысутных. У наш век касмічных хуткасцей так важна час ад часу на гадзінку спыніцца ў шалёным тэмпе жыцця і вярнуцца да сваіх вытокаў.
Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота аўтара.