Молодёжь на комбайнах успешно рулит в Докшицком районе
Першымі камбайнерамі-тысячнікамі могуць ганарыцца ААТ “Докшыцкі райаграсэрвіс” і ААТ “Бягомльскае”. Удвайне – таму што знакавага намалоту дабіліся менавіта маладыя механізатары, дастойная змена старэйшаму пакаленню. З добрым зачынам Віктара Судніка і Івана Батуру павіншавалі старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Васіль Васюковіч, першы сакратар раённай арганізацыі ГА “БРСМ” Вікторыя Ждановіч, кіраўнікі гаспадарак Андрэй Баговіч і Сяргей Патаповіч.
Віктар Суднік – чалавек, вядомы сваімі працоўнымі дасягненнямі не толькі ў раёне, але і ў вобласці, і матэрыялы пра яго поспехі, штогод і не па адным, з’яўляюцца на старонках нашай газеты. А вось з Іванам Батурам пазнаёміліся бліжэй. Хлопец мясцовы, бягомльскі, дзе нарадзіўся, там і прыгадзіўся. Прызнаецца шчыра, што асэнсаваў гэта ўдалечыні ад радзімы, калі вырашыў паспрабаваць хлеба дальнабойшчыка.
– Вярнуўся дадому, і не шкадую, што так зрабіў, – гаворыць Іван. – Наша сельгаспрадпрыемства нядрэнна развіваецца, абноўлены машынна-трактарны парк, па колькасці маладых працаўнікоў “Бягомльскае”, напэўна, першае. А ў мяне ўжо ёсць уласная сям’я, падрастае маленькі сын, і быць побач з блізкімі людзьмі штодзённа – гэта ўжо шчасце. Няхай зарплата і не такая высокая, як у вадзіцеляў фур, але яна дастойная, і галоўнае, ёсць стабільнасць і спакой.
Уборачная ў Івана не першая, і тысячныя намалоты ўжо былі раней. Нічога складанага, сціпла зазначае, калі тэхніка не падводзіць і ураджайнасць добрая. Сапраўды, бягомльскія нівы, хоць і пясчанікі, заглядзенне: чыстыя, збажына густая, каласы важкія. Думаецца, чакаць новых тысячнікаў там доўга не давядзецца.
Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота аўтара.