Первый комбайнер-двухтысячник появился в Докшицком районе
Жніво ў раёне блізіцца да завяршэння, аднак працоўныя перамогі не заканчваюцца, а спіс камбайнераў-тысячнікаў папаўняецца новымі імёнамі. Ды што тысячнікі – няўрымслівы Юрый Малюжанец з ААТ “Таргуны” адолеў дзвюхтысячны рубеж!
– Паляцеў матор у старэнькім КЗСе, дык Юрый Сяргеевіч памяняў яго ў рэкордна кароткія тэрміны, – зазначае кіраўнік гаспадаркі Мікалай Сіцько. – Можна сказаць, тут прафесіяналізму і працавітасці мала – патрэбна ўсёй душой хварэць за справу і любіць яе ўсім сэрцам. Юрый якраз з такіх людзей. Ганарымся ім, радуемся яго поспеху, чакаем новых працоўных перамог.
Першымі тысячнікамі адзначыліся яшчэ тры гаспадаркі. У ААТ “Докшыцкі райаграсэрвіс” імі сталі ў старэйшай узроставай групе апантаны Уладзімір Лаўцэвіч са сваім надзейным памочнікам Максімам Барысевічам. Уладзімір Пятровіч ужо збіўся з ліку, каторая гэта ў яго тысяча за ўсе гады, што ён правёў за штурвалам камбайна, – дакладна толькі тое, што тыя тысячы вымяраюцца не адзінкамі, а дзя сяткамі.
Пачуўшы ад старшыні райкама прафсаюза работнікаў АПК Васіля Васюковіча “Паедзем віншаваць тысячніка ў КУП “Докшыцкі”, спытала толькі: “Зяваліч?” І атрымала станоўчы адказ. Мусіць, нават прыродныя катаклізмы не змаглі б выбіць Сяргея Зяваліча “з сядла”, прымусіць знізіць узнятую высока яшчэ ў маладосці планку. Як вынік – у дружным тандэме з Сяргеем Зязюлем тысяча намалочана. На такіх людзях трымаецца свет – гэта выслоўе можна аднесці да кожнага хлебароба, названага ў артыкуле.
Лічбамі
48284 тысячы тон збожжа намалочана ў раёне па стане на 30 жніўня. Сярэдняя ўраджайнасць – 27,8 цэнтнера з гектара. С амая высокая – у ААТ “Таргуны” (33,4) і ААТ “Бягомльскае” (30,1). Па тэмпах уборкі лідары ААТ “Барсучанка”, дзе збожжавыя і зернебабовыя культуры ўбраны на 94,2 працэнта плошча ў, і ААТ “Докшыцкі райаграсэрвіс” (93,1 працэнта).
А ў ААТ “Барсучанка” тысячнага намалоту дасягнулі практычна адначасова два экіпажы: Мікалай Баброўскі і Дзмітрый Шылко, а таксама Вадзім Ламановіч і Сяргейф Кардоўскі. Што датычыцца апошніх, то яны прымчаліся на дапамогу гаспадарцы з РУП ЖКГ “Докшыцы-камунальнік”, дзе працуюць вадзіцелямі пагрузчыка і МАЗа. Узялі водпускі – і на барсучанскія палеткі.
– Вось так з разбегу – і на п’едэстал, – жартуе дырэктар сельгаспрадпрыемства Сяргей Маскалёнак, які прыехаў павіншаваць сваіх перадавікоў і ўручыць ім прэміі. – А калі гаварыць пра Мікалая Баброўскага, то ён трохі спрабаваў сябе ў іншага роду дзейнасці, у прыватнасці, на будоўлі, але “калгасныя гены” трымаюць моцна. Усё жыццё адпрацаваў у нас Мікалаеў бацька Віктар Сцяпанавіч, на МТЗ-3022 шчыруе брат Васіль – дынастыя, як ні кажы. Наш тысячнік дапамагаў бацьку трамбаваць сянаж яшчэ з пятага класа – ездзіць “Амкадор” па траншэі, а кіроўцы з-за руля не відаць. Таму рады, што вярнуўся, што трымае марку.
Сапраўды, нідзе так за цябе не парадуюцца і не будуць так табой ганарыцца, як на роднай зямлі. Ну а ўборачная ідзе, надвор’е пакуль спрыяе – чакаем новых выс окіх намалотаў.