В Докшицах прошёл конкурс творчества «Ярмарка семейных талантов»
Адкрыты творчы конкурс пад такой назвай прайшоў у парку Заазёрны ў межах Фестывалю дзвюх рэк. Свае разнастайныя ўменні на ім дэманстравалі сем’і Шаршунс з Глыбокага, Сяткоўскіх з Верхнядзвінска і нашы землякі Салаўёвы з Барсукоў.
Алена Шаршунс са старэйшым сыночкам Мацвеем шчыра і вельмі пранікнёна выканалі песню “Для чаго мы на свеце жывём” і сталі пераможцамі ў намінацыі “Сям’я, якая спявае”. Іх група падтрымкі – муж і малодшыя сын і дачушка заўзята падтрымлівалі выступленне.
Не адпусцілі без найгрышу “на біс” выдатны сямейны дуэт Вольгі і Аляксандра Сяткоўскіх з Верхнядзвінска, якім таксама дапамагалі старэйшыя дзеці Усцін і Лія, а малодшая Аліна чакала бацькоў дома, куды яны вярнуліся з дыпломам у намінацыі “Музычная сям’я”.
Не толькі візітоўку сваёй сям’і, але і выставу-дэгустацыю падрыхтавалі Аляксей і Васіліна Салаўёвы разам з дачушкамі. Чаго на ёй толькі ні было: рыбацкія трафеі і з густам зробленыя вырабы з дрэва, ферментаваныя зборы траў і сушаныя фрукты і ягады, разнастайнае дамашняе печыва, а яшчэ вязаныя вырабы і шыццё. Да таго ж усе члены сям’і былі апрануты ў адзіным стылі ў прыгожыя строі, рукі да вырабу якіх прыклала таленавітая Васіліна. Не дзіўна, што яны адзначаны ў намінацыі “Сямейная прыкладная творчасць”.
Падчас узнагароджання старшыня журы начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Алена Тулоўская падзякавала і гасцям, і землякам за ўдзел у конкурсе і пажадала і надалей развіваць творчыя здольнасці, якія, безумоўна, яднаюць бацькоў і дзяцей.
Наталля СТАШЭВІЧ.
Фота аўтара.