В Докшицком районе проверили готовность учреждений образования к новому учебному году
Дзіцячыя сады і школы раёна ў поўнай меры падрыхтаваны да новага навучальнага года. Да такой высновы прыйшлі спецыялісты санітарнай, пажарнай і іншых служб раёна, аддзел па адукацыі райвыканкама. У традыцыйным аб’ездзе ўстаноў напярэдадні 1 верасня прынялі ўдзел старшыня райвыканкама Алег Кавалёнак, старшыня раённага Савета дэпутатаў Валянціна Рандарэвіч, намеснік старшыні райвыканкама Аксана Палачаніна, начальнік аддзела па адукацыі Дзмітрый Парцянка.
За студзень – ліпень 2022 года на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы з бюджэту выдаткавана больш за 30 028 рублёў (з іх 22 988 рублёў на дашкольныя ўстановы, 2645 – установы агульнай сярэдняй адукацыі, 2646 – аздараўленчы лагер “Бярозка”, 559 – раённы цэнтр дзяцей і моладзі, 1189 – ЦКРНіР); са сродкаў, атрыманых ад дзейнасці, якая прыносіць даходы, – 17 412 рублёў; спонсарская дапамога, сродкі апякунскіх саветаў і іншае склалі 252 173 рублі.
На рамонт устаноў адукацыі за гэты перыяд накіравана 76 688 рублёў. З мясцовага бюджэту – 50 443, са сродкаў, атрыманых ад дзейнасці, якая прыносіць даходы, – 20 651, спонсарскай дапамогі, сродкаў апякунскіх саветаў – 5593 рублі.
Агульнае ўражанне ад наведвання прыемнае: прыгожыя звонку і ўнутры будынкі, квяцістыя і дагледжаныя тэрыторыі вакол іх. Але за гэтым крыецца велізарная праца педагогаў, тэхнічных работнікаў, шэфаў і бацькоў вучняў.
Асобна адзначым пэўныя штрыхі, якія малююць карціну падрыхтоўкі школ і садоў.
Барсукоўская БШ. Летам за бюджэтныя сродкі ўладкаваны пандус – у гэтым была вострая неабходнасць. Вырашыла школа і пытанне з адсутнасцю актавай залы – пад яе адвялі адзін з вучэбных кабінетаў. Цяпер гэта ўтульнае, з усімі неабходнымі атрыбутамі, зручнае для выступленняў памяшканне.
Вылучаецца школа і трапнымі знаходкамі ў дызайне тэрыторыі – проста вока цешыцца.
Значную падтрымку аказвае ўстанове мясцовая гаспадарка – ААТ “Барсучанка”. У гэтым годзе, напрыклад, за яе кошт набыта электракасілка.
Парплішчанская СШ. Зроблены капітальны рамонт кабінета фізікі і хіміі, ля школы сваімі сіламі ўладкавана арыгінальная зона адпачынку.
Параф’янаўская СШ. Многія школы, у тым ліку і гэтая, адыходзяць ад паклейкі шпалераў і фарбуюць сцены. Летам у Параф’янаўскай школе афарбавалі два кабінеты. Працягваецца замена жалюзі. Абнавіўся этнаграфічны куточак кабінета беларускай мовы і літаратуры – на сценах з’явіліся малюнкі з нацыянальным каларытам.
Ну а пра агароды-палеткі школы можна гаварыць доўга. Сёлета добры ўраджай цыбулі, памідораў, наліліся каласы элітнай пшаніцы.
Бягомльская СШ. У асноўным усе рамонтныя работы выконваюцца самастойна, без прыцягнення спецыялістаў з іншых арганізацый. Работнікі якасна абнаўляюць фасады шафаў. Два класныя кабінеты абстаўлены адрамантаванай мэбляй. З пачатку года школа зарабіла 12 тысяч рублёў на пазабюджэтнай дзейнасці – вырошчванні і продажы расады, пашыве бялізны, адукацыйных паслугах.
СШ № 1 г. Докшыцы. Адна з лепшых школ раёна – як па выніках адукацыйна-выхаваўчага працэсу, так і па добраўпарадкаванні. У гэтым годзе ўладкаваны новы кабінет біялогіі, каля спартзалы агароджана металічнай рашоткай памяшканне для інвентару, зроблены сталы для заняткаў па робататэхніцы. “Школа – узор для пераймання”, – падкрэсліў начальнік аддзела па адукацыі.
Глінская ДС – СШ. Капітальна адрамантаваны другі паверх будынка, а на першым паверсе – кабінет абслуговай працы для дзяўчынак і кабінет пачатковых класаў. На ўсіх дзвярах заменена шкло, а ў некаторых кабінетах – свяцільні.
Бягомльская дапаможная школа-інтэрнат. Абноўлены інтэр’ер сталовай, набыты мэблевыя модулі за спонсарскія сродкі, рамантуюцца шафы.
Крулеўшчынскі яслі-сад № 1. Сёлета каля ўстановы заасфальтавана дарожка, падведзена гарачая вада ва ўсе неабходныя памяшканні, заменены трубы пад халоднае водазабеспячэнне. Набыты параканвектамат, бялізна, посуд. Дзякуючы асаблівай дыпламатыі загадчыцы Ірыны Бабіч наладжаны канструктыўныя адносіны з шэфамі – ДРБУ-180, ПУ “Віцебскторф”, будаўнічай арганізацыяй чыгункі.
Параф’янаўскі яслі-сад № 1. Устаноўлены дадатковы воданагравальнік, і зараз увесь сад з гарачай вадой. Было заўважана, што тэрыторыя ўстановы заўжды ў бездакорным выглядзе. Безадмоўна дапамагаюць ва ўмацаванні матэрыяльнай базы Параф’янаўскае лясніцтва, ААТ “Докшыцкі райаграсэрвіс”, індывідуальны прадпрымальнік Віктар Копасаў з Лібераўшчыны.
Бягомльскі яслі-сад. Адрамантаваны падмурак, уладкаваны кабінет дэфектолага з аддзяленнем вучэбнай зоны ад спальні для дзяцей спецыяльнай групы. Набыты інфармацыйныя стэнды і банеры, сцэнічныя касцюмы для работнікаў і выхаванцаў.
Наконт парадку у бягомльскіх установах адукацыі ў цэлым Дзмітрый Парцянка адзначыў: “Сюды з гонарам можна прывесці гасцей”.
Яслі-сад № 2 г. Докшыцы. Заменена частка агароджы, адрамантавана музычная зала, набыты новыя ложкі і гульнёвая мэбля. Практычна ўсё надворнае абсталяванне зроблена рукамі работнікаў сада.
Яслі-сад № 4 г. Докшыцы. Пакладзена плітка на падлогу калідора на другім паверсе будынка, уладкаваны новыя гульнёвыя зоны ў двары, таксама ўстаноўлены параканвектамат. Работнікі змайстравалі цікавае гульнёвае абсталяванне.
***
У найбліжэйшы час запланавана абсталяванне сістэмамі аўтаматычнай пажарнай сігналізацыі Прудніцкай ДС – ПШ, Глінскай ДС – СШ, Бярозкаўскай ДС – БШ, Параф’янаўскага ясляў-сада № 1. У рамках праекта “Мадэрнізацыя сістэмы адукацыі Рэспублікі Беларусь” пачаты капітальны рамонт СШ № 2 г. Докшыцы. У першым пускавым комплексе выкананы капітальны рамонт даху, харчблока з набыццём неабходнага абсталявання. Адрамантавана сталовая, 3 навучальныя кабінеты, усе запасныя выхады і ўваходная група.
На капітальны рамонт з мадэрнізацыяй элементаў будынка СШ № 1 г. Докшыцы з раённага бюджэту выдзелена 300 000 рублёў.
У 2022 годзе неабходна выканаць работы па рамонце дахавага пакрыцця сіламі іншых арганізацый у СШ № 1 г. Докшыцы (майстэрні).
Сіламі ўстаноў адукацыі і Цэнтра па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый раёна прадугледжаны рамонт дахавага пакрыцця і парапетаў у Параф’янаўскай СШ, яслях-садзе № 4 г. Докшыцы, Парплішчанскай СШ, Глінскай ДС – СШ, аздараўленчым лагеры “Бярозка”, Крулеўшчынскай СШ.
Кіраўніцтва раёна выказала падзяку работнікам устаноў адукацыі за добрую падрыхтоўку да навучальнага года. Падводзячы вынікі, старшыня райвыканкама Алег Кавалёнак падкрэсліў значнасць аглядаў як магчымасці абмену вопытам паміж педагогамі.
Ніна КРУКОВІЧ.
Фота аўтара.