Хлеборобы Докшицкого района преодолели экватор уборочной
Па тэмпах уборкі сярод сельгаспрадпрыемстваў раёна ДП “АграСітцы” разам з ААТ “Бягомльскае” на перадавых пазіцыях. З 1930 гектараў збожжавых і зернебабовых па стане на 19 жніўня ўбрана ўжо 64,7 працэнта. Ураджайнасць складае 24,9 цэнтнера з гектара.
На палетках за вёскай Заборцы заспелі цэлы атрад экіпажаў камбайнераў – сем караблёў ніў снавалі ў налітых цяжарам каласах трыцікале туды-сюды, не раўнуючы як чаўнакі на ткацкім станку. Слупок тэрмометра ўжо ўпэўнена наблізіўся да лічбы трыццаць, і ўдалечыні карцінка ў расплаўленым ад гарачыні паветры і слупках залацістага пылу здавалася крыху размытай, акварэльнай.
З гэтага акварэльнага марыва раптам праглянулі даволі дакладныя абрысы камбайна – да нашай “Нівы” пад’ехаў старшы камбайнер Дзмітрый Міхалевіч. Малодшага, Уладзіслава Чыкуна, на мосціку не аказалася – Дзмітрый Браніслававіч адправіў яго з даручэннем на мехдвор. Міхалевіч, вядома, улічваючы тое, што гэта яго трыццаць другая ўборачная кампанія, а яшчэ дзве мае на сваім рахунку ў якасці памочніка, выдатна справіўся б і адзін. Але, кажа, удваіх і спадручней, і весялей.
– Камбайнаў праз мае рукі за тры з лішкам дзесяцігоддзі прайшло таксама тры, – распавядае механізатар-універсал. – Восем сезонаў працаваў на “Енісеі-1200”, затым дванаццаць верай і праўдай паслужыў мне “Дон”, а на КЗСе гэта таксама ўжо дванаццатае жніво. І я старажыл, і камбайн мой, – жартуе.
Дзмітрый Міхалевіч у кіраўніцтва сельгаспрадпрыемства і калег карыстаецца павагай за сваю працавітасць, адказнасць, гатоўнасць заўжды прыйсці на дапамогу і, канечне ж, прафесіяналізм. Любоў да тэхнікі яму прывіў з маленства бацька, які таксама ўсё жыццё прысвяціў шафёрскай справе на роднай зямлі. На рахунку камбайнера дзясятка паўтара тысячных намалотаў. Ці здолее дасягнуць гэтага паказчыку сёлета, пакажа час.
А вось Дзмітрый Аганесян, які працуе ў пары з зусім маладым камбайнерам-практыкантам Дзмітрыем Нарніцкім, такую мэту сабе паставіць не можа: ужо ў хуткім часе перасядзе за руль трактара, каб пачаць рыхтаваць глебу да сяўбы. Жніво ў старэйшага Дзмітрыя чацвёртае, а ў малодшага – першае, і ўражанні ў хлопца аб ім самыя станоўчыя.
Рупяцца на сітцаўскіх нівах таксама самы старэйшы ў гаспадарцы камбайнер Павел Шчасны, вопытныя Аляксандр Кудзерка, Міхаіл Латковіч, Пётр Шарох. Плячо ў плячо працуюць з імі Павел Місюль (Русланавіч) і Павел Місюль (Андрэевіч), Алег Грыгаровіч, Уладзімір Нарніцкі. Сяргей Кучыц да абеду сее рапс, а пасля з памочнікам Аляксандрам Норавічам садзіцца за штурвал камбайна. Не даюць камбайнам прастойваць вадзіцелі Міхаіл Бадун, Вячаслаў Жалейка і Віктар Макатовіч, якія адвозяць збожжа на МАЗах, а таксама механізатар Павел Далжонак.
Наперадзе яшчэ ўборка ячменю, яравой пшаніцы, зернебабовых. Пасеяна ў гаспадарцы і грэчка. Сіноптыкі на бліжэйшы тыдзень абяцаюць добрае надвор’е, а гэта, гаворыць выконваючы абавязкі галоўнага агранома Канстанцін Ходаравіч, дае шанс правесці ўборачную кампанію аператыўна і ў аптымальныя тэрміны.
Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота Вячаслава ЧАРВІНСКАГА.