День знаний в Докшицах для первоклассников и выпускников завершился вечерней праздничной программой
Дзень ведаў для першакласнікаў і выпускнікоў гарадскіх школ па традыцыі завяршыўся вячэрняй святочнай праграмай.
На цэнтральнай плошчы горада сабраліся школьнікі і іх бацькі, настаўнікі і прадстаўнікі мясцовай улады.
Малышы прачыталі вершы, старшакласнікі выказалі падзяку сваім педагогам і цёпла адазваліся пра родныя школы. Цвіком мерапрыемства стала перадача сімвалічнага ключа ведаў – выпускнікі ўручылі яго, як каштоўнасць, першакласнікам.
З пачаткам навучальнага года павіншаваў прысутных начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама Дзмітрый Парцянка. Пажадаў вучням запасацца цярпеннем і працавітасцю, атрымоўваць веды з задавальненнем.
Работнікі культуры арганізавалі для дзяцей захапляльныя гульні, танцы, флэшмоб. Выхаванцы Дзіцячай школы мастацтваў імя Н. Сакалоўскага і раённага Цэнтра дзяцей і моладзі выступілі з канцэртнымі нумарамі.
Тут жа размясціліся розныя пляцоўкі, прадстаўленыя РАНС, ДАІ, Цэнтрам гігіены і эпідэміялогіі, бальніцай, ДШМ, РК БРСМ і інш.
Так, РАНС прапанаваў мерапрыемствы ў рамках рэспубліканскай прафілактычнай акцыі “У цэнтры ўвагі дзеці”. Жадаючыя знаёміліся з пажарнай машынай, абсталяваннем, адзеннем выратавальнікаў, праходзілі паласу перашкод і здавалі “экзамен” па бяспецы.
На пляцоўцы ДШМ можна было пайграць на шумавых інструментах. Са спецыялістамі РЦГіЭ – разлічыць індэкс масы цела, вызначыць тлушчавую праслойку, рост і вагу.
Падобная напоўненасць Дня ведаў не толькі зніжае псіхалагічную напружанасць першакласнікаў, але і прыносіць ім карысць у асабістай бяспецы і агульным развіцці. Для выпускнікаў жа апошняе школьнае 1 верасня становіцца ўдвайне запамінальным.
Ніна КРУКОВІЧ.
Фота аўтара.