Партизанский аэродром действовал в годы Великой Отечественной войны в Бегомле
Пры ўездзе ў Бягомль з боку Докшыц стаіць абеліск, на вяршыні якога – макет самалёта. На адной з граней помніка надпіс: “Тут у 1943 – 1944 гг. дзейнічаў партызанскі аэрадром, праз які падрымлівалася сувязь з Вялікай зямлёй”. А ў Бягомльскім музеі народнай славы захаваліся сігнальныя ліхтары, якімі карысталіся партызаны пры абслугоўванні аэрадрома, акуляры планерыста, шалік і рукавіцы лётчыкаў. Дзякуючы існаванню паветранага моста былі вывезены з тылу шматлікія раненыя, хворыя, дзеці і дастаўлены боепрыпасы, зброя, медыкаменты. Уклад авіяцыі ў набліжэнні Перамогі цяжка пераацаніць.
Падтрымка з неба
Лётнае поле аэрадрома было зроблена на заходняй ускраіне Бягомля прыкладна ў 1935 – 1938 гадах. Але дзейнічаць ён пачаў у снежні 1942-га – пасля выгнання акупантаў, а рэгулярныя рэйсы наладзіліся з сакавіка 1943 года.
Спачатку Бягомль з Вялікай зямлёй звязвалі 5 буксірных самалётаў і 20 планёраў, а пазней гэтая колькасць узрасла да 11 і 72 адпаведна.
Праз Бягомльскі аэрадром вялося забеспячэнне больш за 40 партызанскіх атрадаў і брыгад Мінскай, Віцебскай, Вілейскай і Баранавіцкай абласцей. Народным мсціўцам былі дастаўлены 142 супрацьтанкавыя гарматы, 32 ручныя кулямёты, 33 ротныя мінамёты, 818 аўтаматаў, 98 вінтовак “СВТ”, 1440 драгунскіх вінтовак, 950 мінамётных мін, 28,4 тысячы патронаў да супрацьтанкавых гармат, 815 тысяч вінтовачных і 407 тысяч аўтаматных патронаў, 16,2 тысячы кілаграмаў узрыўчаткі і мін, 77 парашутных мяшкоў з медыкаментамі, іншы ваенны груз.
Абслугоўванне Бягомльскага аэрадрома было ўскладзена на спецыяльна створаную для гэтай мэты групу са 114 партызан (камандзір – І.П. Вадзянкоў, яго намеснік – І.І. Слабко). Яна займалася падрыхтоўкай аэрадрома для прыёму самалётаў і планёраў, іх разгрузкай, маскіроўкай, адпраўкай у зваротны рэйс. Да вывазу дастаўленых на авіятранспарце зброі і боепрыпасаў пастаянна прыцягваліся дзясяткі падвод з Бягомля і навакольных вёсак.
У перыяд дзеяння аэрадрома (сакавік 1943 – чэрвень 1944 гады) сюды прыляталі лётчыкі і планерысты Н.В. Аланоўскі, М. Асадчы, Бурмістраў, Варанцоў, Ватуцін, Дзямідаў, Мізін, Сідзякін, К.П. Лапікаў, А.С. Сініцын, С.А. Сняткоў і іншыя. Пры пасадцы на аэрадром і пералёце лініі фронту загінулі Агееў, Алямасаў, В. Выганаў, Галееў, В. Дзёмін, Кеўлін (Каўлін), Ю. Колесаў, Мінаеў, М. Мухамедгаліеў, Педчанка, Шуткін, П.І. Юфераў, Ягораў, А. Епішын.
Гісторыя аднаго палёту
У першыя дні вайны амаль усе лётчыкі і планерысты аэраклубаў таварыства садзейнічання абароне, авіяцыйнаму і хімічнаму будаўніцтву (папярэднік добраахвотнага таварыства садзейнічання арміі, авіяцыі і флоту) дабравольна адправіліся на фронт. Адны пераселі за штурвалы знішчальнікаў, штурмавікоў, бамбардзіроўшчыкаў, другія сталі пілаціраваць вялікія дэсантныя машыны, патрэбнасць у якіх узрастала.
У Саратаве была створана спецыяльная ваенная планёрная школа, дзе аэраклубаўцы праходзілі паскораны курс навучання. Сямнаццаці-, васямнаццацігадовых юнакоў вучылі лётаць асы, сярод якіх быў і Сяргей Анохін. Менавіта ён, будучы заслужаны майстар спорту, заслужаны лётчык-выпрабавальнік, Герой Савецкага Саюза, першым з планерыстаў прыляцеў на Бягомльскі аэрадром. Сяргей Мікалаевіч першым ажыццявіў узлёт і пасадку планёра з цяжкапараненымі партызанамі, за што быў узнагароджаны ордэнам Чырвонага Сцяга. Як гэта было?
…Ішоў 1943 год. Нашы партызаны, якія ўтрымлівалі вялікую тэрыторыю, мужна супраціўляліся гітлераўскім войскам. У сакавіку стала асабліва цяжка: не хапала боепрыпасаў, медыкаментаў і харчавання. Дастаўляць неабходныя грузы самалётамі было немагчыма, бо паблізу не было аэрадромаў і патрэбных пасадачных пляцовак. Тады і вырашана было скарыстацца транспартнымі планёрамі. Гэта безматорныя лятальныя апараты, для падняцця якіх у свабодны палёт выкарыстоўваюць, як правіла, самалёты.
Вось як праходзіў адзін з палётаў Сяргея Анохіна ў Бягомль з тэрміновым грузам для партызан.
…Аэрацягнікі ўзляталі адзін за адным з устаноўленым інтэрвалам. Анохін ішоў першым. Была вялікая воблачнасць, і пілот арыентаваўся толькі па адпрацаваных газах з выхлапных патрубкаў самалёта-буксіроўшчыка. Часам ад напружання здавалася, што і яны знікалі, тады ўзнікала адчуванне, што планёр ляціць у бездань.
Вось паказалася лінія фронту з пажарышчамі. Вораг заўважыў лётчыкаў – успыхнулі пражэктары, ударылі зеніткі. Снарады рваліся ў паветры побач. Лётчык-буксіроўшчык пачаў манеўраваць. Анохін паўтараў за ім рухі, але гружаны планёр быў малапаслухмяным. Тым не менш зададзеную дыстанцыю трэба было строга захоўваць, інакш – рывок, і трос лопне, як моцна нацягнутая струна.
…З моманту вылету прайшло больш за дзве гадзіны. Як паказваў час, аэрацягнік выйшаў у раён Бягомля. Унізе павінны з’явіцца ўмоўныя светлавыя сігналы, але іх не было. “Няўжо давядзецца вярнуцца, не выканаўшы задання?” – з трывогай думаў Анохін.
Нясцерпна доўга цягнуўся час. І раптам адзін за другім успыхнулі кастры: умоўныя сігналы! Анохін адчапіўся ад буксіроўшчыка і пайшоў на пасадку. Груз дастаўлены!
Праз невялікія прамежкі часу прыляталі іншыя планёры. Іх хутка разгружалі, і ўвесь рыштунак адпраўлялі на павозках у лес.
Партызаны сустракалі планерыстаў россыпам пытанняў: як ідуць справы на Вялікай зямлі? Калі армія вызваліць Беларусь? Ці хутка прыляцяць планерысты зноў?
Выяснілася, чаму ўмоўныя сігналы былі дадзены позна: перад прылётам тут кружыў нямецкі разведчык, і народныя мсціўцы баяліся, каб ён не вярнуўся назад.
Партызаны неслі страты, і на той момант у лесе знаходзіліся цяжкапараненыя, многім з якіх патрабаваліся тэрміновыя хірургічныя аперацыі. “Можа, падкінеце хлопцаў на Вялікую зямлю?” – папрасілі ў Анохіна. Нягледзячы на стомленасць ад пералёту, той адразу згадзіўся. Шыфроўкай выклікалі лётчыка Жалютава. Невялікія памеры пляцоўкі, куды прызямліўся планёр, выклікалі сумненні ў яго ўзлёце. Але ўсё ж рызыкнулі: на коне чалавечыя жыцці!
І вось планёр спрабуе ўзляцець. Коціцца па зямлі і не хоча падымацца ў неба. Сігнальны касцёр зусім побач, і, калі да яго ўзлёт не адбудзецца, трэба адчэплівацца ад самалёта. А гэта значыць, што раненыя застануцца без дапамогі, і ў рэшце рэшт іх чакае непазбежная смерць. Сяргей Мікалаевіч, які чуў стогны партызан і бачыў у іх вачах надзею на выратаванне, не спыніўся перад апошнім кастром… Спераду кусты, дрэвы, яр… І ўсё ж – якая ўдача! – планёр адарваўся ад зямлі. Цяжка павіс у паветры. Засталося ўтрымаць, не даць машыне ўпасці на крыло!.. Рызыка апраўдалася – аэрацягнік набраў вышыню… Раненых даставілі па назначэнні.
Колькі іх было – подзвігаў у імя іншых людзей! Занатаваных у гісторыі ці невядомых сучасным пакаленням. Наш абавязак – шанаваць памяць пра герояў і любіць Радзіму гэтаксама, як яны. Бо няма Радзімы – няма і народа. Няма нас з вамі.
На пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя у гонар нашых байцоў, якія забяспечылі існаванне партызанскага аэрадрома, Бягомльскаму музею народнай славы быў перададзены самалёт Іл-14. Раней ён выкарыстоўваўся ў палярнай авіяцыі, зараз жа ўвасабляе сабой памяць пра герояў. Ён устаноўлены на ўездзе ў пасёлак ля трасы Віцебск – Мінск, там часта праводзяцца ўрачыстыя мерапрыемствы.
Ніна КРУКОВІЧ.