Семейная пара из Бегомля создала «Габлюшку»

Барыс і Таццяна Лапшыны на фестывалі "Бягомльшчына родная,"

Барыс і Таццяна Лапшыны на фестывалі творчасці «Бягомльшчына родная, музычная, народная»

Рэдка ў якім доме ці кватэры не ўбачыш рэчы ручной работы. Яны, як нішто іншае, надаюць жыллю адметнасць, ствараюць настрой, гавораць пра таленты і густ гаспадароў і, вядома ж, выдатна спраўляюцца са сваімі, так бы мовіць, функцыянальнымі і эстэтычнымі абавязкамі. Здольнасць вырабляць штосьці сваімі рукамі дадзена не кожнаму чалавеку, а ўжо ж талент працаваць на ўзроўні майстра – яшчэ радзей. Як падаецца, Барыса і Таццяну Лапшыных з Бягомля, якія заснавалі сумесную рамесную майстэрню з цудоўнай назвай “Габлюшка”, па праве можна назваць сапраўднымі майстрамі.

– Для таго, каб чалавек зразумеў, што купленая ім рэч можа пасяліцца ў доме на доўгія-доўгія гады, а то і назаўжды, ад першага “Ах! Хачу!” да дакладнага “Маё!” павінен прайсці нейкі час, – разважае Барыс. – Для “Ах! Хачу!” аўтару работы трэба пастарацца зрабіць яе адметнай, арыгінальнай, а вось для канчатковага замацавання павінна быць высокая якасць і, вядома ж, моцная пазітыўная энергетыка, якая закладваецца ў працэсе стварэння. І тады рэч тая ніколі не надакучыць, і ёй заўжды знойдзецца месца ў доме, як бы ні мяняўся дызайн інтэр’еру.

Гэта сямейная пара дакладна не з катэгорыі рамеснікаў, якія імкнуцца зрабіць як мага больш за найменшы час і з найменшымі затратамі. Для куфэркаў, сурвэтніц, чайных домікаў, ключніц, ваз, календароў, падсвечнікаў, кулічніц, вешалак для прыхватак, падставак пад мабільныя тэлефоны і іншых мілых рэчаў Барыс Уладзіміравіч вельмі прыдзірліва падбірае дрэва, дэталі вырабляе бездакорна, каб не было ні трэшчынкі, ні шурпатасці, ні пацямненняў, ні іншых дробных недахопаў, якія псуюць агульны выгляд. Рэжа па дрэве ён толькі ўручную, вельмі беражліва адносіцца да інструментаў, кажа, прафесія рэзчыка ў чымсьці пераклікаецца з работай хірурга: адзін недакладны рух – і наступствы цяжка выправіць. Таццяна гэтак жа скрупулёзна ставіцца да сваёй часткі работы – дэкупажу. Шукае ў крамах папяровыя трохслойныя сурвэткі з арыгінальным малюнкам, а калі не можа знайсці патрэбнае, стварае карцінкі ўласнаручна.

У майстроў няма аднолькавых вырабаў – кожная рэч унікальная калі не па форме, то па афармленні дакладна. Таму, набываючы штосьці ў спадароў Лапшыных, можна быць упэўненым: такой рэчы не сустрэнеш больш нідзе. А яшчэ – што немалаважна! – гэта вельмі прыязныя, напоўненыя якімсьці ўнутраным святлом, шчырыя і добразычлівыя людзі, якія ўмеюць радавацца ўсяму таму, што дае ім жыццё, не гнацца за матэрыяльным і найперш цаніць тое, што не купіш ні за якія грошы. Дарэчы, Барыс завяршае будаўніцтва ўласнага дома – узвёў яго практычна ў адзіночку. А яшчэ сям’я Лапшыных шматдзетная, прычым, сужэнцы вырасцілі не толькі ўласных дзяцей, але і прыёмных. Зараз з імі жыве меншы сыночак-школьнік, які з задавальненнем вучыцца азам рамяства і прымае ўдзел у рэалізацыі прадукцыі.

Убачыць работы бягомльскіх майстроў і зрабіць свой выбар можна ў Instagram, а таксама ў краме “Лавка ремесел”, што адкрылася нядаўна ў Докшыцах. Акрамя прадстаўленага, можна заказаць тую ці іншую рэч згодна з уласным густам, па патрэбных памерах і ў патрэбнай колеравай гаме. Якасць работы і эксклюзіўнасць гарантаваны!

Алена НЕСЦЯРОНАК.

Фота Наталлі СТАШЭВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *