Урок патриотизма

oknot

Калі бываю ў Бягомлі, не прамінаю забегчы ў фірменную краму Лепельскага МКК. Гандлёвы аб’ект невялікі па памеры, аднак вельмі прывабны па асартыменце малочных, хлебабулачных, каўбасных вырабаў, а таксама бакалеі. Ды і абслугоўванне ветлівае і прыязнае.

Тыдзень таму накіравалася ў гэтую краму па сыр. Але ж, як водзіцца, па-жаночы прыхапіла малака, тварагу, спынілася каля маразільнага лара і, вагаючыся паміж латкамі з курынай раздзелкай, пачула словы, якія прымусілі азірнуцца: “Даставай калькулятар, памнажай па нашым курсе”.

Побач стаялі тры жанчыны і мужчына, аглядалі пачкі з маслам і пераводзілі іх кошт у расійскія рублі. Рабілі яны гэта гучна і здзіўлена каменціравалі кожнае дзейства: “Сто рублёў! А ў нас бачыла такі тавар за трыста ці чатырыста», «Ого, а я такі дома купляла за семсот!”

Па меры прасоўвання ад паліцы да паліцы кошыкі расіян напаўняліся беларускімі таварамі, а самі пакупнікі актыўна ўступалі ў дыялог з іншымі наведвальнікамі і прадаўцамі. Так давялося даведацца, што ў іх самы любімы беларускі шакалад фабрыкі “Камунарка”, што каўбасныя вырабы даспадобы літаральна ад усіх вытворцаў, што краіна наша прыгожая, чыстая і ўтульная, што прыязджаць у Беларусь прыемна не толькі дзеля адпачынку, але і па якасныя прадукты харчавання, што братэрства і сяброўства – гэта наша агульная спадчына. Адным словам, за сем хвілін у краме перажыла шэраг эмоцый: ад цікавасці да гонару і эмпатыі. Вось дзе сапраўдны ўрок патрыятызму.

…Па дарозе да райцэнтра пракручвала гэты звычайны, здавалася б, выпадак у галаве і раз за разам прыходзіла да высновы: за паўсядзённай мітуснёй мы вельмі часта забываемся пра тое, што нас акружаюць дастойныя рэчы, годныя людзі, нядрэнныя ўмовы. Што мы настолькі прызвычаіліся не заўважаць свайго і ганяцца за нечым чужым, шыкоўным, але часам ілюзорным, што кідаем пад ногі ўласныя здабыткі, абясцэньваючы чужую і сваю працу. Памятаеце выраз “Купляйце беларускае”? Што ён павінен выклікаць: сціпласць ці гонар? Падаецца, што апошняе. Толькі чаму нам пра гэта павінны нагадваць расіяне з паўнюткімі кошыкамі зефіру, цукерак, мяса і сыру ў краме? Давайце будзем ганарыцца тым, што ствараем самі. Без напаміну.

Наталля СТАШЭВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *