80 лет назад партизанская бригада «Железняк» освободила г.п. Бегомль от немецко-фашистских захватчиков

Помнік у гонар партызанскай брыгады “Жалязняк”, якая 80 гадоў таму вызваліла г.п. Бягомль ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Помнік у гонар партызанскай брыгады “Жалязняк”, якая 80 гадоў таму вызваліла г.п. Бягомль ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

muzejНайбуйнейшай аперацыяй праслаўленай партызанскай брыгады “Жалязняк” стала вызваленне 17 – 20 снежня 1942 года раённага цэнтра Бягомль. У Бягомльскім музеі народнай славы пра гэта напамінае гістарычны зборнік “У лясах Бягомля” – выданне газеты “Савецкі патрыёт”, якое пабачыла свет у 1944 годзе і змяшчае карту вызвалення пасёлка.

Бягомль меў вялікае значэнне для акупантаў у барацьбе з партызанскім рухам, бо быў звязаны з Мінскам, Віцебскам, Барысавам, Докшыцамі, Лепелем, Даўгінавам аўтамабільнымі дарогамі. Фашысты маглі ператварыць яго ў пункт для канцэнтрацыі карных войскаў.

Акупіраваны пасёлак стаў раённым цэнтрам нямецка-паліцэйскага кіравання. Тут фашысты абсталявалі свае ўстановы і для падтрымання парадку размясцілі гарнізон. Па раёне раскінулася сетка валасных упраўленняў з невялікімі паліцэйскімі гарнізонамі.

У хуткім часе пасля пачатку вайны на Бягомльшчыне з’явіліся першыя партызанскія групы, і нямецкія ўлады прымалі шматлікія меры па іх ліквідацыі, у тым ліку прачышчаючы лясныя масівы ў наваколлі з дапамогай сабак. А дзейнасць партызанскага руху толькі пашыралася.

У адплату акупанты знішчалі лясныя населеныя пункты разам з жыхарамі. Дзясяткі дзён на шыбеніцах віселі ні ў чым не вінаватыя мірныя людзі.

Увабраўшыся ў моц, народныя мсціўцы перайшлі да наступлення.

Вокладка гістарычнага зборніка “У лясах Бягомля”.

Вокладка гістарычнага зборніка “У лясах Бягомля”.

Са знішчэннем Кальніцкага моста гарнізон аказаўся адрэзаным ад асноўнага свайго суседа – Лепеля, перапыніліся прамыя зносіны паміж Мінскам і Віцебскам. Нямецкія і паліцэйскія ўлады адчулі хісткасць свайго месцаразмяшчэння і абвясцілі мабілізацыю ўсяго мужчынскага насельніцтва Бягомльскага раёна, каб папярэдзіць далейшае развіццё партызанскага руху, а таксама прыступілі да эвакуацыі збожжаскладаў па адзіным пакінутым шляху на Плешчаніцы.

Аднак партызаны перашкодзілі ўвасобіць задумы ворага, а таксама прадухілілі магчымасць адбудаваць масты праз Бярэзіну і Бузянку.

Першы налёт на гарнізон брыгада “Жалязняк” арганізавала ў чатыры гадзіны ночы 17 снежня 1942 года. На той час у яго склад уваходзілі 56 чалавек паліцыі, 83 – “самаабароны” і 38 – нямецкай жандармерыі.

Варта адзначыць, што немцы абуладкавалі ў пасёлку некалькі апорных пунктаў. Месцы размяшчэння гарнізона мелі дрэва-земляныя агароджы, на скрыжаваннях вуліц знаходзіліся дзоты, найбольш выгадныя для наступлення падыходы былі аблытаны калючым дротам. Таму поспех для прарыву партызан мог быць забяспечаны толькі абсалютнай раптоўнасцю – пры распрацоўцы аперацыі гэты фактар браўся за аснову.

Насамрэч вораг чакаў нападзення на гарнізон ужо на працягу доўгага часу і нарэшце аслабіў пільнасць. Тым і тлумачыцца факт, што нашы наступаючыя падраздзяленні не сустрэлі на ўскраінах арганізаванага супраціўлення. Асноўная частка гарнізона была заспета знянацку ў сваіх кватэрах і адрэзана ад апорных пунктаў.

І ўсё ж падчас лютых вулічных баёў умацаваныя немцамі аб’екты ўзяць не атрымалася – не хапіла неабходнай зброі. Але частка грамадскіх будынкаў, складоў і прадпрыемстваў была знішчана, падарваны мосты, здабыты трафеі. Пасля гэтага брыгада адышла ў Бабцы, дзе стаяў транспарт.

18 снежня быў аддадзены загад аб зборы партызан у раёне Бягомля для падрыхтоўкі другога налёту на гарнізон.

А бой пачаўся 19 снежня ў 02:00. За паўтары гадзіны былі знішчаны будынкі, блакіраваны ўмацаваныя аб’екты, камендатура, былы Дом Саветаў, з якога, аднак, так і не выбілі ворагаў. У 03.30 брыгада адышла да вёскі Бераснёўка.

У 19.00 гэтага ж дня ў Бягомльскі гарнізон прыйшло падмацаванне з Мінска – 600-700 моцна ўзброеных гітлераўцаў на 53 атамабілях.

Для барацьбы з імі 20 снежня ў Бягомль рушыла аб’яднаная партызанская групіроўка: брыгада “Жалязняк”, па адным атрадзе з брыгады Дуброўскага і брыгады Шляхтунова і батальён Мядзведзева. Але бою не атрымалася: фашысты, у тым ліку з недабітага гарнізона, паспелі пакінуць пасёлак.

Барацьба за Бягомль скончылася.

Карта вызвалення пасёлка.

Карта вызвалення пасёлка.

Усяго за час аперацыі знішчана 10 валасных упраў, раённая ўправа, памяшканне камендатуры і жандармерыі, пашпартны стол, тры збожжавыя склады, сенасклад, саляны склад, маслазавод, хлебапякарня, лясгас, пошта. Аптэка, прадуктовы і збожжавы склады былі вывезены. Акрамя гэтага, падарваны тры масты. Сярод трафеяў – мінамёт, 30 вінтовак, 2 спраўныя кулямёты і 2 няспраўныя, 3 тысячы патронаў.

Каля 50 ворагаў былі забіты ці ўзяты ў палон. На жаль, падчас аперацыі загінулі і два байцы брыгады “Жалязняк”: Іван Дранковіч і Міхаіл Аўчыннікаў.

Кіравалі аперацыяй камандзір брыгады Іван Ціткоў і камісар Сцяпан Манковіч.

Як і чакалася, у далейшым немцы, спрабуючы аднавіць сваю прысутнасць на Бягомльшчыне, распачыналі аперацыі з докшыцкага і плешчаніцкага кірункаў, але кожны раз вымушаны былі адступаць.

Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 29 чэрвеня 2009 года Бягомль у ліку іншых населеных пунктаў краіны быў узнагароджаны вымпелам “За мужнасць і стойкасць у гады Вялікай Айчыннай вайны”.

Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 29 чэрвеня 2009 года Бягомль у ліку іншых населеных пунктаў краіны быў узнагароджаны вымпелам “За мужнасць і стойкасць у гады Вялікай Айчыннай вайны”.

У вызваленым Бягомлі была створана ваенная гарадская камендатура, размешчаны штаб брыгады, перасоўны шпіталь, шэраг тылавых службаў. Вайна працягвалася, таму пачалася падрыхтоўка да абароны і самога пасёлка, і раёна ў цэлым.

Аперацыя сыграла вырашальнае значэнне ў развіцці партызанскага руху. Брыгада “Жалязняк” папаўнялася добраахвотнікамі. Суседнія атрады і брыгады ўзмацнілі баявую актыўнасць, што рассейвала ўвагу немцаў. Шлях з Мінска ў Віцебск быў канчаткова заблакіраваны партызанамі. Бярэзіна на поўнач ад Барысава і шэраг іншых водных перашкод маглі цяпер добра абараніць ад ворага. Да канца снежня быў вызвалены ўвесь Бягомльскі раён, што паслужыла асновай для стварэння Барысаўска-Бягомльскай партызанскай зоны.

З успамінаў Сяргея Табачнікава, былога начальніка штаба 3-га партызанскага атрада брыгады “Жалязняк”:

“Для гітлераўцаў страта кантролю над раёнам і парушэнне тылавых камунікацый на поўнач ад Мінска з’явілася моцным ударам. Каб неяк кампенсаваць яе, немцы пачалі будаўніцтва вузкакалейных дарог, якія часта падвяргаліся дыверсіям партызан.

Вызваленне ад акупантаў цэлага раёна плошчай больш за 2 тысячы квадратных кіламетраў з насельніцтвам каля 40 тысяч чалавек дадало ўпэўненасці іншым партызанскім злучэнням”.

Ніна КРУКОВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *