66-й год читает «Родныя вытокі» Болеслав Габранский из Докшиц
Да дакшычаніна Баляслава Габранскага завіталі днямі, каб уручыць яму, як аднаму з пераможцаў розыгрышу прызоў ад раёнкі па выніках падпіскі на першы квартал бягучага года, “роднавытокаўскі” каляндар. Асабліва прыемна было віншаваць Баляслава Васільевіча, калі даведаліся, што з нашай газетай ён сябруе ўжо амаль столькі ж гадоў, колькі яна выходзіць у свет. А яшчэ ўразіў ідэальны парадак на сядзібе і ў доме 83-гадовага гаспадара. Але пра ўсё па парадку.
– Раённую газету чытаю з тых часоў, калі толькі чытаць навучыўся, а яна называлася “Ленінскай трыбунай”, – паведаміў Баляслаў Васільевіч. – Газету выпісвалі мае бацькі – родам я з Барсукоў. І сам, як толькі стварыў уласную сям’ю, пачаў яе выпісваць. Раблю гэта да сённяшняга часу, бо цікаўлюся ўсім, што адбываецца ў раёне.
Працоўны стаж нашага суразмоўцы налічвае ледзь не чатыры дзясяткі гадоў, і ўсё ў адной арганізацыі, якая ў розныя часы мела розныя назвы, а ён называе проста – сельгастэхніка.
– На маім веку там змянілася дзевяць кіраўнікоў, а я, што называецца, з’ездзіў восем бензавозаў, – смяецца Баляслаў Васільевіч. – Прапаноўвалі мне напачатку новенькі ЗІЛ-130 і дужа здзівіліся, калі адмовіўся. А вось не хацеў вазіць даламітавую муку і выглядаць млынаром!
На кожным са сваіх бензавозаў Габранскі, які ўсёй душой любіць тэхніку і трапятліва да яе адносіцца, працаваў па тры-чатыры гады. Купляўся новы – і яго, як перадавіка, добрасумленнага, надзейнага і вопытнага работніка, “перасаджвалі” на гэту новую машыну. Кажа, моцна любіў сваю работу і ніколі не адчуваў стомленасці, незадаволенасці тым, што прыходзілася шмат часу праводзіць за рулём.
Сапраўдны гаспадар гэты цудоўны чалавек ва ўсім. Куплены ў Докшыцах дом, а дакладней, як сам выказаўся, толькі голыя сцены, давёў да ладу, расшырыў уласнаручна, узвёў гаспадарчыя пабудовы, паставіў прыгожую агароджу. І зараз, на дзявятым дзясятку, падтрымлівае ў доме і вакол парадак. Так там усё дагледжана – каб і хацеў падкапацца, дык няма да чаго. Ёсць чаму павучыцца маладым. А найбольш, прызнаецца, падабаецца яму працаваць на зямлі, якой яшчэ нядаўна мелася ажно тры гектары: з жонкай трымалі немалую гаспадарку. Зінаіда Мікалаеўна пайшла з жыцця зусім нядаўна, напрыканцы мінулага года. Боль гэтай велізарнай страты – а са сваёй суджанай Баляслаў Габранскі ў любові і згодзе пражыў 56 гадоў – стараюцца суцішыць родныя, але, вядома, у такім выпадку больш-менш загаіць рану можа толькі час.
– Мне б перажыць зіму і дачакацца вясны, – дзеліцца з намі Баляслаў Васільевіч, змахнуўшы скупую мужчынскую слязу. – А там, калі дасць бог здароўя, сяду за руль кармільца-“ўладзіміраўца”, якога яшчэ ў далёкім 85-ым выменяў на свае “жыгулі”-“капейку”, усе агрэгаты да яго зрабіў, акрамя капалкі, – і ў поле. І я пра яго клапачуся, каб бегаў, як рысак, і ён усе мае балячкі лечыць – добра нам удваіх. Зямлі, праўда, у мяне ўжо нямножка – 30 сотак толькі і агарод з кветнікам (гэта амаль у 84 гады!!! – Аўт.). З кветкамі будзе найцяжэй, – уздыхае, – імі ж Зіна мая займалася. Але ж не святыя гаршчкі лепяць – можа, і спраўлюся.
… Абавязкова справіцца, няма сумненняў. А вясна – яна ўжо не за гарамі.
Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота Вячаслава Чарвінскага.