Губляе мова смак
Пачытала тут неяк адзін артыкул у маладзёжнай рэспубліканскай газеце і жахнулася: наша мова (зразумела, гэтак сама і руская) стала напалову, улічваючы вымаўленне, дрэннай англійскай – запазычанні адтуль апошнім часам абрынуліся лавінай. Прадбачу аспрэчванне: так было заўжды. Не адношуся да катэгорыі грамадзян, якія пастаянна бурчаць: “Што робіцца, што творыцца! Вось у наш час…” І каму, як не мне, філолагу, разумець, што наша мова, як і любая іншая, – жывы арганізм, які пастаянна змяняецца. Каму, як не мне, ведаць, што спрадвечных славянскіх слоў у ёй добра калі чвэртка, а многае прыжылося з латыні, старагрэчаскай, той жа англійскай, нямецкай, французскай і іншых моў. Нічога тут катастрафічнага няма, калі словы тыя – неалагізмы, азначаюць новыя (!) паняцці або рэчы, якія ўзніклі ў пэўнай краіне, атрымалі там назвы, якія і распаўсюдзіліся па свеце. А для чаго, скажыце, нам называць творчасць крэатывам? А рукадзелле, ручную работу хэндмэйдам? А справу, занятак піджынам? Замяняць звыклае “прайдуся па крамах” або “зраблю пакупкі” на “займуся шопінгам”? Гаварыць не ўкаранёнае ўжо “віктарына”, а “квіз”, калі гэта тое ж самае? Па прынцыпе: чым больш незразумела, тым больш крута?
Куды ні кінь – спрэс маніторынгі і лізінгі, флэш-мобы і скрынінгі, мерчэндайзеры і рэсепшны… (Дарэчы, пра рэсепшн. З жыцця, камічнае. Навучэнцы ліцэя ў невялікім гарадку аднавясковец па просьбе бацькоў прывёз харчоў. Тэлефануе ёй на мабільны, дзе сустрэцца. Дзяўчына: “Ой, дзядзька Толя, я цяпер на пары, пакіньце ў інтэрнаце на рэсепшане” – менавіта так і вымавіла. Пайшоў, кажа, на той “рэсепшан”, а гэта аказаўся звыклы з савецкіх часоў стол на ўваходзе са звыклай вахцёршай бабай Нюрай. Але ж як гучыць!).
Тут жа пра гучанне. Чым жа гэта горш на слых наша слова “бітва”, што да месца і не да месца патрэбна торкаць “батл”? І што мяняецца, калі ўжо вядомага нам рэпетытара (слова з лацінскай мовы) мы будзем называць па-новаму – цьютар (з англійскай)? Англічане-то сваёй мовай даражаць, рускія ці японскія словы не хапаюць для абазначэння новых, а тым больш старых паняццяў і прадметаў. Такіх прыкладаў можна прыводзіць сотні. Думаецца, каб Пушкін змог нарадзіцца яшчэ раз, то, мусіць, разгубіўся б, як рыфмаваць усе гэтыя дрэгрэйсінгі і кол-цэнтры. А “великий и могучий”, ды і наша, беларуская, мова велічнасць і, самае галоўнае, свае смак і непаўторнасць, што ні кажыце, губляюць. У адрозненне ад англійскай. Нічога не папішаш: час дыктуе. Ці наша абыякавасць, няўменне цаніць сваё і дзіўная цяга да таго, што вякамі адпрэчвалася нашымі продкамі? Гэта я, да прыкладу, пра свята хэлоўін, ад традыцый якога жахаюцца святары. Але святы – ужо іншая гісторыя і іншая тэма для разважанняў.
Алена НАВАСЕЛЬСКАЯ.