Девушка-лесник из Бегомля увлеклась фотоохотой
Ганна Катовіч з Бягомля прафесію мае не самую лёгкую для прыгожай паловы чалавецтва. Пяць гадоў яна працуе лесніком у Бягомльскім лясніцтве, а гэта штодзённы шпацыр па сумётах зімовага лесу, у веснавое разводдзе ці ў летнюю спёку. Суразмоўца прызнаецца, што менавіта фізічна цяжкая для многіх прафесія лесніка ёй па душы.
Бо дзе, як не падчас догляду за маладымі ляснымі культурамі, можна назіраць, як набіраюць моц саджанцы сасонак і елачак, якія ты клапатліва адабраў у гадавальніку лясгаса, ачышчаюцца пасля нарыхтовак і набываюць другое жыццё маладыя дзялянкі, як раскрываюцца шышкі, каб даць новае насенне і жыццё лесу? Як хораша пасля гулу зімовай сцюжы пачуць, як цурчыць першы бярозавы сок, шапацяць новымі лісточкамі дрэвы.
Ці назіраць за пужлівымі аленянятамі, што імчаць па сваіх сцежках, альбо радавацца, сочачы за тым, як зайчаня, падабранае з падбітай лапкай і выхаджанае ў лясніцтве, робіць першыя пасля траўмы няўпэўненыя скокі. Усе гэтыя апісаныя карцінкі можна ўбачыць у групе лясніцтва ў сацыяльных сетках, дзе Ганна з радасцю дзеліцца сваімі фотаработамі. Дарэчы, асаблівае пачуццё святла, вывераны кадр і ўменне адчуць момант, калі трэба дастаць фотаапарат, у яе таксама ёсць. Не будзем забягаць наперад, але падаецца, што дзяўчыне трэба ў вольны час сур’ёзна заняцца фотасправай.
Да ўсяго, магчыма, з Ганны атрымаецца і нядрэнны, між іншым, вельмі запатрабаваны, спецыяліст па ландшафтным дызайне, бо яшчэ адно хобі дзяўчыны – вырошчванне раслін, асабліва туй, а таксама стварэнне іх мудрагелістых “прычосак”. У гэтых справах яе першыя дарадцы – матуля Тамара Пятроўна Сяцко – адзін з вопытнейшых бухгалтараў установы і муж Сяргей – майстар лесу Бярозкаўскага лясніцтва.
А тое, што да формы, якая нашай гераіні, безумоўна, вельмі пасуе, лепш за ўсё абуваць гумовікі ці чаравікі на зручнай падэшве, – для Ганны не так ужо і важна. Галоўнае, каб працаваць было зручна і каб карысць ад гэтай справы бачыць.
Наталля СТАШЭВІЧ.
Фота з асабістага архіва.