Новые правила начали действовать для владельцев агроусадеб

Аграсядзіба “У Таццяны”.

Аграсядзіба “У Таццяны”.

З 1 студзеня 2023 года ўступіў у сілу Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «Аб развіцці аграэкатурызму». Якія новыя правілы для ўладальнікаў аграсядзіб і іх гасцей прадугледжаны дакументам, расказвае спецыяліст па турызме ФСК «Ураджай» Марына Палуянчык.

– Адно з самых значных змяненняў – цяпер для таго, каб сядзіба магла функцыянаваць, яе ўладальніку трэба звярнуцца з заявай у службу райвыканкама “Адно акно” і атрымаць дазвол на дзейнасць. Да таго, як выдаць дакумент, спецыяльная камісія ацэніць стан аграсядзібы і яе магчымасці ў адпаведнасці з новымі нормамі Указа. Аб’екты, якія ўжо працуюць, павінны аформіць дазвол да 1 ліпеня. Каб лічыцца суб’ектам аграэкатурызму, уладальніку сядзібы, як і раней, трэба выконваць вызначаныя ўмовы: мець жылы дом не больш як на дзесяць пакояў і зямельны ўчастак, асабістую падсобную гаспадарку або вырабляць і перапрацоўваць на тэрыторыі аграсядзібы сельгаспрадукцыю, а таксама мець магчымасць знаёміць турыстаў з прыродай населенага пункта, архітэктурнымі аб’ектамі, нацыянальнымі традыцыямі. Разам з забеспячэннем жылымі пакоямі пастаяльцаў, харчаваннем за кошт вырашчанай або перапрацаванай на тэрыторыі сядзібы сельскагаспадарчай прадукцыі дазволена праводзіць прэзентацыі, юбілеі і банкеты, фізкультурна-аздараўленчыя і культурныя мерапрыемствы. Пералік паслуг дапоўнены правядзеннем майстар-класаў, якія знаёмяць з рамёствамі і нацыянальнымі традыцыямі рэгіёна.

Указам таксама ўстаноўлена адказнасць уладальнікаў аграсядзіб за парушэнне грамадскага парадку і спакою тых, хто пражывае па суседстве. Раней, калі суседзі скардзіліся на шум, вінаватымі лічыліся толькі адпачываючыя.

Як атрымаць дазвол?

У службе райвыканкама “Адно акно” паведамілі што, у адпаведнасці з новым Указам аб развіцці аграэкатурызму ад 04.10.2022 № 351, з 1 студзеня 2023 года ўстаноўлены абавязак суб’ектаў аграэкатурызму атрымаць рашэнне райвыканкама аб аказанні гэтых паслуг. Уладальнікам аграсядзіб (калі размова вядзецца пра фізічных асоб) неабходна прадаставіць у службу “Адно акно” заяву аб ажыццяўленні дзейнасці па аказанні паслуг у сферы аграэкатурызму і згоду ўласніка жылога дома на яго выкарыстанне для аказання паслуг у дадзенай сферы.

Юрыдычная асоба, якая працуе ў сферы аграэкатурызму, таксама падае заяву і згоду ўласніка. А вось пакеты дадатковых дакументаў у двух гэтых выпадках розныя. Запыты іх зробяць спецыялісты службы. Сама працэдура ажыццяўляецца бясплатна, толькі за даведкі аб жылых дамах, якія знаходзяцца ва ўласнасці, і выпіскі з рэгістрацыйнай кнігі аб правах ці іх абмежаваннях на зямлю неабходна будзе заплаціць у адпаведнасці з тарыфамі службаў, якія іх выдаюць.
За падрыхтоўку адміністрацыйнага рашэння і кансультаванне па дадзеным пытанні адказвае Сектар спорту і турызму райвыканкама, куды службай “Адно акно” накіроўваецца пакет сабраных дакументаў. Працэдура ажыццяўляецца ў тэрмін да 30 дзён.

Перад прыняццем Указа Мінспорта была праведзена інвентарызацыя аграсядзіб, падчас якой выявілася, што некаторыя іх уладальнікі пад відам работы ў сферы турызму фактычна арганізоўвалі гасцінічны ці рэстаранны бізнес, а таксама аказанне бытавых паслуг. Некаторыя сядзібы размяшчаюцца на невялічкіх участках плошчай ад 0,05 да 0,1 гектара, што не дазваляе выконваць умовы работы ў гэтай сферы.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *