О своей встрече с медведями рассказала молодой специалист Тумиловичского лесничества
«Я стаю на дарозе, каля ног круцяцца медзведзяняты, а насупраць з канавы ўстае на задніх лапах мядзведзіца… Я як стаяла, трымаючы ў руках тэлефон, так і засталася, перастала дыхаць, у думках развіталася з роднымі і заплюшчыла вочы…». Малады спецыяліст Тумілавіцкага доследна-вытворчага лясніцтва Лізавета Каштальян працуе ўсяго паўгода, але ўжо паспела пазнаёміцца не толькі з «зялёнай кухняй», але і з асобнымі яе жыхарамі.
Абраць спецыяльнасць, звязаную з прыродным светам, дзяўчына вырашыла яшчэ ў дзяцінстве: яе заўсёды зачароўвалі дрэвы-веліканы, якія з маленькага семечка ператвараліся ў магутныя дубы і сосны, што падпіраюць буйнымі галінамі нябесны блакіт. Пасля заканчэння лесагаспадарчага факультэта Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта падалася ў Глыбоцкі доследны лясгас, дзе яе размеркавалі ў Тумілавіцкае лясніцтва. І са жніўня ў Лізы пачалося рэальнае, зусім не па падручніках, асваенне прафесіі: кіламетры абходжаных лясных кварталаў, гадзіны начных дзяжурстваў, дзясяткі сустрэчных звяроў — ад самых замілавальных да самых вусцішных…
Дзяўчына займае пасаду майстра лесу: вызначае ўчасткі, дзе будзе праводзіцца высечка; кантралюе работу вальшчыкаў; сочыць за культурамі на доследным участку; праводзіць інвентарызацыю і піша накладныя; адпускае машыны з драўнінай. Па рабоце амаль кожны дзень знаходзіцца ў лесе, які, здараецца, сустракае не надта ветла. «Здаецца, што я бачыла ўжо ўсіх прадстаўнікоў жывёльнага свету Докшыцкага раёна: кабаноў, зайцоў, ласёў, казуль. Даводзілася бачыць і баброў, спрытных вавёрак. Адно ў маёй асабістай гісторыі сустрэч няма рысі, аднак гэта больш плюс, чым мінус», — расказвае дзяўчына.
Прыгоду, якая здарылася з ёй першага снежня мінулага года, Ліза ўспамінае з выразным адценнем жаху. Аднойчы снежным днём дзяўчына была на ўчастку з вальшчыкамі, адтуль пешшу праз лес пайшла да другога квартала — не было машыны. Абед, як тое часта бывае, сустрэла ў лесе: прысела каля дарогі, каб перакусіць. Бакавым зрокам прыкмеціла дзве постаці і спачатку падумала, што гэта сабакі, аднак спакой хутка пераключыўся на асцярогу — да ног Лізы падбеглі двое медзведзянят, панюхалі, пачалі гуляцца адно з адным. Дзяўчына адразу ж зразумела, што дзесьці побач знаходзіцца мядзведзіца, і пачала тэлефанаваць калегам з просьбай дапамагчы. Махнатая маці не прымусіла сябе чакаць… «Я стаю на дарозе, каля ног круцяцца медзведзяняты, а насупраць з канавы на заднія лапы ўстае мядзведзіца… Я, здаецца, перастала дыхаць, у думках развіталася з роднымі і заплюшчыла вочы. Яна падышла, панюхала — прайшла нібы цэлая вечнасць…» Потым Ліза адчула, што мядзведзіца падалася прэч, адбеглі і малыя, сцягнуўшы ў дзяўчыны рукавіцу з блінчыкам. Праз некалькі хвілін прыехалі калегі, доўга супакойвалі, аднак пасля яна ўсё ж не змагла заснуць цэлую ноч.
«Ведаеце, хтосьці рамантызуе гэту гісторыю: маўляў, малыя медзведзяняты такія мілыя. Аднак калі перад табой раптам паўстае буйны дзікі звер, які павінен быць у спячцы зімой, гэта выклікае канкрэтны адчай», — успамінае дзяўчына і называе 1 снежня сваім другім днём нараджэння.
Ужо потым ветэраны лясной гаспадаркі расказалі ёй, што тое месца завецца мядзведжым: там часта заўважаюць сляды і нярэдка сустракаюць гэтых звяроў. Дарэчы, папуляцыя бурых мядзведзяў за мінулы год на Віцебшчыне павялічылася ў два разы і дасягнула амаль тысячы асобін, яны зафіксаваны ва ўсіх раёнах вобласці. І ў Докшыцкім краі былі выпадкі, калі святар хаваўся ад драпежніка на дрэве, а сярод ляснічых хадзіў відэаролік, дзе медзведзяняты лазілі па ствалах, як кошкі.
Цяпер у лес Ліза выходзіць яшчэ больш асцярожна, аднак абраная прафесія не дазваляе быць адмежаванай ад прадстаўнікоў жывёльнага свету — так склалася, што лес вельмі хутка зладзіў маладому спецыялісту праверку на трываласць. Тым часам работнікі лясной гаспадаркі імкнуцца знайсці спосабы перасцерагчыся ад небяспекі з боку дзікіх жывёл: напрыклад, у некаторых месцах ёсць своеасаблівыя лесвічкі каля дрэў — для адыходу ад дзікоў. У пажаранебяспечны перыяд уваход у лес закрываецца шлагбаумам, а з мэтай выяўлення парушальнікаў парадку леснікі ўстанаўліваюць фотапасткі, якія рэагуюць на рух. Часта, вядома, на здымках, што аўтаматычна прыходзяць у лясніцтва, аказваюцца вавёркі, казулі і ласі; але ж часцей — людзі, якія імкнуцца ў лес у ягады раней за дазволены тэрмін; некаторыя грамадзяне спрабавалі нават красці фотапасткі, за што ім вокамгненна «прылятаў» не толькі штраф з адміністрацыйнай адказнасцю, але і «шчаслівае» фота на памяць.
Яшчэ пацікавілася ў дзяўчыны, ці знаходзіла яна падчас лясных вандровак рогі, што скідаюць ласі ўвесну. Яны як сімвал прафесіі ёсць амаль у кожнага лесніка, а вось Лізе знайсці іх пакуль не даводзілася — будучая вясна будзе першай у яе працоўнай дзейнасці.
Пасля двух гадоў работы ў лясніцтве малады спецыяліст плануе перайсці ў мясцовы гадавальнік, дзе вырошчваюць і дэкаратыўныя расліны, бо атрыманая спецыяльнасць усё ж схіляе ў бок азелянення. А ўсім, хто плануе звязаць жыццё з лясной гаспадаркай, дае параду: «У гэтай галіне зможа працаваць толькі той, хто па-сапраўднаму любіць лес з усімі яго сакрэтамі, не баіцца жывёльнага свету і ставіцца з увагай да кожнага складніка нашай прыроды».
Аляксандра ГВОЗДЗЕВА, «Звязда».
Фота з архіва гераіні