Бухгалтер филиала «Докшицкое ДРСУ № 180» не потерялась в потоке цифр

img_0702

Бухгалтарскія будні – гэта не суцэльныя дні сурка. Пра перавагі сваёй прафесіі расказала начальнік сектара бухгалтарскага ўліку і справаздачнасці філіяла “Докшыцкае ДРБУ № 180” КУП “Віцебскаблдарбуд” Святлана Калантай.

З 1 студзеня бягучага года яе пасаду перайменавалі – да гэтага Святлана Аляксандраўна была галоўным бухгалтарам прадпрыемства.

Да прыходу ў дарожнае рамонтна-будаўнічае ўпраўленне працавала ў райста, камунгасе і яго філіяле № 1 на розных пасадах: аператарам ЭВМ, эканамістам, бухгалтарам і галоўным бухгалтарам. У ДРБУ ўладкавалася тры гады таму на месца бухгалтара, а з ліпеня 2021-га ўзначаліла бухгалтарскую службу.

Начальнік філіяла Уладзімір Місачэнка адзначае ўласцівае Святлане Калантай вялікае жаданне працаваць і называе яе сваёй надзейнай памочніцай. Сама ж яна таксама лічыць гэтую якасць базіснай у любой прафесіі. Вопыт набудзецца.

– Бухгалтар запатрабаваны ў любой галіне, таму пошукі працы па спецыяльнасці не выклікае праблем, – кажа Святлана Аляксандраўна. – Прафесія вымушае пастаянна вучыцца ў сувязі з выхадам новых законаў і інструкцый. Прыходзіцца аналізаваць, кансультавацца з калегамі. І, наогул, гэта цікава – бачыць за лічбамі цэлую гісторыю развіцця прадпрыемства і “чытаць” яе, як кнігу.

Разам са Святланай у бухгалтэрыі працуюць такія ж кампетэнтныя Зоя Северына і Наталля Ляжневіч. Вопытная Зоя Сямёнаўна амаль усё сваё працоўнае жыццё прысвяціла ДРБУ і ведае кожную дробязь, што тычыцца яго дзейнасці, дапамога такога работніка бясцэнная. Не пакідае калег без падтрымкі і былы галоўны бухгалтар Ала Рачыцкая – штомесяц у справаздачны перыяд прыходзіць яна для падстрахоўкі, каб папярэдзіць магчымыя пралікі сваёй маладой пераемніцы.

Адказная работа не сапсавала характар Святланы. Заўсёды стрыманая, ветлівая, усмешлівая. На пазітыве і дома са сваімі дзецьмі – дванаццацігадовай дачкой Ксеніяй і шасцігадовым сынам Ягорам. Знаходзіць час і на праверку ўрокаў, і на чытанне кніг, і на аквааэробіку. Галоўнае, як было зазначана, – жаданне. А яно ёсць.

Ніна КРУКОВІЧ.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *