Как самозанятому накопить на пенсию, рассказывает начальник Докшицкого районного отдела ФСЗН

img_3081

У той ці іншы перыяд жыцця практычна кожны задумваецца пра сваю пенсіённую будучыню. Прасцей за ўсё тым, хто працуе па грамадзянска-прававым дагаворы, бо ў такім выпадку ён застрахаваны работадаўцам пры фарміраванні працоўнага стажу. Калі ж чалавек займаецца дзейнасцю, якая не адносіцца да прадпрымальніцкай, з’яўляецца самазанятым, яму трэба самастойна паклапаціцца пра пенсіённую будучыню. Магчымасць фарміравання пенсіённых правоў у будучым прадастаўлена Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 27 снежня 2018 года № 500 “Аб дзяржаўным сацыяльным страхаванні”. Норма вельмі актуальная з улікам павышэння пенсіённага ўзросту і павелічэння патрэбнага стажу работы з выплатай узносаў. Падрабязней пра гэта мы пагутарылі з начальнікам раённага аддзела Віцебскага абласнога ўпраўлення Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Тамарай Палянскай.

– Пачнём з азоў. Што патрабуецца для назначэння працоўнай пенсіі ў нашай краіне?

– У 2023 годзе ў грамадзяніна павінна быць мінімум 19 гадоў стажу з выплатай узносаў у бюджэт фонду сацыяльнай абароны насельніцтва. Штогод патрабаванні да страхавога стажу павялічваюцца на шэсць месяцаў, і да 2025 года неабходная яго працягласць складзе 20 гадоў. Наяўнасць стажу і заробку для назначэння пенсіі пацвярджаецца звестакамі персаніфікаванага ўліку ў сістэме дзяржаўнага сацыяльнага страхавання. Кожнаму працуючаму органамі Фонду адкрываецца індывідуальны асабовы рахунак, на якім назапашваюцца звесткі аб працоўным стажы, сумах выплат, на якія налічваюцца абавязковыя страхавыя ўзносы, налічаных і выплачаных абавязковых страхавых узносах.

– Як атрымаць інфармацыю са свайго індывідуальнага асабовага рахунку?

– Ёсць некалькі спосабаў. Можна звярнуцца да нас у раённы аддзел Фонду, прад’явіць пасведчанне сацыяльнага страхавання, дакумент, які сведчыць асобу, і запоўніць заяву ўстаноўленага ўзору. Інфармацыя выдаецца бясплатна. Ёсць магчымасць скарыстацца паслугамі інфармацыйных пасрэднікаў у адным з аддзяленняў Белпошты ці Белтэлекама. Паслуга прадастаўляецца на платнай аснове. Маючы даныя пра свой страхавы стаж, грамадзянін самастойна прымае рашэнне аб неабходнасці выплаты абавязковых страхавых узносаў за перыяд самазанятасці, тым самым гарантуючы сабе права на будучую працоўную пенсію.

– Тамара Пятроўна, як далей дзейнічаць самазанятаму, калі ён вырашыў паклапаціцца пра сваю пенсію зараз?

– Самазанятай асобе неабходна стаць на ўлік у раённым аддзеле Фонду па месцы сваёй рэгістрацыі. Гэта адбываецца на падставе заявы. Пры пастаноўцы на ўлік прад’яўляецца дакумент, які сведчыць асобу, і квітанцыя аб аплаце адзінага падатку або іншы дакумент, што пацвярджае ажыццяўленне дзейнасці, якая не адносіцца да прадпрымальніцкай. Другім крокам стане непасрэдная выплата ўзносаў. Самазанятыя асобы выплачваюць узносы з дня пастаноўкі іх на ўлік і толькі на пенсіённае страхаванне, гэта значыць у памеры 29 працэнтаў ад вызначанага імі самастойна даходу, але не менш чым з памеру мінімальнай заработнай платы з улікам індэксацыі. Напрыклад, за студзень 2023 года мінімальная сума ўзносаў складае 160,66 руб. (554,00 * 29%). Пры гэтым выплачваць іх можна штотыдзень, штомесяц або адзін раз у год. Гэта ўжо на выбар грамадзяніна. Канчатковы разлік за папярэдні год неабходна зрабіць не пазней за 1 сакавіка.

– Якім чынам самазанятыя ажыццяўляюць плацяжы?

– Варыянтаў мноства: наяўнымі грашыма ў касы банкаў, а таксама з выкарыстаннем плацежна-даведачных тэрміналаў, інфакіёскаў, інтэрнэт-банкінгу, мабільнага банкінгу, банкамата, прылад прыёму наяўных грошай (cash-in) і іншых пунктаў банкаўскага абслугоўвання, падключаных да сістэмы “Разлік” (АРІП). Пры гэтым страхавыя ўзносы выплачваюцца толькі за перыяды ажыццяўлення дзейнасці. Перыяды ажыццяўлення або неажыццяўлення дзейнасці і сумы выплачаных узносаў адлюстроўваюцца самазанятымі асобамі ў дакументах персаніфікаванага ўліку, а менавіта ў “індывідуальных звестках” формы ПУ-3. Запоўніць форму можна з дапамогай спецыяльнага праграмнага комплексу, прызначанага для падрыхтоўкі дакументаў персаніфікаванага ўліку, які можна спампаваць па спасылцы https://ssf.goy.by. Форма ПУ-3 прадастаўляецца ў органы Фонду адзін раз у год, не пазней за 31 сакавіка за папярэдні год. Пры ўзнікненні складанасцей з запаўненнем формы ПУ-3 самазанятай асобе заўсёды дапамогуць у раённым аддзеле Фонду па месцы рэгістрацыі. Калі ў вас яшчэ засталіся пытанні па тэме, тэлефануйце ў наш аддзел па нумарах 5-99-86, 5-99-85, 5-99-87. Дадаткова звяртаю ўвагу на тое, што з 1 студзеня 2023 года ў рэспубліцы ўведзена новая сістэма падаткаабкладання – падатак на прафесійны даход. У выпадку выбару названай сістэмы падаткаабкладання, самазанятыя грамадзяне будуць удзельнічаць у сістэме дзяржаўнага сацыяльнага страхавання праз выплату гэтага падатку (у гэты падатак уключаны ўзносы ў бюджэт Фонду).

Наталля СТАШЭВІЧ.

Фота Вячаслава ЧАРВІНСКАГА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *