Счастье и гордость Марии Винниковой из Докшицкого района

img_4454-ob-1

Напярэдадні Міжнароднага жаночага дня ў жыцці галоўнага бухгалтара ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Марыі Віннікавай адбылася нечаканая прыемная падзея, якая ўзрушыла жанчыну да глыбіні душы: прадстаўнікі ўпраўлення ўнутраных спраў Мінскага аблвыканкама прыехалі павіншаваць яе са святам і ўручыць пісьмо-падзяку за выхаванне сыноў, капітанаў міліцыі Анатоля і Дзмітрыя Віннікавых. Прызнаюся, вельмі крануў здымак, зроблены падчас урачыстасці: застылыя слязінкі ў прыгожых, бяздонна глыбокіх вачах Марыі Анатольеўны. Неяк адразу ўспомнілася такое ж фота алімпійскай чэмпіёнкі па фігурным катанні Ірыны Радніной, якое абляцела ўвесь свет. Толькі там эмоцыі выклікаў трыумф перамогі, а ў нашым выпадку гэта слёзы мацярынскага шчасця.

img_4404

Пра што могуць гаварыць, сабраўшыся разам, дзве жанчыны, за плячыма якіх немалы пройдзены шлях, дастаткова філасофскі погляд на жыццё, як выявілася, аднолькавае разуменне галоўных чалавечых каштоўнасцей і незагойны боль ад страт? Вядома ж, пра жаночае.

– Марыя Анатольеўна, існуе меркаванне, што быць цалкам рэалізаванай у розных, так бы мовіць, сферах для жанчыны немагчыма. Калі моцна засяроджваешся на справе, недадаеш любові мужу і дзецям. Калі спраўляешся і там, і там, не застаецца часу на сябе, свае інтарэсы, патрэбы, захапленні. А яшчэ ж шмат сіл паглынаюць бытавыя клопаты. Згодны з гэтым?

– Не магу выказацца за ўсіх жанчын: лёсы, характары, светаўспрыманне, актыўнасць – яны ж індывідуальныя. Толькі мне здаецца, і Амерыкі тут не адкрыю, што жанчына можа паспяваць усюды, ні ў чым не быць абдзеленай, ніколькі не абдзяляць любоўю родных і адчуваць, што жыве напоўніцу, а не круціцца вавёркай у бясконцым коле дзён тады, калі мае надзейны тыл, не проста моцнае мужчынскае плячо – родную душу, з якой зрастаецца сваёй. Мой дарагі Валодзя, мой адзіны і каханы муж, быў для мяне маяком, які дапамагаў вытрымаць любыя жыццёвыя буры. Калі яго не стала, на змену прыйшлі тры нашы дарослыя сыны, наша агульнае шчасце, нашы гонар і радасць. Толя і Дзіма, як ужо вядома, у міліцыі, маюць не па адным дыпломе аб вышэйшай адукацыі. Старэйшы, Ягор, узначальвае адно з буйнейшых сельгаспрадпрыемстваў на Лепельшчыне. Я бабуля трох унукаў – Арцёма, Вані і Лёшкі, набыла дачушак у асобах нявестак. Дзякую за ўсіх Богу, малюся за іх. Яны маё святло, мой якар, мая апора. Жыву імі і, дзякуючы сваёй і іх любові, акумулюю ў сабе сілы і жаданне працаваць, пазнаваць новае, знаходзіць радасць у кожным дні.

“Тры кіты” Марыі Віннікавай.

“Тры кіты” Марыі Віннікавай.

– Давайце крыху раскажам чытачам пра Ваш працоўны шлях.

– Ён у мяне настолькі просты, што я нават не ведаю, чым тут можна іх зацікавіць, – губляецца суразмоўца. – Нарадзілася і вырасла я ў вёсачцы Скураты, у звычайнай сям’і сельскіх працаўнікоў. Мама і тата дужа марылі, каб мы, тры іх дачушкі, атрымалі адукацыю, і я ўжо пасля заканчэння 8-га класа вылецела ў свет – паступіла ў Навапольскі сельскагаспадарчы тэхнікум на бухгалтара. Сказаць, што рвалася менавіта ў гэту прафесію, не бяруся. Ну ці магла тады разумець, чаго канкрэтна хоча, пятнаццацігадовая дзяўчынка? Але зараз, праз дзясяткі гадоў, хачу зазначыць, што ніколі ў душы не забалела: не тым займаюся. Ніколі работа не была для мяне пакутай, цяжкім грузам. Мусіць, гэта і ёсць тады маё месца? Прынамсі, думак кшталту “а вось каб я пайшла ў медыцынскі…” таксама ніколі не ўзнікала.

Пачынала я ў родным калгасе “Іскра” ў 1986 годзе бухгалтарам. Гады ішлі, набралася вопыту, адшліфавала неабходныя веды – стала бухгалтарам галоўным. І шчасліва працавала на гэтай пасадзе і тады, калі гаспадарка стала называцца СПК “Прудніцкі”, і тады, калі яна аб’ядналася з Бераснёўкай. І вось наступіў 2018 год. Сельгаспрадпрыемства наша прызналі банкрутам, а мяне накіравалі працаваць намеснікам дырэктара ў ААТ “Бягомльскае”. А адтуль у маі 2020-га патрапіла на сённяшнюю пасаду ва ўпраўленне па сельскай гаспадарцы і харчаванні. Вельмі хочацца спадзявацца, што прыйшлася да месца, што апраўдваю аказаны давер.

– Кар’ерны рост для Вас важны?

– Не. Важна іншае: ацэнка маёй працы кіраўніцтвам, калегамі, падначаленымі – усімі, з кім зводзіць лёс. Важна яшчэ, як мяне ўспрымаюць не толькі як спецыяліста, але і як чалавека. Маеш значныя хібы ці ў адным, ці ў другім – лічы, не самарэалізаваўся, і памяці пасля сябе добрай не чакай. Гэта вельмі складана, але да гэтага абавязкова трэба імкнуцца.

– Як Вы разумееце выраз “моцная жанчына”? У чым яе моц? Ды і ці ёсць яны ўвогуле, моцныя?

– Ох, вельмі складанае пытанне. Ну хто з нас, паклаўшы руку на сэрца, хоча быць моцнай? Напэўна, кожная жадае быць проста шчаслівай. А якія выпрабаванні пашле табе Неба і як ты будзеш іх пераадольваць – гэта ўжо асобная тэма. У чым моц жанчыны? У тым, што яна можа дазволіць сабе, калі ніхто не бачыць, стаць слабай – змучанай маральна і фізічна, спустошанай, кажучы вобразна, са зламанымі крыламі або нават перабітым хрыбтом… Але прыходзіць раніца – і яна выходзіць у свет лёгкай паходкай, у туфельках на абцасах, з укладзенымі валасамі і падфарбаванымі вейкамі. Усмешлівая, энергічная, упэўненая ў сабе. І нікому ў галаву не прыходзіць, што ўсяго некалькі гадзін таму яна білася ў роспачы і адчаі на мокрай ад слёз падушцы. Гэта можна аналогію з дрэвамі правесці. Бура. Моцны, здаецца, непахісны дуб – хрась! – і зламаны, тоненькую ж гнуткую асінку прыгінае парывам ветру аж да зямлі. А пацішэе вецер, глядзіш – яна і паднялася. Толькі ўсё адно такога кампліменту ў свой адрас чуць не хацелася б: быць моцнай вымушаюць абставіны, а не ўласнае жаданне.

– За што Вы асабліва ўдзячны сваім бацькам, калі не адзначаць тыповае: за любоў, клопат, падтрымку?

– За іх веру ў мяне, мае здольнасці. За тое, што рана прывучылі да самастойнасці – гэта ў жыцці ох як спатрэбілася. За тое, што сумленнасці, прыстойнасці, павазе да старэйшых, працавітасці вучылі не настаўленнямі, а ўласным прыкладам.

– Калі б была магчымасць “перапісаць” жыццё, што ў ім памянялі б, адкарэктавалі?

– Думаю, што нічога. У мяне былі шчаслівае дзяцінства, цудоўныя бацькі, каханы муж, у мяне ёсць мае дзеці, унукі, сёстры, пляменнікі, сябры – я іх вельмі люблю. Я працую з задавальненнем і знаходжу чым заняць сябе ў вольны час. Хіба для чалавека гэтага мала? Прачытала дзесьці, што ўспаміны пра шчасце – гэта ўжо не шчасце, а ўспаміны пра боль – усё яшчэ боль. Не магу цалкам згадзіцца: успаміны пра шчасце таксама грэюць, а перажыты боль дзесьці робіць цябе чысцейшым, мудрэйшым, больш чалавечным і спагадлівым да болю чужога. Таму, магчыма, і ёсць правільнасць у тым, што наша жыццё не мае чарнавых і чыставых варыянтаў.

– Якія маленькія радасці ў Марыі Анатольеўны?

– А можна адразу пра вялікія? Гэта калі прыязджаюць дзеці з сем’ямі. А наведваюцца яны часта. Дом ходзіць ходырам, і гэта цудоўна! А маленькія… Іх безліч. Расцвіла на падаконніку архідэя – радасць. Снегірок прыляцеў на рабіну за акном. Сяброўка ў госці прыйшла. На рабоце дзень склаўся як найлепш. Купіла нічога такую сукенку. Унучак сказаў першае слова. Тут галоўнае – гэтыя радасці заўважаць і цаніць. Мне здаецца, я ўмею.

– А чым любіце займацца ў вольны час?

– Домам. Кветкамі. Пачытаць штосьці харошае ці паглядзець добры фільм. Калі чакаюцца госці, з ахвотай гатую штосьці смачненькае, пяку торт ці пірог, чаго для сябе ніколі не раблю – на пліту можна смела паставіць вазу з кветкамі (смяецца). Падарожнічаць люблю, вывучаць гісторыю і культуру сваёй краіны і іншых.

– Калі б вынайшлі машыну часу, куды б з яе дапамогай – у якую краіну, у які час – Вы хацелі б патрапіць?

– У сваё мінулае, калі яшчэ былі жывыя ўсе, каго я моцна люблю.

img_4406 img_4431

Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота Аляксандра ВАРАНКОВІЧА і з асабістага архіва.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *