“Любіш маму – лайкні”, або Пра сурагатныя пачуцці

lyubish

Памятаеце, як у савецкія часы, калі Інтэрнэт як паказчык небывалага скачка ў развіцці чалавецтва маляваўся толькі туманна-размыта ў літаратуры жанру фантастыкі, прыходзілася па пошце атрымліваць дзіўнага зместу лісты з пагрозай у канцы, што, калі не перапішаш тое пасланне 5, 10, 20… разоў і не разашлеш сваім сябрам, радні і знаёмым, цябе чакаюць вялікія непрыемнасці і нават беды? І некаторыя ж перапісвалі, рассылалі, зусім не задумваючыся, каму і навошта гэта трэба і чаму тыя людзі, якія запусцілі бессэнсоўны, незразумелы працэс, ставяць сябе вышэй за Бога, пагражаючы Яго карай у выпадку непаслушэнства. Што мы маем у ХХІ веку? Тое ж самае! Ужо ў сацсетках шлюцца нейкія бязглуздыя гісторыі, немаведама адкуль узятыя малітвы, якія нібыта падымаюць з ложка паралізаваных і вылечваюць ад анкалогіі, і безліч усяго, што да рэальнага жыцця адносін зусім не мае, з тымі ж пагрозамі за “перарыванне ланцужка”. І па-ранейшаму знаходзяцца тыя, хто патрабаванні перасылкі выконвае: секундная справа, а раптам і праўда: не перашлеш, дык пашкадуеш?

Ну, пісьмы гэтыя куды яшчэ ні йшло. Скажам так, своеасаблівы тэст на ўзровень інтэлекту. Бязмерна раздражняе іншае: фотаздымкі старэнькіх жанчын з подпісам “Любіш маму – лайкні”. Або больш катэгарычная – гэта ўжо нават раз’юшвае! – форма: “Не паставіш лайк – ты не любіш сваю маму!”. Ну як тут не абурыцца? Любіш маму – патэлефануй лішні раз, прыедзь ды ўскапай ёй агарод, прыбярыся ў хаце, паклапаціся пра яе здароўе, жыві, у рэшце рэшт, так, каб ёй за цябе не было сорамна. Гэта, мусіць, куды складаней, чым зрабіць на тэлефоне імгненны рух пальцам і адчуць сябе героем? Каму, навошта патрэбны такія пацвярджэнні любові, калі любіць сваіх бацькоў апрыёры ўваходзіць у паняцце “быць чалавекам”? Зразумела, ёсць выключэнні і з гэтага правіла, што зноў-такі, пагадзіцеся, ніяк не тэма для ўсеагульнага абмеркавання.

Не магу нічога сказаць пра тых, хто паддаецца на такую дурнату і ставіць лайкі, – няма ні часу, ні патрэбы цікавіцца імёнамі. Але адзін прыклад віртуальнай “любові” прывесці магу: пад здымкам хворага, змучанага бяздомнага сабакі ўсё з той жа тэмай “Не лайкнеш – у цябе няма сэрца” лайк той паставіў добра знаёмы чалавек, які не толькі за ўсё сваё жыццё не дапамог ніводнай няшчаснай кінутай жывёліне, але і ўласнага сабаку, узятага здаровым тоўсценькім шчанючком, давёў да такога стану, што, каб пакутніка тайком не адвязалі, не забралі да сябе і не выходжвалі ці не месяц добрыя людзі, той банальна памёр бы ад голаду і холаду.

Недарэчна. Прыкра. І страшна ад таго, што сурагатныя пачуцці ўсё глыбей пускаюць свае карані. Яшчэ згадалася: у Даравальную нядзелю атрымала шмат інтэрнэтных карцінак і кранальных відэа з просьбай прабачыць крыўды. Сама разаслала такія ж. А агеньчыкі ў душы зацепліліся толькі ў тых нямногіх выпадках, калі патэлефанавала асабліва дарагім людзям і, як на споведзі, шчыра папрасіла даравання, прыпамінаючы менавіта тое, за што перад імі сорамна, і калі гэтак жа зрабілі ў дачыненні да мяне. Астатняе ж – пустое, нібы і не было нічога. Як гаворыцца, ні для розуму, ні для сэрца. А тады для чаго?

Алена НЕСЦЯРОНАК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *