Интересные направления деятельности выбрал руководитель КФХ «Докшицкая станица»

dscn3165

Бярэшся за гуж – ацані, ці дуж. Так перайначыў вядомую прыказку Віктар Копасаў – кіраўнік СФГ “Докшыцкая станіца”, якая размяшчаецца на тэрыторыі Параф’янаўскага сельсавета. Варта адзначыць, што гэты надзвычай энергічны, прадпрымальны, эрудыраваны чалавек узяўся адначасова за некалькі “гужоў”, і, падобна на тое, паспяхова.

Біяграфічная даведка. Віктар Копасаў нарадзіўся і пэўны час жыў у Расіі. Выпускнік Калінінградскага інстытута народнай гаспадаркі па спецыяльнасці “ўлік прамысловасці”. Займаў пасаду намесніка дырэктара Калінінградскага аўтазавода.
У 80-ыя пераехаў у Мінск і працаваў у Акадэміі навук БССР. У 90-ыя арганізаваў уласную кампанію. Ад Мінскага аўтазавода быў накіраваны ў Іарданію, дзе з калегамі распрацаваў новы аўтамабіль – МАЗ Jordan. Пасля два дзесяцігоддзі жыў у Кіеве, кіраваў будаўніча-мантажным упраўленнем. З пачаткам канфлікту ва Украіне вярнуўся ў Мінск.

Зразумела, што для чалавека, які ўсё сваё жыццё дзейнічаў не толькі актыўна, але і маштабна, жыццё сярэднестатыстычнага пенсіянера з праглядам тэлеперадач, гуляннем у парку з сабакам і іншымі такога роду складнікамі дня ўяўлялася смерці падобным.

– Хацеў вырвацца з горада бліжэй да зямлі, і сярод розных варыянтаў майго будучага сельскага пражывання найбольш прывабным падаўся тут, у Докшыцкім раёне, у маленькай вёсцы з прыгожай назвай Лібараўшчына, – распавядае Віктар Пятровіч. – Купілі – гавару ў множным ліку, бо маю памочнікаў па фінансавай частцы – тут хаціну з зямельным участкам, а таксама будынак былой школы ў Юркаўшчыне і яшчэ тры гектары зямлі. Напачатку думаў заняцца вырошчваннем буякоў (голубики. – Аўт.), гэту тонкую справу апрабаваў на Брэстчыне. Але, вывучыўшы запыты, адмовіўся ад задумы, як і ад вырошчвання чорных парэчак. Думаю, не памыліўся, зрабіўшы стаўку на іншыя кірункі.

Віктар Пятровіч пастаянна жыве на докшыцкай зямлі трэці год. Цепліць печкі ў сваёй хатцы халоднай парой, чакае прыезду родных на выхадныя і актыўна развівае справу. У школьны будынак, які, кажа, з часам стане штабам і разам з тым будзе выконваць функцыі прамыслова-складскога прызначэння, завезена каля 50 мільёнаў каліфарнійскіх чарвей для вытворчасці біягумусу, у ААТ “Докшыцкі райаграсэрвіс” закуплена 80 тон арганікі, зроблены пітомнікі. Пачатак пакладзены, і менавіта вытворчасць вадкага біягумусу плануецца зрабіць асновай, стрыжнем дзейнасці СФГ “Докшыцкая станіца”. Зразумела, Віктар Пятровіч і яго паплечнікі не працуюць усляпую – тэхналогію гэтай вытворчасці асвойвалі ў Белгарадзе, у Чачэнскай Рэспубліцы. Укараніць яе ў нашых рэаліях дапамаглі вучоныя Жодзінскага інстытута земляробства. Першыя станоўчыя вынікі ўжо ёсць.

– Земля – мать богатства, а труд его отец, – цытуе суразмоўца выказванне Карла Маркса і тут жа дадае: – Гэта калі падыходзіць да справы з розумам.

Фермер адзначае, што ў Беларусі вельмі ўважліва і чуйна адносяцца да праяўленых ініцыятыў. Прынамсі, ён адразу ж знайшоў падтрымку ў райвыканкаме і на месцы, у сельвыканкаме.

– Са старшынёй Валерыем Казіміравічам Навумчыкам мы паразумеліся адразу і дзейнічаем, як мне здаецца, на карысць агульнай справы. Дамовіліся, што я стану своеасаблівым “чысцільшчыкам”: са сваёй камандай буду акуратна разбіраць трухлявыя дамы і пабудовы, выкарчоўваць дрэвы, пакідаючы ўчасткі зямлі, якія можна будзе без праблем увесці ў севазварот. Мне ж усё гэта патрэбна для другога кірунку дзейнасці – вытворчасці вугалю для мангалаў і барбекю. Яна ўжо ідзе поўным ходам, да 12 тон у месяц. Бярозу, вольху, яблыню спальваем на вугаль у спецыяльных аб’ёмных бочках – для гэтага і нарыхтоўваем такім гаспадарчым спосабам дровы.

Вытворчасць вугалю для мангалаў і барбекю.

Вытворчасць вугалю для мангалаў і барбекю.

Яшчэ Копасаў займаецца вытворчасцю камбікорму: закупіў 20 тон збожжа, уласнаручна перамолвае яго на электрычным млыне, дадае самыя розныя шроты, фасуе ў мяшкі і рэалізуе насельніцтву. Хтосьці прыязджае да фермера сам, а ў асноўным ён дастаўляе сваю прадукцыю па заяўленых адрасах. Адзначае, што вялікім попытам у вяскоўцаў карыстаецца таксама заменнік цэльнага малака.

У гэтым годзе няўрымслівы прадпрымальнік завёў трусоў – іх цяпер паўсотні. Кажа, “прабіў” рынак – дужа перспектыўная справа, будзе ў ёй актыўнымі тэмпамі расшырацца. Да ўсяго Віктар Пятровіч зараз скрупулёзна вывучае тэхналогію вырошчвання часнаку, каб у хуткім часе пачаць займацца і агародніцтвам – зямлі для гэтага дастаткова. Са складанасцей адзначае толькі недахоп і цякучку кадраў, бо працуюць у яго мясцовыя жыхары: хто ўжо на пенсіі, хто так званы “вольны слухач” – адзін дзень прыйшоў, на другі няма. Тым не менш прадпрымальнік і гэту праблему спадзяецца ліквідаваць. Упэўнены: нічога невырашальнага няма, а галава дадзена, каб думаць.

Лінію вырабу біягумусу Віктар Пятровіч запрасіў нас паглядзець улетку, калі набяруцца неабходныя абароты. Абавязкова прыедзем! Развітваючыся, пытаемся, ці не цяжка спраўляцца з такой клопатнай гаспадаркай.

– Што вы, – усміхаецца новаспечаны вясковец. – Жыву і атрымліваю ад жыцця задавальненне!

І мы таксама атрымалі задавальненне – ад знаёмства з чалавекам, які проста фантануе ідэямі і задумамі. Няхай усе яны здзяйсняюцца.

Алена НЕСЦЯРОНАК.

Фота Вячаслава Чарвінскага.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *