В Докшицком районе яровые культуры посеяны на 43,1 % площадей

img_3187

Пасяўная кампанія ў раёне імкліва набірае абароты. Лідарам сярод сельгаспрадпрыемстваў на сённяшні дзень з’яўляецца ААТ “Барсучанка”, дзе яравыя збожжавыя культуры пасеяны больш чым на васьмідзесяці працэнтах плошчаў. Гэта дастаткова значны адрыў ад астатніх гаспадарак. “Асаблівага сакрэту поспеху няма, – сціпла заўважыў пры сустрэчы перадавы механізатар “Барсучанкі” Юрый Панамароў, які святой справе сейбіта аддаў не адно дзесяцігоддзе сваёй працоўнай дзейнасці. – Належным чынам падрыхтаваная тэхніка, наяўнасць неабходнай колькасці паліва і пагодныя дні, калі сонца і вятры падсушваюць вільготную глебу і даюць магчымасць сеяць без праблем і прастояў – гэта галоўнае, а ўсё астатняе нам па сіле”. І ў словах гэтых няма ніякага сумнення – дастаткова толькі паназіраць, як віртуозна ўпраўляе механізатар магутным МТЗ-3522 з пасяўным агрэгатам АПП-6Д, якія раўнюткія палосы засеянай нівы пакідае за сабой следам, не маючы ў кабіне аніякага бартавога камп’ютара, але маючы майстэрства, вопыт, зоркае вока і ўпэўненыя рукі хлебароба-сейбіта.

Па стане на 21 красавіка ў раёне яравая сяўба праведзена на плошчы 2774 гектары, што складае 43,1 працэнта да плана. Найбольш засеяна ніў у ААТ “Таргуны” – 726 гектараў, але ў гэтым сельгаспрадпрыемстве і самыя вялікія плошчы, адведзеныя пад яравыя культуры, – 2000 гектараў. Вялікі аб’ём работ і ў ААТ “Докшыцкі райаграсэрвіс” – сяўбу неабходна ў аптымальныя тэрміны правесці на 1150 гектарах. На сёння гэта зроблена на 508-і – трэці паказчык па тэмпах. На другім жа месцы ААТ “Бягомльскае”, дзе яравыя пасеяны на 56 працэнтах плошчаў. Гэта гаспадарка завяршыла падкормку азотам азімых збожжавых, набліжаюцца да заканчэння такія работы ў ДП “Гняздзілава-Агра”, актыўна вядуцца ў ААТ “Докшыцкі райаграсэрвіс”, ААТ “Таргуны”, ДП «АграСітцы». У “Таргунах” вельмі аператыўна вядзецца сяўба яравога рапсу, пад які адведзена 500 гектараў. Столькі ж плануюць пасеяць гэтай каштоўнай культуры і ў ДП “Гняздзілава-
Агра”, дзе таксама ўжо прыступілі да справы. Найскладаней на сённяшні дзень працаўнікам КУП “Докшыцкі”, дзе разгарнуць сяўбу на ўсю моц не дазваляе вялікая вільготнасць на большасці ўчасткаў. Але і там выкарыстоўваюць кожную магчымасць вывесці тэхніку ў поле, і амаль трэццяя частка палёў засеяна.

Алена НЕСЦЯРОНАК.

Фота Вячаслава ЧАРВІНСКАГА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *