Бум на букеты из сирени охватил и Докшицы

photo_2023-05-31_16

Белы, фіялетавы, ружовы, пурпурны… З пазнавальным галавакружным водарам вясны… Гэта ўсё ён, прыгажун бэз, пара цвіцення якога зараз у самым разгары. Усыпаныя яркімі кветкамі кусты проста зачароўваюць, імі можна любавацца бясконца. У сацыяльных сетках у гэтыя дні з’яўляюцца цэлыя серыі здымкаў з “бэзавай” фотазонай.

Шкада, што многія не абмяжоўваюцца толькі сузіраннем або фатаграфаваннем прыроднай прыгажосці. Яны так і імкнуцца сарваць галінку ледзь не з кожнага куста. Між іншым, у адпаведнасці з Законам “Аб раслінным свеце”, за гэта можна атрымаць штраф, і немаленькі – да 50 базавых велічынь (ад 185 да 1850 рублёў). Менавіта таму ў гарадскіх парках, на зялёных тэрыторыях уздоўж вуліц, усюды, дзе кусты бэзу высаджаны як дэкаратыўны аб’ект, абломваць галінкі нельга. Больш за тое, у Законе прапісана права карыстальніка зямельнага ўчастка патрабаваць кампенсацыі страт, прычыненых з-за пашкоджання або знішчэння аб’ектаў расліннага свету або іх частак.

У нашым раёне бэз таксама нярэдкі жыхар: расце і на ўласных панадворках, і проста побач з тратуарамі. Часта даводзіцца назіраць карціну: прахожыя мімаходам зрываюць галінкі, а потым раскрышаныя суквецці валяюцца пад нагамі. У адказ на зробленую заўвагу некаторыя кідаюць, што для кустоў бэзу абломванне галінак з кветкамі ідзе на карысць, бо пасля такой “працэдуры” на наступны год цвіценне будзе больш пышным. Можа, так. Але ж калі дзясяткі самавучаных “садоўнікаў” проста дзеля забавы сарвуць кветачку, што застанецца ад куста?

Спецыялісты сцвярджаюць: неакуратнае зрыванне, без выкарыстання спецсродкаў (напрыклад, секатара), можа прывесці да пашкоджвання расліны. Суквецці выконваюць важную функцыю ў размнажэнні кустоўя, таму, абламаўшы вялікую колькасць галінак, у наступным годзе можна не дачакацца цвіцення ўвогуле. Звычайна праводзіцца санітарная абрэзка – зламаных, сухіх, зусім старых або дробных аслабленых. А тое, што даводзіцца назіраць, інакш як варварствам не назавеш: тырчаць абламаныя, з пашкоджанай карой галінкі, якія не маюць нічога агульнага з дэкаратыўнасцю.

І яшчэ, з асабістых назіранняў. У адным з двароў расце бэз у выглядзе дрэва. Так-так, дрэва, метраў пяць у вышыню. Крона з суквеццямі пачынаецца на ўзроўні выцягнутай угору рукі, і зрываць галінкі не ўяўляецца магчымым. Бэз пышна цвіце, і, відаць, не патрабуе пабочнай дапамогі, каб выглядаць вясной прыгожа.

Вельмі лёгка, ідучы мімаходзь, наламаць бэзу і не задумвацца, што кімсьці ён пасаджаны для хараства, для радасці. Прычым не толькі асабістай. Мы ж не абдзіраем куст, які расце на ўласным падворку, хаця закон гэта і дазваляе. Дык навошта псаваць тое, што робяць іншыя? Можа, усё ж такі справа тут не ў штрафе, а ў асабістай культуры людзей?

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *