Уроженка Бегомля Кристина Белявская: «Я — гид в декрете»

image-25-04-23-08-06-1

У пачатку вясны ў рэкамендацыях Інстаграм убачыла старонку сваёй зямлячкі Крысціны Бяляўскай. Памятаю гэту яркую, прыгожую, таленавітую дзяўчыну яшчэ з таго часу, калі яна вучылася ў Бягомльскай школе і друкавалася ў “Родных вытоках” як пазаштатны аўтар. Зазіраю ў профіль, а там у раздзеле пра сябе коратка, але ёмка: “Я – гід у дэкрэце”. Стала цікава. Чытаю першы пост, другі, трэці, пяты: “Як патрапіць на пляцоўку Беларусьфільм?”, “Як зэканоміць у вандроўцы?”, “Водная лесвіца за 20 кіламетраў ад Мінска”, “Індзейская вёска” ў Беларусі”, “Тры пакупкі ў машыну для вандровак з дзецьмі…” І чым далей, тым больш “чапляе”. Відавочна, што, каб не захапленне гісторыяй, з Крысціны атрымаўся б добры журналіст. Піша яна лёгка, без залішняй вады ў тэксце…

Падпісалася на старонку адразу ж. Колькі тыдняў назірала за блогам. Так бы мовіць, смакавала ўражанне. І не дарэмна. Нават за гэты час на старонцы стала нашмат больш падпісчыкаў, водгукаў, а абаяльная Крысціна радавала новымі тэкстамі, фотаздымкамі і відэаролікамі. Калі трэвел-блогер прыехала ў Бягомль да бабулі, дамовіліся сустрэцца.

– Давайце з месца, што называецца, у кар’ер: Крысціна, што прывяло вас у гіды?

– Ух. Трэба ж коратка?

– Ну, пажадана.

– Паспрабую. Пасля школы я паступаю на гістфак БДУ і пачынаю, што называецца, асвойвацца на мясцовасці. Спачатку – вылазкі па сталіцы. Усё элементарна: саджуся на трамвай, праязджаю ўвесь маршрут да канцавой, вяртаюся. Паралельна шмат чытаю пра гісторыю горада, яго вуліц. Потым выбіраюся ў больш доўгія падарожжы на аўтобусе ў Жодзіна, Барысаў, Заслаўе, Лагойск. Мая спецыяльнасць – “культурная спадчына і турызм”, таму дзесьці на курсе трэцім выкладчыкі арганізуюць для нас вандроўку ў старажытны Полацк. Але ж гэта не проста вандроўка. Студэнтаў чакае іспыт, бо ў аўтобусе з намі прадстаўнікі турыстычных кампаній. На кожным адрэзку шляху трэба правесці экскурсію. Маўляў, паглядзім, на што вы здатныя. Дзякую лёсу за тое, што ў гэтай паездцы не разгубілася і адважылася паспрабаваць сябе ў якасці гіда. Калі першы раз узяла мікрафон у рукі, стала так страшна, бо, шчыра прызнацца, у Полацку была ўпершыню, пра горад толькі чытала… Аднак пасля некалькіх сказаў у аўтобусе стала ціха. Страх перасіліў лёгкі агеньчык упэўненасці: атрымалася, зацікавіла, мяне слухаюць. З той паездкі прывезла свой першы турыстычны “Оскар” – падарунак за лепшае экскурсійнае суправаджэнне – кнігу “Прыпяцкі феномен”. Захоўваю яе як рэліквію, гэта мой сімвал веры ў свае сілы.

– І пасля гэтага здарыўся хэпі-энд – вас запрасілі стаць гідам?

– Зусім не. Пасля гэтага аднакурснік, які ўжо працаваў з турыстамі, параіў вывучыць аглядавую экскурсію па Мінску і не толькі. Так і зрабіла, а яшчэ прадоўжыла падарожнічаць па Беларусі. Вучоба, магістратура, паралельна атрыманне сертыфіката гіда. Праўда, маючы на руках сертыфікат, гідам не станеш – трэба, каб убачылі, даверылі, запрасілі, потым пакінулі водгукі арганізатарам тура. І тады, магчыма, цябе запросяць
зноў.

– Відавочна, што першая экскурсія самая памятная…

– Нават не ведаю, якая самая памятная. Самая дарагая, напэўна, тая, што самая цяжкая. Скажу, што найбольш складаныя маршруты па Беларусі – сямідзённыя туры. Гэта калі ты едзеш у Маскву, забіраеш турыстаў, “адкатваеш” па нашай краіне, потым вяртаеш іх назад. Было нават, што на зваротным шляху вязеш яшчэ адну групу. Гэта складана фізічна, маральна і, безумоўна, для такой экскурсіі інфармацыю трэба пастаянна абнаўляць. У нашай сферы на такіх маршрутах звычайна працуюць хлопцы, бо дзяўчатам складаней вытрымаць тэмп, ды і сем’і, дзеткі. Зараз і ў мяне маленькі сынок Жэнька, дык пакінуць яго дома на тыдзень вельмі праблематычна. Але ж, калі падрасце, вазьму яго з задавальненнем з сабой у падобнае падарожжа. Калі ж вярнуцца да першай самастойнай экскурсіі, то яна была для малодшых школьнікаў. Мяне спыталі: “З дзецьмі ўмееш кантактаваць?” Канешне ўмею. У мяне тры малодшыя сястрычкі, розніца з апошняй – 17 гадоў. З дзецьмі тады атрымалася на ўра, а вось давер настаўнікаў трэба было заслужыць. Аднак я – чалавек-спісак. У мяне кожная хвіліна на маршруце распісана, не лянуюся лішні раз паведаміць, патлумачыць. Абавязкова да пачатку паездкі тэлефаную дадаткова на ўсе кропкі прыпынку. Звяраю час, калі групу чакаюць, ці заказаны абеды, ці могуць быць якія змены ў раскладзе. За шэсць гадоў работы гідам хапала ўсякага. Чалавечы фактар – рэч упартая. Выручаюць мікрафон і пэўныя звесткі па-за стандартнай праграмай: для гэтага ў мяне таксама некалькі канспектаў, якія перачытваю перад паездкай.

– Як узнікла ідэя завесці турыстычны блог?

– Мой пачатак дэкрэта супаў з часам пандэміі. Скажу шчыра, многія калегі змянілі сферу дзейнасці, бо турыстычны бізнес стаяў. Добра, што зараз сітуацыя змянілася да лепшага. Дык вось, сынок падрос, а я зразумела, што ўсё роўна пастаянна адказваю на пытанні знаёмых. Напрыклад: Крысціна, куды паехаць, каб не проста Мір – Нясвіж (хаця, агаваруся, у гэтых гарадах ёсць такія найцікавейшыя месцы, якіх не будзе ў стандартнай праграме), ці ёсць у гэтай сядзібе дзіцячая пляцоўка, дзе набыць сувеніры ў розных райцэнтрах і ў якіх лакацыях лепш правесці фотасесію?.. З цягам часу мне стала зразумела, што менавіта пра гэта можна весці блог. Практычны блог. Карысны для людзей. Пра тое, што люблю, ведаю і з чым звязала прафесійнае жыццё. Да таго ж мы актыўна падарожнічаем з малышом па краіне. Я планую маршрут, даведваюся пра выгоды для адпачынку з дзецьмі, і мы зноў едзем у падарожжа. Яно, канешне, невялікае, дзень-два, аднак вельмі дапамагае ў паўсядзённасці, ды і матэрыял для блога назапашваецца. Займаюся гэтай справай толькі з пачатку года, і за гэты час на старонку Крысціна Бяляўская/Агляды і вандроўкі па Беларусі падпісалася тры з паловай тысячы чалавек. Самая вялікая ўдзячнасць, калі прыходзяць водгукі: мы скарысталіся Вашымі рэкамендацыямі, праехалі па складзеным Вамі маршруце і гэтак далей.

Зараз я працую над аўтарскім праектам – складаю зборнік з маршрутамі па Беларусі, у якім будзе пазначана, напрыклад, дзе пакінуць машыну, танна паабедаць, колькі каштуюць уваходныя білеты, якія цікавыя месцы і крамы ёсць у горадзе, чым заняць дзетак у вольны час і інш. Маршрутаў будзе некалькі. Абавязкова пратэсціруем спачатку самі.

– Дарэчы, як сям’я ставіцца да вашай дзейнасці?

– Бабуля з дзядулем, якога нядаўна не стала і па якім я вельмі сумую, вучылі быць самастойнымі, займацца тым, што да душы. Мне падаецца, яны ганарацца ўнучкамі. Сёстры – мая душа, першыя дарадцы, але і крытыкі таксама. Муж Саша праехаў са мной як з гідам на экскурсійным аўтобусе па большасці маршрутаў яшчэ ў так званы цукерачна-букетны перыяд. Бо застаць мяне дома па-іншаму было надта складана (усміхаецца. – Аўт.). Вельмі ўдзячна, што ён і верыць у мяне, і падтрымлівае ідэю з блогам. Яго бацькі і мая бабуля з разуменнем ставяцца да нашага імкнення ўбачыць краіну і часам нават адпускаюць у падарожжа на дзянёк-другі адных, бяруць клопат пра ўнука на сябе. Меркаванне, што падарожнічаць вельмі дорага, не зусім апраўданае. Паверце, гэта не так. Галоўнае – прадумаць маршрут згодна з тым бюджэтам, які маеш, і атрымаецца не даражэй, чым застацца на выхадныя з дзецьмі ў горадзе і забаўляць іх прысмакамі і цацкамі. Дзякую лёсу за тое, што мне пашчасціла з блізкімі.

Замест пасляслоўя. А я дзякую лёсу, што зноў сутыкнуў мяне з гэтай шчырай, разумнай і вельмі пазітыўнай дзяўчынай. Паверце, у яе зусім яшчэ маладым узросце было многа момантаў, з-за якіх можна было засумаваць і замест пазітыву вылучаць негатыў на навакольных. Аднак Крысціна не з ліку ныцікаў. Яна ўвесь час у руху. Зрабіла сябе сама. Дзякуючы ведам, працы і веры блізкіх. Ці не гэта тры складнікі поспеху, якія трэба прывіць сваім дзецям?

Наталля СТАШЭВІЧ.

Фота з асабістага архіва.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *