Фёдор Вдовенко, для которого Бегомль стал второй родиной, убегал из немецкого плена трижды

vdovenko-fyodor-alek

muzejФёдар Удавенка нарадзіўся ў 1908 годзе, па нацыянальнасці рускі. Да вайны працаваў выхавальнікам дзіцячага дома № 2 г. Дзямідава. З чэрвеня па лістапад 1941 года ваяваў на Калінінскім фронце у 49 корпусным артылерыйскім палку і ў 400 стралковым палку 89 стралковай дывізіі 19 арміі.

Галоўная задача, якая стаяла перад Калінінскім фронтам, – спыніць варожае наступленне ў паўночна-заходнім кірунку ад Масквы і ўтрымаць Калінін.

Пад Вязьмай Фёдар Аляксеевіч трапіў у нямецкі палон, дзе знаходзіўся да жніўня 1942 года – утрымліўваўся ў літоўскім горадзе Алітус. Пасля таго як удалося ўцячы, дабраўся да Бягомльшчыны, дзе ўступіў у партызанскі атрад Рамана Дзякава. Быў камандзірам узвода і роты 1 атрада брыгады “Жалязняк” да злучэння яе ў 1944 годзе з Чырвонай арміяй. Меў воінскае званне старшыны.

У 1939-1944 гадах вызваляў Заходнюю Беларусію і Літву, у снежні 1942-га – непасрэдна Бягомль.

Узнагароджаны медалямі “Партызану Айчыннай вайны” І ступені, “За перамогу над Германіяй”, “За доблесную працу ў Айчынную вайну”, юбілейнымі “20 гадоў Перамогі” і “50 гадоў Узброеных Сіл СССР”.

Бягомль стаў для Фёдара Удавенкі другой радзімай. Да канца сваіх дзён ён пражываў з сям’ёй на вуліцы Чырвонаармейскай.

Карэспандэнты “РВ” пабывалі ў яго доме. З 1989 года там ужо гаспадараць новыя жыльцы. Дом за гэты час змяніўся – прырос квадратнымі метрамі, адрамантаваны і аздоблены сучаснымі матэрыяламі. Вольга Сабалеўская засялілася сюды, калі яшчэ жонка Удавенкі не выехала да дачкі ў Мінск, і некаторы час жыла разам з ёю.

ылы дом Фёдара Удавенкі. Будынак справа – у мінулым  амбулаторыя, дзе працавала жонка партызана.

Былы дом Фёдара Удавенкі. Будынак справа – у мінулым амбулаторыя, дзе працавала жонка партызана.

– Цётка Тоня часта ўспамінала свайго мужа, – расказвае Вольга. – Казала, што Фёдар збег з палону толькі з трэцяй спробы, прычым у першы раз дагнаць яго дапамаглі службовыя сабакі. Апошні раз перабіраўся ракой. Паводле яе слоў, Фёдар Аляксеевіч быў вельмі прыязным да людзей. Яго любіла ўсё наваколле. У хаце збіралася шмат сяброў, спыняліся на начлег знаёмыя і нават здымаў пакой святар. Калі гаспадар памёр, гаспадыня ў гэты момант ляжала ў бальніцы. Вярнуўшыся дадому, яна стукала-стукала ў дзверы, ды так і не дастукалася…

– Добрыя былі людзі, – далучаецца да нашай размовы Іван Глазко, сусед Удавенкаў. – Фёдар уласнаручна будаваў гэты дом. Разам з жонкай паставілі на ногі дачку Ларысу. На рабоце ён займаў кіруючыя пасады.

Пад’ехалі мы і да былой калегі жонкі Фёдара Аляксеевіча – Веры Сяліцкай з Бягомля.

– Мы працавалі разам з Антанінай санітаркамі прыкладна ў 1957-1960-х гадах, – паведаміла жанчына. – Яе дом знаходзіўся побач з амбулаторыяй – паўхвіліны да месца работы. І сама яна была харошая па характары, і яе мужа хвалілі. Сур’ёзны быў чалавек, дзейсны, казалі.

– Адказным, строгім і справядлівым быў Фёдар Удавенка і ў партызанах, – пацвердзіла былы дырэктар Бягомльскага музея народнай славы Ала Каралевіч. – Пра яго шмат расказвала Марксіна (яна называла сябе Валянцінай, і ўсе таксама) Фабрычніна, якая знаходзілася ў яго ўзводзе. У 1941 годзе Валянціна прыехала з Кранштата да бабулі ў вёску Атрубок на канікулы, дзе і застала яе вайна. Трапіць дахаты не было ніякай магчымасці, таму ў 1942 годзе дзяўчына вырашыла пайсці ў партызанскі атрад. Удавенка апекаваў яе як бацька. Як і многіх сваіх байцоў.

Паясны рэмень Фёдара  Аляксеевіча – музейны экспанат.

Паясны рэмень Фёдара Аляксеевіча – музейны экспанат.

Пасля вызвалення раёна Валянціна трохі папрацавала ў Бягомльскім райвыканкаме, а затым вярнулася дамоў. Спярша ўладкавалася на завод, дзе працавала яе мама, а потым у ваенна-марское картаграфічнае ўпраўленне ў паўночнай сталіцы Расіі. Многае зрабіла для Бягомльскага музея – перадавала розныя патрэбныя матэрыялы. Пісала вершы, у тым ліку пра нашу Шунеўку. Вайна пакінула цяжкі адбітак на жыцці Валянціны Іванаўны, як і на ўсіх, хто прайшоў тую ліхасць.

…Наш герой быў чалавекам сціплым, але з цвёрдым характарам. Вёў за сабою, не хаваючыся за плечы таварышаў. Застаўся чалавекам і ў пасляваенны час, пра што сведчыць светлая памяць пра яго. Хай жыве гэтая памяць.

 Ніна КРУКОВІЧ.

Фота аўтара

і з архіва Бягомльскага музея народнай славы.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *