Можно ли в Докшицкой ЦРБ пройти диспансеризацию за один день?

img_4803

Настрой на медагляды ў насельніцтва так сабе. Шкада патрачанага часу, боязна ўрачоў. Страшна, што раптоўна выявіцца якаясьці хвароба. Лепш не ведаць – думаем мы. Лепш даведацца раней і павысіць шанцы на выздараўленне – упэўнены ўрачы. Карэспандэнт “РВ” праверыла на сабе абноўлены парадак дыспансерызацыі, зацверджаны з пачатку гэтага года.

За пяць месяцаў у ЦРБ выяўлена 32 новыя выпадкі анкалогіі, у тым ліку 5 захворванняў малочных залоз, з іх два – у мужчын. Усяго на ўліку знаходзіцца 687 анкалагічна хворых жыхароў раёна.

Паліклініка Докшыцкай ЦРБ адкрываецца ў 07.30. Тым не менш чарга па талоны нярэдка збіраецца на вуліцы перад уваходам ужо на пачатку восьмай гадзіны. Складаецца ўражанне вялікага ажыятажу. Але ж талоны можна заказаць і загадзя.

Для праходжання дыспансерызацыі асабіста я выбрала сераду – у гэты дзень не працуе медкамісія для кіроўцаў аўтатранспарту. Каб не сумаваць у “ранняй” чарзе, прыйшла ў 08.40. Ля акенца рэгістратуры стаяў усяго адзін чалавек. А значыць, у другое акенца я без чаргі. Рэгістратар сабрала для мяне неабходны “пакет” талонаў і іншых паперак, растлумачыла далейшы маршрут па паліклініцы.

Старт для кожнага пацыента даецца ў кабінеце дыспансерызацыі (№ 23а, раней ён называўся даўрачэбным). Перада мною – чатыры чалавекі, зайшла праз хвілін дваццаць.

У кабінеце з новай назвай і новая абстаноўка. Цяпер тут могуць прыняць адначасова тры чалавекі – гэта паскарае працэс прыёму. Медработнікі вызначаюць у пацыентаў рост, вагу, акружнасць таліі, разлічваюць індэкс масы цела, вымяраюць ціск (старэйшым за 40 гадоў – і ўнутрывочны), аглядаюць поласць рота. Найбольшая адметнасць – анкетаванне: ці маецца хранічнае захворванне, эрозіі на скуры і г.д. (са зместам анкет можна пазнаёміцца на сайтах Міністэрства аховы здароўя і Докшыцкай ЦРБ). Даныя медработнік уносіць у электронныя формы, і тут жа пацыентам прыходзіць на тэлефон SMS з “дзякуй” ад Міністэрства аховы здароўя. Па выніках анкетавання пацыенты атрымліваюць накіраванні на дадатковыя абследаванні.

Далей – флюараграфія. Затым здача аналізаў. Дарэчы, асобам ад 50 да 60 гадоў патрэбна здаць аналіз калу на скрытую кроў.

Абавязковы візіт для жанчын – да гінеколага або ў аглядавы кабінет. Мужчыны накіроўваюцца да хірурга. Яшчэ адзін агляд – на дэрматалагічныя захворванні. А пасля 15.30, калі будуць гатовы вынікі аналізаў, нас чакае тэрапеўт.

У першай палове дня на праходжанне медагляду я затраціла трохі больш за тры гадзіны. Мой час зацягнулі ў тым ліку пару чалавек, якія нахабна ішлі без чаргі.

І вось у 16.00 я ўжо ў тэрапеўта, урача агульнай практыкі. Урач праслухоўвае лёгкія, задае пытанні пра самадчуванне, расшыфроўвае вынікі аналізаў і дае рэкамендацыі.

Апошні этап – подпіс даведкі. Заходжу да загадчыцы паліклінікі Валянціны Вешторт.

– А я якраз хацела вам тэлефанаваць па пытаннях дыспансерызацыі, – сустракае мяне Валянціна Мечыславаўна. – Трэба яшчэ раз праз газету нагадаць пра важнасць выяўлення фактараў рызыкі развіцця хвароб, на што і накіравана “дыспансерызацыя па-новаму”. Насельніцтву пажадана актывізавацца. За пяць месяцаў гэтага года поўнасцю завяршылі дыспансерызацыю толькі 32,92 працэнта дарослых: 5787 з 17 574. І 26,23 працэнта дзяцей: 1010 з 3850. Звярну ўвагу на некаторыя праблемы. Так, многія жанчыны адмаўляюцца ад мамаграфіі – магчыма, таму, што дзеля даследаванняў патрэбна ехаць у Глыбокае (між тым, гэта дастаткова дарагі від даследаванняў, а па накіраванні робяць яго бясплатна! – Рэд.). У той жа час рак малочнай залозы займае адно з лідзіруючых месцаў у свеце сярод анкапаталогій. Не ўсе здаюць аналізы калу на скрытую кроў, а гэта ж класічны тэст для ранняй дыягностыкі раку тоўстай і прамой кішкі. І напаследак: не ўсе здаюць аналізы добрасумленна, на пусты жалудак. У выніку мы трацім рэактывы і атрымліваем ілжывыя вынікі.

 У тэму

Пальпацыя – штомесяц

Якія сімптомы раку малочнай залозы праяўляюцца ў жанчын? Адказвае ўрач-анколаг ЦРБ Галіна Аўласевіч:

– Раннія прыкметы можна выявіць пры пальпацыі грудзей, якую рэкамендуецца выконваць жанчынам самастойна штомесяц. Звычайна першы сімптом – ушчыльненне ў грудзях. Сярод іншых – ацёчнасць і дэфармацыя залозы, уцягнутасць саска і выдзяленні з яго. Часам павялічваюцца падпахавыя лімфатычныя вузлы. Гэтыя прыкметы не абавязкова сведчаць пра злаякасны працэс, але ў такіх выпадках неабходна звярнуцца да ўрача.

Ніна КРУКОВІЧ.

Фота В. ЧАРВІНСКАГА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *