Малаком, тварагом, сырамі, маслам і згушчонкай радуе сваіх пакупнікоў параф’янаўская гаспадыня Лілія Бута
Як вы думаеце, якое малако жыхары зямнога шара ўжываюць найбольш? Не спяшайцеся адказаць, што гэта каровіна: паводле статыстыкі, 70 працэнтаў людзей рэгулярна п’юць казінае малако і ўжываюць малочныя прадукты на яго аснове. Важную ролю тут, вядома, адыгрывае меншая працаёмкасць утрымання гэтых жывёл. Але галоўнае – казінае малако лягчэй і лепш засвойваецца, не выклікае алергічных рэакцый, нашмат багацейшае на рознага роду карысныя рэчывы за каровіна, нармалізуе работу страўнікава-кішэчнага тракту, павышае гемаглабін, паляпшае зрок, валодае бактэрыцыднымі ўласцівасцямі, утрымлівае біялагічна актыўныя рэчывы. Лілія Бута прызнаецца, што разводзіць коз пачала гадоў дзевяць таму, калі забрала да сябе, каб даглядаць, пажылую хворую сваячку. І так уцягнулася ў гэту справу, што “збавіць абароты” не можа і да сённяшняга дня.
Вобраз Ліліі Станіславаўны, прыгожай жанчыны са светлай усмешкай, такой нейкай тургенеўскай у лёгкім паўпразрыстым адзенні, капялюшыку, ніяк не ўвязваецца з родам яе дзейнасці. Ёй бы блукаць па наваколлі з томікам Ахматавай, збіраць палявыя кветкі, вечарамі піць гарбату з сяброўкамі на верандзе пад задушэўныя размовы. А ўсё не так. Падняцца трэба раненька, падаіць статак коз, вывесці іх на пашу і праз гадзіны дзве-тры забраць зноў, зачыніць у хляве, папаіць, задаць корму. Спякота, па-першае, а па-другое, няма ніякага ратунку ад аваднёў ды сляпнёў: як толькі сонца ўзнімецца вышэй, аблепяць віславухіх прыгажунь, і тут ужо не да пашы. Вечарам – па тым жа алгарытме, толькі дойка ўжо ў канцы. Думаеце, цэлы дзень вольны? І пачысціць жа ў хляве трэба, і травы ўкасіць. А галоўнае – трэба ж перапрацаваць малако, рэалізаваць прадукцыю.
– Каб зрабіць партыю сыру, затрачваю крыху больш за суткі, бо працэс гэта больш складаны, чым работа з каровіным малаком, – распавядае чароўная параф’янаўская малочніца. – Тут і закваскі абавязкова патрэбны, і тонкасці тэхналогіі пэўныя ёсць. На некаторых этапах неабходны хуткасць і спрыт, на іншых – выключная акуратнасць. Калі гатуецца згушчанае малако, тры гадзіны ўвогуле ад пліты адысці нельга. Ну і – бытавое, нідзе не дзецца – бясконцае мыццё посуду і апаратаў.
Лілія Станіславаўна робіць розныя сыры як па гатунках, так і з рознымі дабаўкамі па просьбах пакупнікоў: хочаш – з кменам, хочаш – з зелянінай, хочаш – з цукатамі. Любы капрыз, як гаворыцца. Збівае і масла, хаця на яго, прызнаецца, заказаў менш з-за кошту. Уявіце сабе, што, каб зрабіць паўкіло масла, спатрэбіцца 15 літраў малака. Пачынала гаспадыня сваю малочную дзейнасць з коз зааненскай пароды, але ў хуткім часе, смяецца, адшкадавала грошы і набыла парачку нубійскіх, якія ў яе паспяхова размножыліся і даглядаць якіх адно задавальненне – настолькі яны ласкавыя, верныя,
разумныя.
– Сена вось толькі для іх сёлета з-за засухі набыла па высокай цане, – уздыхае суразмоўца. – Паўдня раскручвала рулоны і прыкладала тое сена ў хляве. Можа быць, што мой маленькі бізнес у сувязі з такой праблемай з кармамі выйдзе ўвогуле “ў нуль”. Але пакуль што не магу ад яго адмовіцца, хоць і планую пакрысе памяншаць аб’ёмы. Аднак люблю тое, чым займаюся, радуюся, калі людзям падабаюцца мае малочныя вырабы, усіх агітую ўжываць смачнае і карыснае казінае малако.
Р.S. Ведаеце, з дзяцінства мела стойкую непрыязь да казінага малака. Памятаю, як яго прыносіла суседка і мяне ўгаворвалі выпіць кубачак, ад якога яшчэ здалёк пахла (непрыемна – не тое слова) потнай жывёлінай. Гэта дзіцячае ўражанне адбілася ў падкорцы на дзесяцігоддзі і праяўлялася катэгарычным “не!” на ўсе далейшыя прапановы пакаштаваць дадзены прадукт. А тут рашылася. Скажу вам: ну вельмі смачны сыр! Рэкамендую. А пра карысць усе ведаюць.