Мария Руммо из Докшиц стала Почетным донором Республики Беларусь

img_5165

“Здавайце кроў, здавайце плазму крыві, дзяліцеся жыццём і рабіце гэта часта” – пад такім дэвізам праходзіць сёлетняя кампанія з нагоды Сусветнага дня донара крыві, які адзначаецца 14 чэрвеня.

У Докшыцкім раёне 134 актыўныя донары крыві. Сярод іх адзін ганаровы донар, каля 30 чалавек здалі кроў больш чым 30 разоў, і 6 чалавек – больш чым 35 разоў. Атрымаць нагрудны знак адрознення Міністэрства аховы здароўя “Ганаровы донар Рэспублікі Беларусь” маюць права грамадзяне, якім праведзена не менш за 20 бязвыплатных данацый крыві або не менш за 40 данацый кампанентаў крыві, а таксама не менш за 40 платных данацый крыві або не менш за 80 данацый кампанентаў.

Ганаровым донарам стала сёлета дакшычанка Марыя Румо, фармацэўт аптэкі ТАА “Міхалевіч”. За плячыма багаты стаж работы медыцынскай сястрой, але нават не гэта гуманная акалічнасць паўплывала на яе рашэнне стаць донарам дваццаць пяць гадоў назад.

– Я не магу растлумачыць словамі сваё імкненне, – кажа Марыя Аляксандраўна. – Сэрца кліча дапамагаць іншым.

Па розных прычынах былі ў яе донарскім жыцці паўзы, але зараз не збіраецца спыняцца на дасягнутым. На рахунку жанчыны – больш за 40 данацый. Цяпер яе трэцяя станоўчая кроў ідзе на вызначэнне групы крыві іншых донараў.

– Заўважыла, што здача дабратворна ўплывае на маё здароўе: адчуваю сябе бадзёрай, энергічнай, – кажа Марыя. – Як медык адзначу, што донарства карыснае для прафілактыкі многіх хвароб.

Далучыла да гэтай важнай справы і свайго мужа Алега Канапельку. А сын Артур шчыра шкадуе, што ў яго няма магчымасці пайсці па слядах сваіх родных. “Гэта мой боль”, – экспрэсіўна зазначыў ён. Ну, што сказаць? У гэтай сям’і сапраўдны “культ крыві” ў імя чужых жыццяў!

Марыя валодае дзіўным дарам спачуваць і да таго ж займаецца дабрачыннасцю. Да прыкладу, штомесяц на працягу апошніх пяці-шасці гадоў выпісвае дзіцячыя газеты ў пяць дамоў-інтэрнатаў вобласці. Апантана клапоціцца пра бяздомных кошачак і сабачак: падкормлівае, пералічвае сродкі на прытулкі для іх, у тым ліку выплаты за кроваздачы, бярэ дамоў на ператрымку.

Для катоў, якія прыжыліся ў двары яе дома, штодзень купляе пачачкі з ежай. “Можа, іх, адкормленых, з гладкай шэрсткай, хто-небудзь забярэ сабе”, – мяркуе Марыя. – Не прападаць жа ім”. Смяецца, што, магчыма, за такую шчодрасць ёй аддзячыць кашачы ці сабачы бог…

Але як бы там ні было, вялікае дзякуй Вам, Марыя, за шырокую душу, за неабыякавасць да ўсяго жывога на зямлі. Дай бог Вам моцнага здароўя.

Як стаць донарам? Адказвае Валянціна Вешторт, загадчыца паліклінікі Докшыцкай ЦРБ:

– Здаць кроў можа дзеяздольны грамадзянін без захворванняў, пры якіх проціпаказана донарства. У Докшыцах 3-4 разы на год забор ажыццяўляе Віцебская станцыя пералівання крыві. У чарговы раз абласныя спецыялісты прыедуць да нас 27 чэрвеня. Таму калі ласка ўсім жадаючым!

У людзей, якія здаюць кроў, зніжаецца рызыка ўзнікнення сардэчна-сасудзістых захворванняў. А па даных Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, донар жыве ў сярэднім на пяць гадоў даўжэй, чым астатнія.

Ніна КРУКОВІЧ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *