Стоматолог-хирург Докшицкой ЦРБ Лариса Галстян более 30 лет посвятила профессии
Зубны ўрач – адна з самых запатрабаваных і неабходных прафесій у нашым грамадстве. Здаровыя зубы не толькі прыгожая ўсмешка, але і адзін са значных фактараў правільнага функцыянавання ўсяго арганізма чалавека. Сучасная стаматалогія зрабіла велізарны крок наперад у плане свайго развіцця, але па-ранейшаму для многіх візіт да зубнога ўрача – стрэс. А калі гэта стаматолаг-хірург, які займаецца выдаленнем зубоў, то стрэс двайны.
… Стараючыся схаваць хваляванне, у кабінет Ларысы Галсцян заходзіць мужчына. Назіраючы збоку, як вядзе прыём доктар, разумееш, што яму таксама нялёгка ў рэжыме нон-стоп пераадольваць трывожнасць амаль кожнага пацыента. Тут трэба быць яшчэ і нядрэнным псіхолагам.
– Бывае, што дастаткова падчас прыёму размаўляць з чалавекам на абстрактныя тэмы, – гаворыць Ларыса Юр’еўна. – Некаторых даводзіцца супакойваць, іншых проста прасіць узяць сябе ў рукі, каб сумеснымі намаганнямі дасягнуць найлепшага выніку. Да кожнага падыход індывідуальны, і, маючы ўжо немалы вопыт, у асноўным атрымліваецца беспамылкова вызначыць псіхатып пацыента і ступень яго трывожнасці. Аднак, як бы ні паводзіў сябе чалавек на прыёме, урач абавязаны захоўваць спакой, быць ветлівым, ураўнаважаным, інтэлігентным і цярплівым. Гэтым правілам імкнуся кіравацца на працягу ўсёй сваёй прафесійнай дзейнасці.
Сёлета напярэдадні Дня медыцынскага работніка ў стаматалагічным аддзяленні Докшыцкай цэнтральнай раённай бальніцы адзначаны высокі прафесіяналізм і шматгадовая добрасумленная праца адразу двух урачоў: Ганаровая грамата раённага Савета дэпутатаў была ўручана загадчыку аддзялення Людміле Падгайскай, Ганаровая грамата раённага выканаўчага камітэта – хірургу-стаматолагу першай катэгорыі Ларысе Галсцян.
Ёсць і іншыя нюансы ў рабоце стаматолага, пра якія мы рэдка задумваемся, седзячы ва ўрачэбным крэсле. Гэта нагрузкі чыста фізічнага характару: нязручная поза, працяглае зрокавае напружанне. Аказваецца, у тых, хто лечыць зубы, і тых, хто займаецца іх выдаленнем, становішча цела прыкметна адрозніваецца і патрабуе перабудовы. Ва ўсякім разе, мая гераіня “прымервала” на сябе амплуа хірурга ці не паўгода, каб адчуць сябе больш-менш камфортна: перастройваліся рукі, плечы, шыя.
– Нязручнасці ўласныя, вядома ж, адступаюць на другі план перад галоўнай задачай – правесці аперацыю хутка, якасна і без болю, – працягвае суразмоўца. – Некалькі дзесяцігоддзяў таму, калі пачынала працаваць, не было ні анестэзіі такога ўзроўню, як зараз, ні абсталявання, ні прэпаратаў. Таму для нас, урачоў, зараз і работа, і яе вынікі, не пабаюся гэтага слова, – задавальненне. Ды і людзі старэйшых пакаленняў, якім даводзілася пабываць у стаматалагічных кабінетах у 80-90-ыя гады, дзесь на пачатку нулявых, могуць мае словы пацвердзіць, паколькі, як гаворыцца, адчулі розніцу.
Ларысу Галсцян лёс накіраваў да нас, у Докшыцы, ажно з далёкай Чукоткі, з горада Шахты, дзе яна нарадзілася і вырасла, дзе пачынала сваю працоўную дзейнасць у такім жа далёкім 1986-м пасля заканчэння Стаўрапольскага медінстытута. Паступіла туды, распавядае, з другой спробы, але, нават калі б і яна завяршылася няўдачай, працягвала б ісці да сваёй мэты. Пра мэтанакіраванасць і моцную волю гэтай, на першы погляд, мяккай, вытанчанай, з роўным ціхім голасам жанчыны сведчыць і той факт, што абедзвюх сваіх дачушак яна нарадзіла яшчэ будучы студэнткай і закончыла пры гэтым вучобу не браўшы акадэмічнага водпуску. Што тут скажаш? Цудоўна, што ўсё атрымалася і ў нашай бальніцы праз пэўны час – а адбылося гэта ў 1989 годзе – з’явілася ўрач-прафесіянал, чыім моцным і адначасова пяшчотным рукам можна спакойна даверыцца і ведаць: усё пройдзе належным чынам.
Ці займелі за тры з паловай дзясяткаў гадоў работы пацыентаў, якія ідуць да вас, як ходзяць, напрыклад, у тэатр на любімага акцёра, у цырульню да “свайго” майстра? – цікаўлюся. Светлы, з мяккімі, цёплымі рысамі твар Ларысы Юр’еўны яшчэ больш асвятляецца ўсмешкай:
– Так. Такіх людзей, якія ўжо нават сталі для мяне блізкімі, шмат. Іх колькасць расце, і гэта для мяне найвялікшая радасць, найвышэйшая ацэнка маёй працы, якую сапраўды вельмі люблю і ў іншай прафесіі сябе не ўяўляю.
– Выдатны спецыяліст, калега, якая заўжды прыйдзе на дапамогу, і проста добры чалавек, – так характарызуе сваю падначаленую загадчык аддзялення Людміла Падгайская.
– А ў нас увогуле ўвесь калектыў цудоўны, пра кожнага магу сказаць шмат харошых слоў: пра Люмілу Мікалаеўну, якая па-мацярынску нас апякае, пра сваіх калег-урачоў і сярэдні медперсанал, пра найпершую маю памочніцу медсястру Вольгу Вахавіч – пра ўсіх-усіх, хто працуе ў нашым аддзяленні,– гаворыць напрыканцы Ларыса Галсцян. – Лічу, мне, нягледзячы на ўсе жыццёвыя выпрабаванні, пашчасціла: займаюся справай у камфортных псіхалагічных умовах, маю сям’ю – любімага мужа, дачушак, пяцярых унукаў, жыву ва ўтульнай кватэры і з захапленнем “шуршу” на дачы, дзе і агароды, і цяпліцы, і кветнікі, час ад часу падарожнічаю з маімі роднымі. Чаго яшчэ можна хацець? Толькі здароўя, якога ўсім жадаю.
Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота аўтара.