Дирижером хлебо-булочного производства можно назвать начальника лаборатории Докшицкого хлебозавода

4

Дырыжор хлеба-булачнай вытворчасці. Падаецца, так вобразна-прыгожа можна назваць начальніка лабараторыі Докшыцкага хлебазавода інжынера-тэхнолага хлебапякарнай, кандытарскай і макароннай вытворчасці Святлану Чурко.

Гэта заўжды прыязная, ураўнаважаная, інтэлігентная жанчына з абавязкамі сваімі спраўляецца віртуозна, і не будзе перабольшваннем, што ў добрай славе докшыцкага хлеба, кандытарскіх вырабаў і высокім попыце на іх вялікая доля прафесіяналізму, творчага пачатку і майстэрства Святланы Аляксандраўны.

У хуткім часе Святлана Чурко адзначыць 25-годдзе сваёй працоўнай дзейнасці з адзіным запісам у працоўнай кніжцы. Чвэрць стагоддзя таму юная магіляўчанка Святлана, выпускніца ўніверсітэта харчавання, адна з лепшых студэнтак курса, спадзявалася на размеркаванне пасля атрымання дыплома ў Ліду. Ды кажуць: хочаш рассмяшыць Бога – раскажы яму пра свае планы. Апынулася ў Докшыцах з цвёрдым намерам адпрацаваць два гады і з’ехаць у свае краі. А тут здарылася каханне, і шчаслівы шлюб, і нараджэнне дачушкі. Паводле біблейскай запаведзі “Да прилепится жена к мужу своему” Святлана і асела ў нашым гарадку. Хлебазавод атрымаў выдатнага спецыяліста, а яна сама прырасла сэрцам да Докшыччыны і ніколі ўжо пра іншае месца жыхарства не думала.

Год малады спецыяліст адпрацавала майстрам змены, а з дэкрэтнага водпуску выйшла ў 2001-м ужо на пасаду начальніка лабараторыі. З цеплынёй і ўдзячнасцю ўспамінае сваю настаўніцу Людмілу Баляславаўну Сушко, якая ўзяла яе пад крыло. Калі акрэсліць абавязкі Святланы Аляксандраўны коратка, то гэта распрацоўка новых відаў прадукцыі, пастаноўка іх на вытворчасць і штодзённы кантроль за ёй. Да глыбокіх ведаў і прафесіяналізму тут патрэбны, канечне ж, вопыт, уменне арганізоўваць работу і, вобразна кажучы, трымаць нос па ветры, бо рынак – арганізм жывы і хутказменны.

– Бачым запыты нашых пакупнікоў, прыслухоўваемся да іх прапаноў і пажаданняў – і “танцуем” ад гэтага, – паглыбляе ў працэс дзейнасці завода Святлана Аляксандраўна. – Пры стварэнні новых гатункаў бяром сярэднюю рэцэптуру і адпрацоўваем розныя дазіроўкі інгрэдыентаў і дабавак. Спяклі, паспрабавалі, смачна – накіроўваем новы рэцэпт на зацвярджэнне ў “Хлебпрам”, дзе ўсё пралічваюць, зацвярджаюць у “Белтэхнахлебе” і Міністэрстве аховы здароўя. Толькі пасля гэтага запускаем новы гатунак у вытворчасць. Працуем у цесным кантакце з рознымі беларускімі фірмамі, напрыклад, “Араматыкай”, якая выпускае джэмы, “Каспіка”, дзе закупляем сумесі, у прыватнасці, для хлеба гатунку “Вурцэльброт”.

Суразмоўца адзначае, што, нягледзячы на папулярнасць у пакупнікоў, некаторыя віды прадукцыі час ад часу становяцца нерэнтабельнымі ў сувязі з ростам цэн на сыравіну. Тады работнікі лабараторыі мяняюць рэцэпты на падобныя. Патаннее сыравіна – зноў гатунак у вытворчасць. Так адбывалася некалькі разоў з любімым многімі хлебам “Кроманьскім”, а вось суперпапулярны батон “Цімкаўскі”, радуецца спецыяліст, без змен выпускаецца ўжо сёмы год.

Як добры аграном, раскусіўшы зярнятка, дакладна вызначае яго вільготнасць, так і Святлана Аляксандраўна можа вызначыць вільготнасць і некаторыя іншыя паказчыкі хлеба толькі глянуўшы на бохан, якасць закваскі – на смак, цеста – навобмацак. “Так што “касякі” не праходзяць”, – смяецца.

Праца Святланы Чурко за чвэрць стагоддзя неаднаразова адзначалася і на раённым, і на рэспубліканскім узроўнях. “Прыемна, калі цябе заўважаюць, цэняць твае намаганні, – гаворыць яна, – але яшчэ больш прыемна, калі працуецца камфортна. У нашым калектыве мы разумеем адно аднаго з паўслова, паміж намі добрыя, сяброўскія зносіны. Радуемся сумесным і індывідуальным поспехам, пахвальным водгукам на нашу прадукцыю, разам перажываем цяжкасці, вырашаем праблемы. Гэта – найдаражэй.

А калі Святлана Аляксандраўна выбіраецца з сям’ёй да сваёй матулі і радні на Магілёўшчыну, то абавязкова вязе з сабой запас докшыцкага хлеба. “Іншага есці не магу”, – кажа яе муж Сяргей Уладзіміравіч. І гэта, бадай, самая высокая ацэнка працы яе і яе калег.

НА ЗДЫМКУ: загадчыца лабараторыі хлебазавода Святлана Чурко (справа) з мікрабіёлагам Вольгай Суднік падчас правядзення даследаванняў.

Алена НЕСЦЯРОНАК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *