О любви к своей профессии рассказывает ветеринарный врач Анастасия Гулейко

1

Прафесія ветэрынарнага ўрача ў сучасных умовах рознабаковая і не абмяжоўваецца толькі аказаннем дапамогі “братам нашым меншым”. Між тым у аснове яе заўжды была і застаецца любоў да жывёлы. Без яе стаць высакакласным спецыялістам немагчыма, упэўнена выпускніца-чырвонадыпломніца Лужаснянскага аграрнага каледжа, студэнтка Віцебскай ветэрынарнай акадэміі Анастасія Гулейка.

З малых гадоў Насця не магла прайсці міма бяздомнага кацяняці ці шчанючка, параненай птушкі, вожыка, якога ў халодную пару хтось “падняў” са спячкі. Усіх гаротнікаў падбірала, несла дадому, даглядала, выходжвала, лячыла. Хтосьці пасля так і заставаўся жыць са сваім светлавалосым анёлам, хтосьці пераходзіў дзякуючы ёй у іншыя добрыя рукі, нехта адпускаўся, выздаравеўшы, на волю… Школьныя гады прамільгнулі, і, калі прыйшла пара вызначацца з прафесійным шляхам, дзяўчына не вагалася ані трохі: ведала ўжо, што стане ветэрынарным урачом.

Насця прагна ўбірала ў сябе веды, якія давалі выкладчыкі каледжа, была там на самым лепшым ліку. Тым не менш большасць выпускнікоў навучальных устаноў некалькі губляюцца, сутыкнуўшыся на першым месцы сваёй работы з тым, што называецца практыкай. Анастасія Гулейка, якая зараз працуе на МТК “Альхоўка” ААТ “Докшыцкі райаграсэрвіс”, “баявое хрышчэнне” ў гаспадарцы прайшла раней, бо ўжо была там на практыцы двойчы.

– Мне вельмі пашанцавала! – гаворыць малады спецыяліст. –  Вучыцца ў такіх высакакласных прафесіяналаў, як урачы  Сяргей Мікалаевіч Трус і Віталь Уладзіміравіч Канашыц, – вялікая ўдача. Удзячная ім бязмерна за падтрымку, не пабаюся гэтага слова, бацькоўскую апеку і, вядома, за тыя практычныя навыкі, якія з дапамогай іх атрымліваю. Усё, што напачатку насцярожвала і нават страшыла – а раптам не змагу? – зараз дзякуючы маім добрым настаўнікам стала зразумелым, звыклым, даступным і для майго ўмення. Многаму яшчэ вучуся, адкрываю кожны дзень штосьці новае. Ніколькі не расчаравалася ў сваім выбары, таму і вырашыла атрымаць вышэйшую адукацыю, стаць такім жа майстрам у сваёй справе, як Сяргей Мікалаевіч і Віталь Уладзіміравіч.

– А я з самага пачатку ўбачыў, што з Анастасіі будзе толк, – заглядвае ў кабінет і далучаецца да размовы Сяргей Трус. – Невыпадковы чалавек у нашай прафесіі, гэта дакладна. Таму, канешне ж, вучым, перадаём веды – рыхтуем сабе памочніцу, а пасля, магчыма, і змену.

– Мабыць, спіхнулі на навічка, як гэта часта бывае, львіную долю справаздачнай работы? – жартую.

– Не без гэтага, – смяецца ў адказ Сяргей Мікалаевіч. А Насця горача заступаецца за свайго настаўніка:

– Што вы, ён мяне так аберагае, дапамагае там, дзе цяжэй.

Асноўныя абавязкі маладога спецыяліста на “Альхоўцы” – прафілактыка захворванняў цялят, пачынаючы ад малочнікаў, і іх лячэнне. Пад яе апекай не адна сотня галоў. Спраўляецца. Бо справа, якой займаецца, любімая.

Тэкст і фота Алены НЕСЦЯРОНАК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *