Семейное счастье нашли в согласии и любви

6

На сямейным гербе, які дакшычане Наталля і Алег Кеда прадстаўлялі спачатку на раённым, а потым і на абласным этапе рэспубліканскага сельскагаспадарчага праекта “Уладар сяла”, яны пастараліся паказаць галоўнае, з чым сябе атаясамліваюць. На малюнку адлюстраваны тата і мама з двума дзеткамі. Побач – вялікі прыгожы дом, над якім ляцяць птушкі. Усё наўкол сагрэта яркім сонцам. Усе элементы малюнка аб’яднаны ў адно цэлае сэрцам, быццам паказваючы, што сямейныя адносіны тут будуюцца на любові, міласэрнасці, шчырасці і ўзаемапавазе.

Менавіта такімі – клапатлівымі і добразычлівымі – былі Кеды падчас кожнага конкурснага выпрабавання, увесь час падтрымлівалі адзін аднаго, падбадзёрвалі ўсмешкамі, абдымкамі і пяшчотнымі словамі.

–  Думаю, што толькі ўзаемаразуменне можа дапамагчы захаваць тыя цёплыя пачуцці, якія стаялі ля вытокаў кахання, – лічыць Наталля. – Вельмі важна жыць у згодзе і дзеля дзяцей, якія вучацца адносінам у бацькоў. Нашай старэйшай дачушцы Дарыне ідзе дзясяты год, малодшаму Мацвейку – пяты. Стараемся, каб яны раслі рознабакова развітымі, цікаўнымі і кемлівымі. Таму і самі вядзём актыўны лад жыцця. Дарыну, якая вучыцца ў Барсукоўскай БШ, падтрымліваем у розных школьных мерапрыемствах. Дарэчы, менавіта настаўнікі прапанавалі паўдзельнічаць нам у конкурсе “Уладар сяла”. Сёлета наша сям’я адзначыць дванаццацігоддзе сумеснага жыцця. Хаця знаёмства, адбылося на дыскатэцы ў маёй роднай вёсцы Гліннае намнога раней.

Наталля больш за дзесяць гадоў узначальвае аддзяленне паштовай сувязі ў Барсуках. Алег – індывідуальны прадпрымальнік. Дом, у якім жывуць Кеды, гаспадар сам перабудаваў з дзедавай хаты. Яшчэ адзін член сям’і – сабака Зара, якую забралі з пітомніка. Больш за ўсіх з чатырохлапым сябруе Дарына, якая нават навучыла яго спецыяльным камандам. А яшчэ дзяўчынка захапляецца спортам – займаецца дзюдо ў Докшыцкай СДЮШАР. Мацвей з задавальненнем наведвае дзіцячы сад, называе яго сваёй работай і стараецца ва ўсім пераймаць бацьку – быць самастойным і спраўным.

Больш за ўсё сям’я Кедаў любіць збірацца разам: схадзіць у царкву, прыгатаваць вячэру, навесці парадак у двары ці проста адпачыць.

Тэкст і фота Яўгеніі МАЛЕВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *