В ОАО «Докшицкий райагросервис» заканчивают сушку «чёрного золота»
“Паглядзіце, які мы сёлета вырасцілі рапс: ледзь не па гарошыне насенне!” – радуюцца агульнаму поспеху аператары зернесушыльнага комплексу ААТ “Докшыцкі райаграсэрвіс” Вячаслаў Селівон і Казімір Ючковіч. У гаспадарцы ўбралі і высушылі азімы ячмень, дасушваюць апошнія тоны “чорнага золата”, ураджайнасць якога склала, паведаміла галоўны аграном Надзея Касцюк, 20,3 цэнтнера з гектара.
Сушылку часта параўноўваюць з прыіскам: такая ж цяжкая праца, пыл, за якім ззяе золата. А нашы продкі яшчэ казалі: не той хлеб, што ў палях, а той, што ў засеках. Такім чынам, зернесушыльны комплекс – самае сэрца збожжавага канвеера, і асноўная задача аператараў, якія на ім працуюць, – адправіць у вышэйзгаданыя засекі сабраны ўраджай у выдатным стане.
“Ніколі агранамічная служба не рабіла нам заўваг па якасці”, – сціпла гаворыць Вячаслаў Селівон. Вячаслаў Зыгмундавіч мае велізарны вопыт: на збожжатаку стаў працаваць з трынаццаці гадоў і вось ужо тры з паловай дзясяткі гадоў годна трымае марку ў гэтай справе. Пяты сезон у камандзе і Казімір Аляксандравіч, які ўжо знаходзіцца на заслужаным адпачынку, але ў дапамозе свайму сельгаспрадпрыемству ніколі не адмаўляе. На змену работнікам прыходзяць Аляксандр Ючковіч і Мечыслаў Грыгаровіч. Брыгада з райаграсэрвіса шмат разоў станавілася пераможцай у раённых спаборніцтвах сярод аператараў зернесушыльных комплексаў.
– На першы погляд, у нашай працы нічога асабліва складанага няма, – распавядае пра тонкасці прафесіі Вячаслаў Зыгмундавіч. – Большасць часу мы знаходзімся ў аператарскай, сочым за паказаннямі аўтаматычнай сістэмы кантролю. Збожжа паступае зверху і, паступова апускаючыся, сушыцца. Бачым паказчыкі тэмпературы на трох узроўнях засыпкі: верхнім, сярэднім і ніжнім. Важна не перасушыць зерне і не дапусціць, каб яно выйшла з сушылкі з перавышэннем узроўню вільготнасці. Загрузка-выгрузка вядзецца аўтаматычна. Аднак тэхніка ёсць тэхніка, і без чалавека ёй належным чынам усё не зрабіць. Прывозіцца, напрыклад, некалькі машын збожжа з вільготнасцю 17 працэнтаў, а яшчэ некалькі – 25. Сушэйшае ў камеры хутка нагрэецца да 50 градусаў, а больш вільготнае толькі да 35-і. І тут ужо трэба думаць і паступаць па-рознаму: хуткасць засыпкі памяншаць, павялічваць тэмпературу, зноў закідваць наверх сырое зерне, калі слой пад ім ужо прасушыўся…
Прагноз надвор’я на бягучы тыдзень аператараў, вядома, не радуе: збожжа ў сувязі з дажджамі будзе больш вільготным. Але тэмпы жніва, адзначаюць, дазваляюць працаваць у размераным рытме і якасна выконваць работу.
Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота Вячаслава Чарвінскага.